Беларуская Служба

Алімпійскія гульні ў Токіа могуць зноў перанесці

12.01.2021 14:35
Японцы супраць правядзення імпрэзы ў гэтым годзе ў сваёй сталіцы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/EPA/FRANCK ROBICHON

80 адсоткаў апытаных японцаў хоча адмены або перанясення алімпіяды ў Токіа. Колькасць незадаволеных узрастае паралельна з колькасцю хворых на covid – інфармуе Gazeta Wyborcza. Нагадаем, што першапачаткова алімпійскія гульні мелі адбыцца ўлетку 2020 года. З прычыны пандэміі кранавіруса аднак, арганізатары разам з Міжнародным алімпійскім камітэтам вырашылі перанесці іх на наступны год. Зараз імпрэзу могуць чакаць чарговыя пераносы, бо жыхары Токіа і ваколіцы не жадаюць правядзення алімпіяды ў цяперашніх умовах.

Тым часам прэм'ер-міністр Ёшыхідэ Суга ўвёў надзвычайнае становішча на тэрыторыі сталіцы і суседніх прэфектур, з прычыны таго, што колькасць хворых расце. Японскі локдаўн пакуль што не вельмі жорсткі, бо школы, кінатэатры ды спартзалы адкрытыя.

З іншага боку, сітуацыя ў краіне абнадзейвае. Ад пачатку распаўсюд каранавіруса адносна павольны, на сённяшні дзень выяўлена толькі 280 тысяч выпадкаў на 126 мільёнаў жыхароў. Ад хваробы памерла 4 тысячы людзей. Як аказваецца, менавіта добрыя вынікі, а не адсутнасць кантролю над распаўсюдам віруса зʼяўляецца прычынай стаўлення большасці японцаў да правядзення гульняў. Імпрэза магла б прывесці да таго, што краіну наведаюць хворыя заўзятары і спрычыняцца да распаўсюду інфекцыі. Японія таксама вельмі позна распачне вакцынацыю. Медыкі, і то толькі абмежаваная іх колькасць, будуць прышчапляцца з лютага, астатні медперсанал у сакавіку, а старэйшыя жыхары – з канца сакавіка. З гэтай нагоды калектыўны імунітэт у грамадстве не будзе выпрацаваны да пачатку алімпіяды.

Каранавірус не перашкаджае японцам наведваць спартовыя пляцоўкі. У выхадныя распачаўся Вялікі турнір сумо, на які ўлады дапусцілі 5 тысяч наведвальнікаў. Таксама неўзабаве распачнецца японскі футбольны чэмпіянат, арганізатары плануюць пускаць заўзятараў на стадыёны. Таму алімпіяда пад пытаннем, бо людзі – за перанос, а ўлады спрабуюць яе правесці. Міжнародны алімпійскі камітэт у сваю чаргу заявіў, што дата правядзення гульняў у 2021 канчатковая, а чарговы перанос не прадугледжваецца.

Gazeta Wyborcza/аев