— Сёння ўвечары Расія забіла трох чалавек у выніку ўдараў беспілотнікаў у Пухоўцы Кіеўскай вобласці: дзеда, бабулю і іх унука. Хлопчыку было ўсяго тры гады, — напісаў кіраўнік дзяржавы ў Telegram.
Ён паведаміў, што яшчэ чатыры чалавекі шпіталізаваны. Гэта бацькі дзіцяці, яго 15-гадовы брат і сусед, які прыйшоў на дапамогу сям'і і быў паранены, калі Расія нанесла чарговы ўдар. Пацярпелыя атрымалі апёкі і аскепкавыя раненні.
— Гэта быў звычайны жылы дом. Расіяне не маглі не ведаць пра гэта, — падкрэсліў Зяленскі.
Прэзідэнт таксама паведаміў, што шэсць балістычных ракет патрапілі ў абʼект грамадзянскай інфраструктуры ў Кіеве. Там загінуў адзін чалавек.
Данецкая, Харкаўская, Сумская, Днепрапятроўская, Запарожская, Адэская, Херсонская, Мікалаеўская, Чарнігаўская і Палтаўская вобласці таксама трапілі пад абстрэл Расіі.
Зяленскі падкрэсліў, што Еўропа, ЗША і Украіна даўно імкнуцца да спынення вайны, але расійскі лідар Уладзімір Пуцін не жадае гэтага рабіць. Ён паўтарыў свой заклік да ўзмацнення ціску на Маскву, у тым ліку да ўвядзення новых санкцый, якія перашкодзяць вытворчасці Расіяй балістычных ракет.
Ён таксама папрасіў партнёраў павялічыць пастаўкі сістэм супрацьпаветранай абароны, у тым ліку перахопнікаў для сістэм Patriot, SAMP/T, NASAMS і HAWK, а таксама зброі для F-16.
— Усё гэта працуе і дапамагае бараніць жыццё, калі знаходзіцца тут, ва Украіне, а не дзесьці на складах за тысячы кіламетраў ад расійскіх нападаў, — заявіў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі падзякаваў краінам, якія «праяўляюць лідарства» і забяспечваюць Украіну дадатковымі пакетамі сродкаў супрацьпаветранай абароны.
ПР/юл