Беларуская Служба

Марыя Калеснікава – лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Яна Карскага

23.06.2021 08:02
Прэмія Spirit of Jan Karski Award 2021 прызнаная за абарону свабоды, годнасці і права беларускага грамадства жыць у свабоднай і суверэннай краіне.
 ,
Таццяна Хоміч, сястра Марыі КалеснікавайЛ.Вялічка/radyjo.net

Прэмія Spirit of Jan Karski Award 2021 – за абарону свабоды, годнасці і права беларускага грамадства жыць у свабоднай і суверэннай краіне – прызнаная зняволенай беларускай апазіцыянерцы Марыі Калеснікавай.

22 чэрвеня ўзнагароду атрымала сястра лаўрэаткі Таццяна Хоміч.

Міжнародная прэмія «Дух Яна Карскага», заснаваная ў Нью-Ёрку Адукацыйным фондам Яна Карскага ў Варшаве і Адукацыйным фондам Яна Карскага ў ЗША, была ўручана другі раз.

«Я перакананы, што Ян Карскі прыняў бы наш выбар», – сказаў Анджэй Роек, старшыня Савета абодвух фондаў.

Прафесар Цімаці Гартан Эш, брытанскі гісторык і выбітны эксперт па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, які выступіў з прамовай-абгрунтаваннем падчас цырымоніі ўручэння прэміі, дадаў: «Калеснікава з'яўляецца адным з герояў вялікай мірнай барацьбы за свабоду ў Беларусі. Цяжка ўявіць, каб хтосьці больш заслужыў гэтую ўзнагароду».

Міжнародная прэмія Spirit of Jan Karski Award уручаецца за адстойванне чалавечай годнасці і правоў. За грамадзянскую мужнасць і дзеянні ў духу агульначалавечых каштоўнасцяў, якімі кіраваўся Ян Карскі, эмісар Польскай падземнай дзяржавы.

Ян Карскі (на самай справе Ян Казялеўскі) нарадзіўся 24 чэрвеня 1914 г. у Лодзі. Падчас Другой сусветнай вайны, будучы курʼерам польскага падполля, ён адным з першых прадставіў саюзнікам паведамленне пра знішчэнне яўрэяў у акупаванай Польшчы.

Рызыкуючы жыццём, ён здолеў двойчы патрапіць у гета, а потым у пераходны лагер каля Белжэца. Як відавочца генацыду яўрэяў, ён сустрэўся з кіраўнікамі дзяржаў, палітыкамі і ключавымі саюзнымі арганізацыямі, спрабуючы пераканаць іх дзейнічаць рашуча. Вядомы як чалавек, які спрабаваў спыніць Халакост.

ав