Беларуская Служба

Польшча надае прыярытэт бяспецы і інвесціруе ў сваю армію, як ніколі раней

15.08.2025 12:06
У цяперашні час польская армія праходзіць інтэнсіўную мадэрнізацыю, мэтай якой з'яўляецца павелічэнне колькасці жаўнераў і паляпшэнне аснашчэння.
Аўдыё
 -,     -
Намеснік прэм'ер-міністра, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Косіняк-Каміш падчас цырымоніі ўручэння ўзнагарод і адзнак салдатам у сядзібе Міністэрства абароныPAP/Paweł Supernak

Партал Global Firepower апублікаваў свой штогадовы рэйтынг, у якім ацэньваецца баявы патэнцыял 145 армій з усяго свету. У новым рэйтынгу Польшча заняла высокае 21-е месца, вышэй сярод  суседзяў знаходзяцца толькі Расія, Германія і Украіна. Разам з тым эксперты кажуць пра тое, што далёка не ўсе праблемы вырашаныя.

Планы мадэрнізацыі Войска Польскага прадугледжваюць павялічыць асабісты склад Узброеныя сілы да 300 000 чалавек да 2035 года, уключаючы прафесійныя, тэрытарыяльныя і добраахвотныя часці. Летась выдаткі на абарону дасягнулі 4,2% ВУП, сёлета будуць яшчэ вышэйшыя. Пры канцы мая польскі ўрад на платформе X паведаміў, што ў 2025 годзе Польшча выдаткуе ашаламляльныя 186 мільярдаў злотых на абарону, што азначае рэкорд у 4,7% ВУП. Гэта на 60% больш, чым двума гадамі раней. Таксама пра гэта казаў міністр абароны Польшчы Уладыслаў Касіняк-Камыш.

— Працягваецца рэалізацыя планаў па мадэрнізацыі і трансфармацыі Ўзброеных сіл. Трансфармацыя – гэта ключавое слова, якая палягае на пакупцы і пастаўках у войска новай тэхнікі, падрыхтоўкі жаўнераў, змена мадэлі дзейнасці УС. У 20204-м годзе ўдалося прызначыць на армію найбольшыя сродкі ў гісторыі, якія амаль на 100% былі рэалізаваныя. Гэта 115,5 мільярдаў злотых, якія былі выдаткаваныя.

У першую чаргу Польшча інвестуе ў набыццё сучасных танкаў, самаходных гаўбіц і самалётаў дзея ўмацавання абароннага патэнцыялу краіны. У гэтым месяцы быў падпісаны кантракт на суму амаль сем мільярдаў долараў, які атрымаў назву «кантракту стагоддзя». На заводзе Bumar-Łabędy у Глівіцах у прысутнасці кіраўніцтва Міністэрства абароны адпаведныя дакументы падпісалі Агенцтва па ўзбраенні і вытворца танкаў K2, кампанія Hyundai Rotem. Кантракт з'яўляецца працягам кантракту трохгадовай даўніны. На гэты раз ён тычыцца пастаўкі 180 танкаў, больш за 60 з якіх будуць вырабленыя ў Польшчы, распавядае Войцех Коц'ян з Польскага радыё Катавіцэ.

— Кантракт падпісаны з удзелам кампаніі Бумар-Лабэнда – гэта чарговы этап рэалізацыі рамавай дамовы з 2022 года, якая прадугледжвае пастаўку тысячы танкаў К-2 для польскай арміі. Першая партыя ўжо пастаўлена ў танкавыя часці Войска Польскага. Гэтыя машыны былі вырабленыя цалкам у Карэі. Цяпер гэта зменіцца і частка танкаў у мадэрнізаванай польскай версіі будуць вырабленыя ў Глівіцах. Гэта значыць, што завод, які апошнія гады займаўся толькі рамонтам і абслугоўваннем будзе зноў вырабляць танкі. Важна тое, што дамова прадугледжвае перадачу тэхналогіі ды пастаўку 80 баявых машын прыкрыцця. Сума кантракту складае 25 мільярдаў злотых.

Апроч таго Польшча набудзе ў ЗША 25 баявых інжынерных машын (ЭІМ) M1150 ABV (Assault Breacher Vehicle), якія базуюцца на платформе танка M1A1 ABRAMS. У Варшаве Міністэрства абароны падпісала папраўку да пагаднення з амерыканцамі. Кошт пагаднення складае амаль 115 мільёнаў долараў. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Павел Бейда падкрэсліў, што гэтая тэхніка прайшла выпрабаванні ў польскіх вайскоўцаў.

— Сёння мы бачым, як дзейнічае важная часць, якая мае на ўзбраенні спецыяльныя інжынерныя і сапёрскія сістэмы, якія праводзяць размінаванне, у стане пашкодзіць тэхнічную інфраструктуру, якія ў стане ачысціць праезд для нашых сухапутных войск, для танкаў. Гэта важны элемент бяспекі ды гатоўнасці нашых танкавых войск.

Інжынерныя машыны будуць пастаўлены ў 2029 годзе. Акрамя таго, Польшча атрымае лагістычны і навучальны пакеты, а таксама запасныя часткі. У канчатковым выніку 18-я механізаваная дывізія ў Седльцэ будзе абсталявана ў агульнай колькасці 366 танкамі «Абрамс» і будзе мець тэхнічную падтрымку, медыцынскія і інжынернымі/сапёрныя машыны.

Агулам гэта добрыя рашэнні ацаніў у размове з «Super Express» галоўны рэдактар «Portal Obronny» Юліюш Сабак.

— Гэта рэвалюцыйны год у розных аспектах для розных галін арміі. Падпісана чаканая дамова на выраб і пастаўку самаходных установак «Краб», яшчэ з мноствам іншых дамоў, якія вельмі важны пры набыцці вялікай колькасці тэхнікі, танкаў. Гэта і набыццё цыстэрн, пакупка артылерыйскіх і ракетных сістэм, закупка ствалоў. Пра гэта мала гаворыцца, яле яно мае вялікае значэнне. Дзякуючы гэтаму ёсць амуніцыя, маем як давозіць паліваць, забяспечыць перадачу інфармацыі куды страляць. Дадаткова важна тое, што танкі мы купілі ў Карэі, а дадатковыя сістэмы сувязі, кіравання, лагістыку забяспечвае польская прамысловасць. Гэта важны ўдзел польскай індустрыі нават у замежных кантрактах.

Дарэчы, арыентацыя на польскую прамысловасць становіцца цяпер адным з галоўных прыярытэтаў для польскага ўраду. Прэм'ер-міністр Польшчы заявіў нядаўна, што армія павінна мець сучасную зброю польскай вытворчасці. Дональд Туск дадаў, што фінансаванне ўзбраенняў павінна, па магчымасці, ісці польскім кампаніям.

— Абсалютна ключавая справа, асабліва ў галіне бяспекі, палягае ў тым, каб зробленыя ў Польшчы грошы ад падаткаплатнікаў і таксама еўрапейскія сродкі, якія мы атрымоўваем, перасталі выплываць у адным напрамку – за мяжу: у Карэю, ЗША ці Францыю ды іншых дзяржаў, адкуль мы імпартуем сучасную зброю і тэхніку.

У размове з кіраўнікамі ваенна-даследчых інстытутаў польскі прэм'ер падкрэсліў сваё жаданне падтрымліваць айчынную вытворчасць ваеннай тэхнікі

— Не будзем без канца інвеставаць польскія грошы ў замежную тэхніку. Мы павінны польскія грошы інвеставаць у польскія фірмы, укладаць у польскія мазгі.

Аднак СМІ і польскія блогеры звяртаюць увагу, што далёка не ўсё ідзе згодна з планам.

— Надалей застаюцца праблемы з карэйскім кантрактам, гучаць галасы, што не надалей войска не атрымае сучасную падлодку «Орка», а амерыканскія штурмавыя верталёты «Апач» ніяк не могуць даляцець у Польшчу. 96 ветралётаў меліся стаць вялікім узмацненнем для Польскай арміі. Аднак польскі ўрад некалькі разоў заяўляў, што дагэтуль няма фінальнай дамовы на пакупку машын. Гэта не торт, які можна прывесці ў любы дзень.

У сваю чаргу генерал Яраслаў Грамадскі ў размове з парталам «Defence24» казаў пра тое, што выкарыстанне розных сістэм павялічвае лагістычныя кошты і выдаткі на абслугоўванне.

— Тэхніка, якая цяпер выкарыстоўваецца, мае шмат розных шасі. Гэта прыводзіць да росту выдаткаў на лагістыку і абслугоўванне. Патрэбныя шмат розных спецыялістаў. На маю думку ў будучыні нам патрэбна будзе ўніфікацыя платформ. На платформе могуць быць розныя рэчы.

Таксама былы інспектар ВПС, брыгадны генерал Томаш Дрэўняк звярнуў увагу на праблеме, звязанай з адсутнасцю інвестыцый у ваенную інфраструктуру.

— У нас застаецца праблема з інфраструктурай. Трэба сказаць чаму так дзеецца. Справа ў тым, што апошнія 30 год мы лічылі, што яна непатрэбная. Навошта выдаткоўваць сродкі на вайсковую інфраструктуру? Напрыклад, навошта будаваць масты з вялікай грузапад'ёмнасцю, з якіх ніхто не будзе карыстацца. Сёння сітуацыя змянілася. Мы спазніліся, бо трэба было дзейнічаць 10 год таму, калі Расія захапіла Крым. Цяпер бачна, што палітыкі пачалі непакоіцца і пачалі дзейнічаць, каб не аказалася так, што з-за адсутнасці інфраструктуры танкі ніколі не даедуць на фронт.

Спасылаючыся на ацэнкі вайскоўцаў партал «Onet» нядаўна ацаніў стан Узброеных сіл як «непрымальны», падаючы як прычыну:  «дрэнныя кадравыя рашэнні, недахоп прафесійных камандзіраў і хаатычныя закупкі абсталявання. Польшча, як прыфрантавая дзяржава, нават не мае сучаснай абарончай стратэгіі, а састарэлая лагістычная сістэма азначае, што ў выпадку вайны краіна будзе пагружана ў імправізацыю».

Разам з тым гэтыя галасы сведчаць пра тое, што ў Польшчы вядзецца сапраўдная дыскусія пра тое, як неабходна праводзіць мадэрнізацыю войска. Нягледзячы на змены ўраду бачна, што пытанні бяспекі ды ўмацавання арміі застаюцца прыярытэтамі для кожнай кіроўнай каманды.

Юры Ліхтаровіч