Выданне Polityka задаецца пытаннем, ці Польшча будзе ўдзельнічаць у ваеннай місіі ва Украіне? Урад і апазіцыя аднагалосна заявілі, што польскія салдаты не паедуць на магчымую міратворчую місію. Ці іншыя павінны рызыкаваць сваім жыццём? Ці такім чынам Польшча, веруючы ў святасць хаўрусаў і разлічваючы на падтрымку ў цяжкія часы, сама не практыкуе цынічны рэалізм? Гэта не па-ганароваму і не разумна.
Калі іншыя краіны заявілі пра сваю падтрымку Грэнландыі, польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск хуценька зрабіў заяву, што палякі не далучацца да абароны вострава. Польшча падпісала ў Парыжы прынцыповую дэкларацыю аб падтрымцы Даніі, але ўстрымалася ад удзелу ў магчымай экспедыцыі. Варшава рацыянальна вырашыла, што лепш не перашкаджаць раз'юшанаму Трампу.
Незалежна ад абгрунтавання, гэта было другое польскае «не» еўрапейскім ваенным планам. Першае «не» адносна адпраўкі міратворчых сіл ва Украіну значна важнейшае. Многія дыпламаты на Захадзе, у тым ліку ў ЗША, дагэтуль здзіўлены тым, што Польшча застаецца ўбаку, пакуль Еўропа рыхтуецца да самай стратэгічна важнай задачы з часоў заканчэння халоднай вайны — гарантый бяспекі і рэальнай узброенай падтрымкі Украіны ў выглядзе ваеннай місіі. Гэта павінна стаць важкім доказам таго, што дэмакратычны заходні блок усё яшчэ супрацьстаіць расійскай агрэсіі.
Упершыню з часоў халоднай вайны Еўропа нарошчвае сваё геапалітычнае значэнне, пазіцыю. Тым больш дзіўна, што гэтыя планы адхіляе краіна, якая ганарыцца тым, што надзвычай сур'ёзна ставіцца да бяспекі, сур'ёзна ўспрымае пагрозы, інвестуе ў абарону і імкнецца быць сілай на ўсходнім флангу Еўропы і НАТА, і пры гэтым яна можа пахваліцца дзесяцігоддзямі ўдзелу ў інтэрнацыянальных місіях. Цяжка вытлумачыць нежаданне Польшчы ўдзельнічаць у місіі ва Украіне.
Кааліцыя краін, якія жадаюць далучыцца да місіі, на чале з Францыяй і Вялікабрытаніяй, уключае больш за 30 краін, 26 з якіх, як чакаецца, аб'явяць аб ваенным удзеле таго ці іншага роду ў Шматнацыянальных сілах для Украіны, цяпер вядомых пад англійскай абрэвіятурай MNF-U. Гэтыя сілы могуць стаць такімі ж важнымі, як місіі ў Афганістане і на Балканах. Пытанне аб ролі Амерыкі ў гэтай групе застаецца адкрытым.
Дональд Трамп казаў, што ён хоча зняць з сябе цяжар захавання бяспекі Еўропы і не лічыць вайну ва Украіне сваёй уласнай. Зразумела, што ваенныя гарантыі — гэта адказнасць еўрапейскіх партнёраў па кааліцыі, але Амерыка адыгрывае тут вырашальную ролю. ЗША даўно адмовіліся ад падтрымкі Украіны «да пераможнага канца», а Трамп навязаў Еўропе камерцыйную мадэль фінансавання паставак зброі ў Кіеў і нават вызначыў суму — мільярд долараў у месяц у 2026 годзе.
На дадзены момант Войска Польскае абслугоўвае 10 замежных кантынгентаў – ад сімвалічнай лічбы двух афіцэраў у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, да некалькіх сотняў салдат у Румыніі і Латвіі, размешчаных у рамках падобнай місіі, як тая, што плануецца ва Украіне.
Важна, каб не трымацца ззаду, калі Еўропа пачынае разумець свае абаронныя абавязкі. Калі Польшча не справіцца з гэтай задачай, яна раней ці пазней за гэта заплаціць, - падсумоўвае аўтар Марэк Сьверчыньскі (Marek Świerczyński).
нг