Беларуская Служба

Расія мусіць выплаціць Грузіі кампенсацыю за вайну 2008 года

15.10.2025 08:07
Еўрапейскі суд па правах чалавека абавязаў Расію выплаціць Грузіі кампенсацыю, якая перавышае 253 мільёны еўра, за страты, звязаныя з наступствамі вайны 2008 года.
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z https://www.echr.coe.int/

Суд пастанавіў, што кампенсацыя павінна быць выплачана грузінам, якія пацярпелі ў выніку ўстанаўлення часовай лініі размежавання паміж уласна Грузіяй і сепаратысцкімі рэгіёнамі Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй.

У выніку вайны 2008 года тысячы грузінскіх сем'яў пакінулі Паўднёвую Асецію і Абхазію, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць. Часовая лінія размежавання пазбавіла грузінаў, якія жывуць паблізу акупаванай зоны, доступу да палёў і садоў. Жыхары гэтых раёнаў неаднаразова падвяргаліся абстрэлам, затрыманням і катаванням. Фермеры з вёскі Эргнеці, размешчанай адразу за мяжой, пацвердзілі ў інтэрв'ю Польскаму радыё, што іх пераследуюць расійскія салдаты і ваенізаваныя сепаратысцкія групоўкі.

Паводле Еўрапейскага суда па правах чалавека, кампенсацыя належыць непасрэдна грузінам, а не дзяржаве. Масква пакуль не пракаментавала гэтае рашэнне.

ПР/юл