Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскія ўлады рыхтуюць праграмы дапамогі для пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі

27.08.2020 13:05
Дапамога беларусам падзеленая на два этапы.
Аўдыё
  • Польская дапамога Беларусі
 - .     (26.08.2020)
Скліканая прэм'ер-міністрам М. Маравецкім сустрэча па Беларусі (26.08.2020)фота: PAP/Leszek Szymański

Польшча гатовая аказаць падтрымку асобам, якія пацярпелі ў выніку рэпрэсіяў з боку службы бяспекі Беларусі і ўжо аказвае такую дапамогу. Пра гэта, між іншым, ішла гаворка падчас сустрэчы прадстаўнікоў уладных структур ды апазіцыйных партый дзяржавы.

У Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы ў сераду адбылася сустрэча, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. На абмеркаванне праблемы былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх апазіцыйных сілаў краіны, былі прысутныя таксама высокапастаўленыя чыноўнікі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць». Па словах удзельнікаў сустрэчы, абмеркаванне было змястоўным, усе бакі згадзіліся, што Польшча павінна аказваць падтрымку тым людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі.

У Польшчы ўжо знаходзяцца тры асобы, якія пацярпелі ад дзеянняў беларускіх сілаў бяспекі падчас мірных пратэстаў у Беларусі, – паведаміў старшыня канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык. Ён адзначыў, што дапамога беларусам падзеленая на два этапы. Першы – гэта міжнародная арэна, на якой Польшча мабілізуе Еўрапейскі Саюз да прыняцця рашучых крокаў супраць асоб, адказных за гвалт і фальсіфікацыю выбараў у Беларусі. Акрамя таго, Польшча распачынае ўласныя праграмы.

- Гэтыя праграмы пачынаюць дзейнічаць. Мы пра гэта размаўлялі ўчора з прадстаўнікамі апазіцыі. Ішла гаворка пра вельмі цікавыя праекты, якія можна ўключыць у праграму. Гучалі цікавыя прапановы з боку апазіцыі, між іншым, з боку дэпутата Яцэка Пратасевіча. Сёння ў Польшчу былі прывезеныя тры першыя асобы, пацярпелыя ў Беларусі, якія будуць дастаўленыя ў адзін з варшаўскіх шпіталяў.

Для Польшчы вельмі важна, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай краінай. Аб гэтым заявіў у эфіры Польскага радыё ўдзельнік сустрэчы ў канцылярыі прэм’ер-міністра, дэпутат ад Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Барташэўскі. На ягоную думку, спатканне было выключна патрэбным і змястоўным.

- Вельмі канструктыўная сустрэча адбылася ўчора ў канцылярыі прэм’ер-міністра. Гэта быў правільны крок. Я спадзяюся што калі будуць паяўляюцца новыя праблемныя пытанні, то прэм’ер-міністр будзе паступаць падобным чынам. Зусім інакш выглядае замежная палітыка дзяржавы, калі на гэтым полі назіраецца нацыянальная згода, калі ўсе гавораць у адзін голас. Тады значна прасцей нечага дабіцца. Гэта вельмі правільны напрамак.

Можа так здарыцца, што дапамога з боку Польшчы ды іншых дэмакратычных краін будзе патрэбная большай колькасці людзей. На думку былога міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, нельга выключаць сцэнар вельмі крывавага разгону мірных дэманстрацый у Беларусі. Палітык прывёў прыклад кітайскай плошчы Цяньаньмэнь, дзе ў 1989 годзе была крывава разагнаная мірная дэманстрацыя студэнтаў. Ці такі сцэнар развіцця сітуацыі ў Беларусі магчымы? Гаворыць сацыёлаг з Польскай акадэміі навук, прафесар Генрык Даманьскі.

- Так хутчэй не станецца, такі сцэнар быў бы магчымы толькі тады, калі б пратэсты выйшлі з-пад кантролю беларускіх уладаў. Калі б у Лукашэнкі не было іншага выхаду, ён мог бы рашыцца на крывавы разгон. Дарэчы, такое рашэнне мог бы прыняць не ён, а хтосьці з сілавых структур. Аднак нельга параўноўваць тагачасны Кітай з сённяшняй Беларуссю. Кітаю не трэба было лічыцца з меркаваннем замежжа, а Беларусі прыходзіцца. Лукашэнку нават трэба браць пад увагу ўмяшальніцтва Пуціна.

Польскія ўлады актыўна адсочваюць сітуацыю ў Беларусі і аператыўна на яе рэагуюць. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заклікаў мінскія ўлады вызваліць са следчых ізалятараў усіх асоб, затрыманых падчас мірных акцый пратэсту і пачаць перамовы на тэму мірнага ўрэгулявання палітычнага крызісу ў дзяржаве. Польскі палітык звярнуўся да беларускіх уладаў на трох мовах – па-польску, па-ангельску і па-беларуску. Маравецкі піша: «Заклікаем улады РБ вызваліць усіх прадстаўнікоў апазіцыі, якія былі незаконна затрыманыя і выкліканыя на допыты. Нормай з'яўляецца дыялог, а не дыктат. Каардынацыйная Рада – гэта адпаведны партнёр для правядзення перамоваў з уладамі ў Мінску».

Падзеі ў Беларусі абмяркоўваюцца таксама ў Еўрапейскім парламенце. Надоечы да дэпутатаў звярнулася былая кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская, якая адзначыла, што пратэстуючыя ў Беларусі – гэта ўжо не апазіцыя, а большасць, паколькі большасць жыхароў краіны жадае зменаў на пасадзе кіраўніка дзяржавы, таму перамены непазбежныя. У еўрапарламенце неўзабаве таксама будзе зладжаная сустрэча польскіх прадстаўнікоў усіх фракцый, падчас якой палітыкі абмяркуюць стаўленне еўрапейскіх структур да сітуацыі ў беларускай дзяржаве.

ПР/нг