Беларуская Служба

Павел Латушка: Мы знаходзімся ў сітуацыі сталінскіх рэпрэсій. Беларусь і беларусы вярнуліся ў 37-ы год

01.02.2022 17:03
Улады Беларусі распачалі персанальны і публічны пераслед дыпламата, былога міністра культуры, кіраўніка Купалаўскага тэатра, а цяпер кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.
Аўдыё
  • Павел Латушка: Ідзе ціск па прозвішчы, прыналежнасці да сям’і.
Paweł Łatuszka
Paweł ŁatuszkaPAP/Tomasz Gzell

Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка падчас свайго паслання заявіў, што беларусы, якія з’ехалі з краіны, мусяць вярнуцца дадому, пакаяцца і панесці пакаранне за свае дзеянні.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і становіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду, хаця б часткова, таму што [кампенсаваць] тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы запрацуеце наперад за сваё жыццё», – сказаў Лукашэнка.

Слухайце адлучаны файл!

Аднак некаторым з тых, хто прыпаўзе на каленях, прыйдзецца сесці.
«Мы створым грамадскую камісію і будзем арыентавацца на рашэнне гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашы парламентарыі ‒ дэпутаты і сенатары. Сустаршынямі могуць быць генпракурор, ну і наш «вястун» Рыгор Азаронак. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему».

Таксама прагучала думка пра маёмасць тых людзей, якія з’ехалі. Што ўлада не пакіне гэта так, як ёсць.

Вечарам таго ж дня стала вядома, што на Яну Латушка – дачку Паўла Латушкі – завялі крымінальную справу і арыштавалі кватэру, якая на яе аформленая. Учора быў затрыманы стрыечны брат Паўла Латушкі Анатоль Латушка.

Павел Латушка гаворыць, што Лукашэнка, пераследуючы сваіх апанентаў, хоча вярнуць свой Status quo ў грамадстве, прыхільнасць людзей, знішчыць апанентаў.

Па словах кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, факты ціску на яго дачку і стрыечнага брата – не адзіныя рэпрэсіўныя захады супраць яго сям’і.

– У адносінах да некаторых блізкіх прымененыя санкцыі ў выглядзе звальнення, аднаго сваяка прымушалі зрабіць запіс на камеру, што мяне асуджае. Ён адмовіўся і быў звольнены. Ідзе ціск па прозвішчы, прыналежнасці да сям’і. Я думаю, што з улікам інфармацыі, якая была апублікаваная ўчора ў праўладным Тэлеграм канале з заяваю, што бліжэйшым часам ён распавядзе на камеру цікавыя рэчы пра мяне. Гэта значыць, што яго будуць катаваць. Але мы з ім даўно не бачыліся, не кантактавалі. Апошні раз да майго ад’езду паслом у 2012 годзе. Я апелюю да праваабарончых арганізацый прызнаць яго палітвязнем, як і тых асобаў, якія былі затрыманыя разам з ім.

Апроч гэтага Павел Латушка раней заяўляў, што невядомы чалавек яму наўпрост пагражаў забойствам, увогуле пагрозы паступаюць увесь час.

«Я падаў заяву раней наконт завядзення крымінальнай справы. Яна расследуецца. Што тычыцца аховы, то я спадзяюся, што ўлады Польшчы прымаюць усе неабходныя захады, каб было бяспечна не толькі мне, але і ўсёй камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення», – кажа Латушка.

Аб’яднанне былых сілавікоў Беларусі ByPol завіла, што раскрыла Вячаслава Быстрова, які быў адпраўлены ў Польшчу ў якасці беларускага агента для фізічнай ліквідацыі былых сілавікоў, а таксама Паўла Латушкі. У Беларусі Быстроў быў шматразова судзімы. Прадстаўнік ByPol, падпалкоўнік Аляксандр Азараў гаворыць, што Быстрова сілавікі прыцягвалі для распрацоўкі палітычных зняволеных і тых, хто праходзіў у найбольш значных крымінальных справах па лініі ГУБАЗіК. Цяпер гэтым чалавекам займаюцца польскія спецслужбы.

вх