Беларуская Служба

Беларуская оперная дзіва выступіла ў Палацы Радзівілаў у Польшчы

05.01.2021 16:26
Маргарыта Ляўчук стала голасам беларускага пратэсту.
Аўдыё
Палац у Няборувефота: commons.wikimedia.org

У Палацы Радзівілаў у польскім Няборуве адбыўся сольны канцэрт беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук пры ўдзеле літоўскага піяніста Юстаса Чэпоніса. Ініцыятарам канцэрта з'яўляецца Князь Мацей Радзівіл, які асабіста знаёмы з Маргарытай па творчых праектах у Палацы Радзівілаў у Нясвіжы.

Прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду падкрэсліў выключнасць дадзенай падзеі.

- Гэты канцэрт выключны. Выступіць выпускніца Дзяржаўнай акадэміі музыкі, салісткі опернага тэатру ў Мінску Маргарыта Ляўчук. На працягу апошніх некалькіх месяцаў Маргарыта не можа жыць у Беларусі, паколькі яна ўключылася ў рух пратэсту, увайшла ў Каардынацыйны савет. Яна займаецца будучай рэформай галіны культуры ў Беларусі.

Палякі добра памятаюць, як вялікую падтрымку, не толькі матэрыяльную, але і маральную, аказваў ім дэмакратычны заходні свет, калі яны самі змагаліся ў 80-ыя гады за свабоду і справядлівасць. Таму цяпер яны працягваюць руку дапамогі беларускаму народу, які паўстаў супраць тырана. Канцэрт – гэта інструмент такой маральнай падтрымкі, – адзначыў Мацей Радзівіл.

- Мы б хацелі, каб гэты канцэрт быў праявам нашай салідарнасці з беларусамі, якія мірным шляхам змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. 39 гадоў таму шмат людзей на ўсім свеце былі салідарныя з палякамі ў падобнай сітуацыі. Мы таксама змагаліся мірным шляхам. Цяпер за свабоду змагаюцца беларусы. Іх б’юць, нам імі здзекваюцца, іх кідаюць у турму. Я не займаюся палітыкай, але часта бываю ў Беларусі, дзе ў мяне радавыя карані. Вялікая спадчына маёй сям’і – гэта таксама культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага, а гэта значыць, таксама сённяшняй Беларусі і Літвы.

На канцэрце Маргарыты Ляўчук у Палацы Радзівілаў у польскім Няборуве прагучалі беларускія і польскія калядныя песні, оперныя арыі родам з Нясвіжскага палаца, песні Станіслава Манюшкі, народныя песні і сучасная беларуская музыка, прысвечаная выбітным палякам. Канцэрт трансляваўся ў прамым эфіры ў інтэрнэце.

нг