Беларуская Служба

Партрэт: Марыя Пілсудска - першая жонка маршала Польшчы

18.10.2019 18:51
Для яе Пілсудскі перайшоў на евангельскую веру, таму што ў той час у каталіцызме скасаваць папярэдні шлюб было практычна немагчыма.
Аўдыё
  • Марыя фармальна заставалася жонкай Пілсудскага ажно да сваёй смерці ў 1921 годзе
 :     ,  ,  ,  ,  , , , 1904
Злева направа: будучы прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі, невядомы японец, Марыя Пілсудска, Юзэф Пілсудскі, жонка японца, Берн, Швейцарыя, 1904 годPublic Domain

Постаць бацькі польскай незалежнасці Юзэфа Пілсудскага добра вядомая не толькі ў Польшчы, але і за яе межамі. Але пра чалавека, які аказаў даволі вялікі ўплыў на будучага кіраўніка краіны, няшмат ведаюць нават у Польшчы. Сёння мы раскажам пра першую жонку маршала Марыю Пілсудскую.

Марыя Каплеўска (Maria Koplewska) нарадзілася ў 1865 годзе ў заможнай сям’і ў Вільні. Яна атрымала даволі добрую адукацыю, пасля чаго накіравалася вучыцца ў Пецярбург – на прэстыжныя жаночыя Бестужаўскія курсы – адну з першых ВНУ для жанчын у Расіі. Ужо падчас вучобы далучылася да грамадска-палітычнай дзейнасці. У 1885 годзе Марыю арыштавалі. На жаль, не захавалася падрабязных крыніц, датычных жыцця Марыі Каплеўскай у тыя часы. Расказвае гісторык, прафесар Людвіг Маліноўскі. Архіўны запіс Польскага радыё з 1997 года.

- Да таго, як Марыя пазнаёмілася з Пілсудскім і стала яго жонкай, выйшла замуж за інжынера Юшкевіча. Яна пераехала ў Санкт-Пецярбург і жыла ў вельмі багатай і шыкарнай кватэры. У той час пражыванне ў горадзе на Няве было вельмі прэстыжным. Аднак саюз з Юшкевічам не ўдаўся, яны развяліся, а напамінам пра тыя часы была дачка Ванда Юшкевіч. Дарэчы, пазней Пілсудскі вельмі палюбіў Ванду і моцна перажываў, калі яна памерла ў 1908 годзе ва ўзросце 19 гадоў.

Каханне Юзэфа і Марыі пачалося ў антыцарскім падполлі. Яны абодва былі дзеячамі Польскай сацыялістычнай партыі. Каплеўска, калі вярнулася ў Вільню з Пецярбурга, пасялілася з бацькамі – яе бацька быў вельмі вядомым віленскім лекарам. І там далучылася да рэвалюцыйнага руху, перавозячы лістоўкі і падпольную прэсу з Пецярбурга ў Вільню, і з Вільні ў Варшаву праз Беласток.

Яна была прыгожай жанчынай, у Вільні называлі яе «пекная пані», і прыгажосць Марыі дапамагала ёй без праблем праходзіць праверкі паліцыі і жандараў. Газеты і лістоўкі яна перавозіла на целе, пад вопраткай. А ў Вільні Юзэф Пілсудскі быў рэдактарам газеты «Рабочы», і вось у падпольнай рэдакцыі яны і пазнаёміліся: Марыя спадабалася Пілсудскаму не толькі як рэвалюцыянерка, але як і жанчына.

Пажаніліся Марыя і Юзэф у ліпені 1899 года. Для гэтага Пілсудскі перайшоў на евангельскую веру, таму што ў той час у каталіцызме скасаваць папярэдні шлюб было практычна немагчыма. Нагадаем, Пілсудскі быў другім мужам Каплеўскай.

Пасля шлюбу Юзэф і Марыя пераехалі ў Лодзь, дзе працягнулі займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю.
Марыя была выхаванай жанчынай з высокіх сфер, яна любіла ладзіць прыёмы і выходзіць у горад. Пілсудскі ж не любіў прымаць гасцей і хадзіць у госці, таму з ходам часу яны пачалі аддаляцца адзін ад аднаго. Сваю энергію будучы маршал Польшчы накіраваў на рэвалюцыйную дзейнасць.

Падчас рэвалюцыі 1905 года Юзэф Пілсудскі пазнаёміўся з 24-гадовай рэвалюцыянеркай Аляксандрай Шчарбінскай, якая стала новым каханнем палітыка.

Марыя фармальна заставалася жонкай Пілсудскага ажно да сваёй смерці ў 1921 годзе. Нягледзячы на тое, што яны даўно не былі разам, Марыю часта запрашалі на рознага роду дзяржаўныя ўрачыстасці. Але яна адмаўляла, бо разумела, што яе шлюб з кіраўніком Польшчы з’яўляецца фікцыяй. Аднак ніколі не дала згоды на развод.
На пахаванне сваёй жонкі Пілсудскі не з’явіўся, а толькі выслаў брата Яна як свайго прадстаўніка.

Праз два месяцы пасля пахавання Марыі Юзэф Пілсудзкі ажаніўся з Аляксандрай Шчарбінскай.

Дзяцей у Марыі і Юзэфа Пілсудскіх не было.

Валеры Саўко

пры падрыхтоўцы перадачы былі выкарыстаныя архіўныя матэрыялы Польскага радыё

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу