Беларуская Служба

Уладзь Лабковіч: Мы павінны быць маяком ў цемры для тых, хто застаецца ў Беларусі

02.06.2026 06:10
Што больш за ўсё ўразіла Уладзя Лабковіча ва Украіне? Пры якіх умовах можна будзе казаць пра адмену санкцый? Ці можа рэжым спыніць рэпрэсіі? Якія змены чакаюць беларускую выбарчую сістэму? — пра гэта і не толькі ў нашым эфіры.
Аўдыё
  • Уладзь на свае вочы ўбачыў, як вайна змяніла Украіну.

Уладзь Лабковіч прыйшоў у праваабарончы цэнтр Вясна яшчэ ў 1998 годзе. А ў 2021-м трапіў за краты. Яго вызвалілі ў снежні 2025-га разам з групай палітвязняў і вывезлі ва Украіну.

«Мне было важна сказаць людзям, што мы з імі»

Прамова Лабковіча на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх медыя была глытком свежага паветра на фоне выступаў іншых вязняў. Ад удзелу ў гэтай прэс-канферэнцыі можна было адмовіцца. Што і зрабіў, напрыклад, Павел Севярынец, бо яго сям’я знаходзілася ў закладніках у Беларусі. Уладзь пагадзіўся, і вось чаму:

— Мне было важна, каб украінцы адчулі, што беларусы не падтрымліваюць тую агрэсію, якая была з Беларусі ў 2022 годзе, якая ў прынцыпе працягваецца і зараз у выглядзе рэсурсавай і лагістычнай падтрымкі расійскіх войскаў з боку Беларусі. Мне было важна сказаць людзям, што мы з імі.

Уладзь на свае вочы ўбачыў, як вайна змяніла Украіну.

— Мяне ўразіла падбітая расійская тэхніка, барыкады, начныя паветраныя трывогі. Я зразумеў, як цяжка людзям, якія ўвесь час у гэтым жывуць. Мяне гэта вельмі ўразіла, бо гэта былі мае першыя суткі на волі, і гэта было маё першае сутыкненне з вайной. Але найбольш уразіла надзвычай цёплае стаўленне да нас украінскіх медыкаў, людзей, якія дбалі пра нашу бяспеку, лагістыку, усе побытавыя ўмовы. Гэта такая цеплыня і пяшчота, якой мы былі ахутаныя з першай жа хвіліны, пасля спецканвоя КДБ. І канечне ж, нашы валанцёры беларускія і ўкраінскія, якія проста завалілі нас падарункамі.

«Ганебная практыка ўзяцця закладнікаў павінна быць спыненая»

Уладзь не чуе ў словах прыхільнікаў зняцця санкцый і перамоваў з рэжымам жадання супрацы з рэжымам.

— Я чую клопат пра людзей і вельмі б не хацеў, каб гэта была раз’ядноўваючая лінія. Таму што мы кажам пра адное і тое ж, мы кажам, што жыцці людзей важныя. Усе мы вітаем амерыканскі трэк. Але пра што важна казаць і не забываць, дык гэта пра тое, што гэтая ганебная практыка ўзяцця закладнікаў і іх вызвалення за нейкія эканамічныя прэферэнцыі павінна быць спыненая. І пакуль гэта не спынена, мы не можам казаць пра адмену санкцый. Але трэба разумець, што ёсць розныя санкцыі. Ёсць санкцыі за суагрэсію супраць Украіны. І гэтыя санкцыі не могуць быць адмененыя, пакуль ідзе вайна. Ёсць санкцыі за парушэнне ўмоваў бяспекі, так званы міграцыйны крызіс. І трэці пакет звязаны з гуманітарнымі рэчамі, з пытаннямі правоў чалавека. І тут рэжым павінен пайсці на сістэмныя змены. Мы павінны пабачыць, што той спіс палітвязняў, які ёсць — вычарпальны. У адваротным выпадку мы праз год будзем мець зноў плюс тысячу палітвязняў.

«Беларускі рэжым кіруецца ўручную»

Ці ёсць сувязь паміж заканчэннем вайны ва Украіне і спыненнем рэпрэсій, ці мае Расія на гэта ўплыў? Лабковіч лічыць, што ў рэпрэсіях беларускі рэжым цалкам самастойны. І пацвярджэнне гэтаму не раз бачыў ў зняволенні. 

— Я думаю, што рэжым можа спыніць рэпрэсіі не чакаючы спынення вайны ва Украіне. Вызваляць людзей і не браць новых — гэта цалкам у волі рэжыму. Зараз трэба змагацца, каб мы ўжо ў гэтым годзе выйшлі на нулявую адзнаку.

Хаця цалкам магчыма, што без міжнароднага кантролю праз пэўны час усё можа паўтарыцца. Так было і раней.

— І гэта ганебная практыка можа паўтарыцца. Але зараз людзі знаходзяцца ў небяспечных умовах, іх жыцці падвяргаюцца рызыцы. Каб не было новых закладнікаў, рэжым павінен усведамляць, што наступствы ад аднаўлення рэпрэсій будуць нашмат цяжэйшыя за нейкія выгоды.

«Святлана Ціханоўская — наш здабытак»

Уладзю пашанцавала, ён адразу апынуўся ў коле сям’і і сяброў. Але ўсё роўна адаптавацца да волі не так лёгка. Ён дасюль адчувае цяжкасці пры самастойным перасоўванні па горадзе. А нядаўна заблукаў у аэрапорце Варшавы. Ёсць праблемы са сном, часта сніцца турма. Але, дзякуючы псіхалагічнай, медычнай, сяброўскай дапамозе ён паступова вяртаецца да працы.

Раней Лабковіч узначальваў ініцыятыву «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і зараз плануе працягваць працу ў гэтым кірунку.

— Праблема нават не ў заканадаўстве, а ў тым, што сама працэдура выбараў сябе дыскрэдытавала. Шмат што трэба мяняць, фактычна мяняць усе выбарчыя практыкі: ад збору подпісаў да падліку галасоў. Кожны дзень мы закладаем гэты падмурак.

Таму вельмі важна захоўваць адзінства.

— Усе спрэчкі, нападкі і валтузня — абсалютна пустыя. Усе тыя разнагалоссі толькі нас паслабляюць. Я лічу, што Офіс і Святлана Ціханоўская — вялікі здабытак наш. І мы павінны працаваць разам. І тыя, хто выступае “за людзей” і тыя, хто супраць рэжыму, — аднолькава небяспечныя для рэжыму. Нам трэба быць маяком у цемры для тых, хто застаецца ў Беларусі.

Падрыхтавала Аксана Колб

Слухайце наша адыё