Беларуская Служба

Польская культура паступова выходзіць з лакдаўна

01.02.2021 12:46
Музейшчыкі не ўтойваюць задавальнення рашэннем уладаў аб адкрыцці музеяў і мастацкіх галерэяў.
Аўдыё
  • Музейшчыкі не ўтойваюць задавальнення рашэннем уладаў аб адкрыцці музеяў і мастацкіх галерэяў.
   ,  XX .
Нацыянальны музей у Варшаве, мастацтва XІX стагоддзя.By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=22382737

З 1 лютага ўрад Польшчы адмяняе частку абмежаванняў, уведзеных у краіне ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. Паводле новых правілаў, з сённяшняга дня музеі і мастацкія галерэі ў краіне могуць нанава вярнуцца да працы.

Рашэнне аб тым, што музейныя ўстановы і мастацкія галерэі могуць вярнуцца да працы былі прынятыя пасля падрабязных аналізаў экспертаў, запэўнівае віцэ-прэм’ер міністр культуры і спорту Пётр Гліньскі (Piotr Gliński):

- Аналізы, праведзеныя ў свеце, а асабліва ў Еўропе, даказалі, што музеі наогул не ўяўляюць сабой асаблівай пагрозы. Тым больш, што ў іх надалей будзе дзейнічаць санітарны рэжым. У музейных установах наведвальнікі знаходзяцца ў пастаянным руху. Іх знаходжанне не мае, скажам так, стацыянарнага характару, як, напрыклад, у рэстаранах ці трэнажорных залах.  

Аднак пакуль згаданыя ўстановы культуры будуць адкрытыя, яны павінны выканаць рэкамендацыі з мэтай забеспячэння бяспекі наведвальнікаў, нагадала прэс-сакратар Міністэрства культуры і спорту Анна Боцыян(Anna Bocian):

- Гаворка ідзе пра асноўныя санітарныя прынцыпы, як захаванне дыстанцыі. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра аднаго чалавек на 15 квадратных метраў. Апрача таго абавязвае дэзынфекцыя і закрыванне вуснаў і носа. Мы рэкамендуем таксама ўвядзенне больш эластычных гадзінаў працы, падрабязны кантроль сістэмы браніравання білетаў, ці змену экскурсійных маршрутаў.

Музейшчыкі не ўтойваюць задавальнення рашэннем уладаў. Сёння свае дзверы для аматараў мастацтва адкрывае Нацыянальны музей у Варшаве, паведаміў ягоны дырэктар Лукаш Гавэл (Łukasz Gaweł):

- Магчымасць адкрыцця з 1 лютага – вялікая радасць для ўсіх музейшчыкаў. Пустыя галерэі, без наведвальнікаў на самой справе не маюць сэнсу. Таму мы вельмі рады, што яны вернуцца. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі адмысловую прапанову. Да 7 лютага ўсе могуць нас наведваць бясплатна. Шаноўнае спадарства, Вы не будзеце прымушаны плаціць за білеты. Мы столькі на вас чакалі! Запрашаем і нагадваем пра неабходнасць захавання санітарнага рэжыму.  

Дырэктар Нацыянальнага музея ў Варшаве запэўніў, што дзейнічаюць усе пастаянныя выставы. Была таксама прадоўжаная часовая выстава „Сіла польскіх карцінаў”.

Нанава адкрываецца таксама Нацыянальная галерэя мастацтваў „Захэнта” (Zachęta) у Варшаве . На наведвальнікаў тут чакаюць дзве новыя выставы, у тым ліку „Скульптура ў пошуках месца”. На гэтай выставе прадстаўлены работы амаль 100 выдатных польскіх мастакоў, кажа прэс-сакратар галерэі Вольга Гавэрска(Olga Gawerska):

- Гэтая выстава расказвае пра польскую скульптуру апошніх 60 гадоў, але не храналагічна. Паказваюцца працы некалькіх дзясяткаў артыстаў, пачынаючы ад Ксаверыя Дунікоўскага - класіка, які аказаў велізарны ўплыў на наступныя пакаленні мастакоў, а заканчваючы сучаснымі скульптарамі. Мы паказваем найбольш характэрныя плыні гэтага віду мастацтва ў Польшчы, то бок скульптуры.

Вольга Гавэрска паведаміла таксама, што мяняюцца дні працы „Захэнты”:

- Паколькі летась „Захэнта” не была даступная ў такім маштабе, як звычайна, мы вырашылі, што сёлета будзем запрашаць наведвальнікаў таксама па панядзелках. Нагадваю ў гэты дзень галерэя звычайна не дзейнічала. Такім чынам установа будзе адкрытая сем дзён на тыдзень, каб мы маглі нарэшце ўбачыцца ўжывую.  

Акрамя таго, наведвальнікаў чакае выстава Ёанны Райкоўскай (Joanna Rajkowska) пад загалоўкам Rhizopolis. Райкоўска – адзін з самых вядомых сучасных польскіх мастакоў. Яна з’яўляецца аўтаркай вядомай „Пальмы” на кругавой развязцы дэ Голя ў Варшаве. Цяпер у „Захэнце” яна стварыла падземны горад. Гэта сцэнаграфія неіснуючага фільма - свет каранёў, у якім пасля вялікай катастрофы на Зямлі людзі змогуць знайсці прытулак.

Акрамя таго, у галерэі будзе адкрыта выстава Мацея Салямона(Maciej Salamon) пад загалоўкам „Хатнія справы”. Праект непасрэдна навязвае да вядомай партрэтнай майстэрні Станіслава Ігнацыя Віткевіча, адкрытай у 1928 годзе.

Магчымасці адкрыцця рады не толькі культурныя ўстановы ў Варшаве. Апошняя падрыхтоўка закончылася таксама на Каралеўскім замку на Вавэлі, у Музеі Чартарыйскіх, ці Гістарычны музей у Кракаве, у якім нарэшце можна будзе пабачыць работы сёлетніх пераможцаў штогадовага конкурсу на лепшую батлейку.

Мы гатовыя і чакаем наведвальнікаў, заявіў Рафал Квірыні-Паплаўскі(Rafał Quirini-Popławski), намеснік дырэктара Нацыянальнага музея ў Кракаве:

- Мы ўжо раней вылічылі плошчу выставачных залаў і ліміты гасцей, якія ў нас даволі вялікія. Яны складаюць нават па некалькі дзясяткаў чалавек. Мы гатовыя бяспечна прымаць наведвальнікаў. Яшчэ ў 2020 годзе мы распрацавалі па гэтай справе падрабязныя працэдуры.  

Нагадваем, у Кракаве працуе больш за 50 музеяў і культурных устаноў, якія рыхтуюць выставы.
Нецярпліва наведвальнікаў чакаюць музеі і гэлерэі па ўсяе Польшчы. Дырэктар Акруговага музея ў Жэшаве Богдан Качмар(Bogdan Kaczmar) паведаміў, што былі змененыя гадзіны працы ўстановы:

- Музей будзе адкрыты таксама пасля поўдня. Гэта з мэтай даць магчымасць наведвання ўстановы як найбольшай колькасці жыхароў Жэшава і турыстаў.

У сваю чаргу Катажына Шыманьска-Мажэц (Katarzyna Szymańska-Marzec) з галерэі сучаснага мастацтва BWA ў Катавіцах нагадвае, што ў галерэі дзейнічае ўзмоцнены санітарны рэжым:

- Абавязковымі застаюцца маскі, дэзынфекцыя рук, дыстанцыя і адпаведны кірунак наведвання. Мы шчыра запрашаем. Я вельмі рада, што нарэшце магу гэта сказаць: Да сустрэчы ў галерэі!

Канчатковае рашэнне аб часе, парадку і тэмпе адкрыцця ўстановы, а таксама працэдурах, звязаных з забеспячэннем бяспекі работнікаў і наведвальнікаў музеяў і мастацкіх галерэяў прымае дырэктар установы па ўзгадненні з мясцовым санітарным інспектарам.

Нагадваем, надалей закрытымі застаюцца тэатры, кінатэатры, дамы культуры ў Польшчы.

Урад адмяняе абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса вельмі асцярожна. Астатнія меры былі падоўжаныя да 14 лютага. Гэта азначае, што толькі вучні наймалодшых класаў базавых школаў змогуць вучыцца ў школах. Гарналыжныя трасы, дыскатэкі, трэнажорныя залы, фітнес-клубы і басейны застануцца закрытымі, а сустрэчы больш як пяці чалавек і сямейныя ўрачыстасці па-ранейшаму будуць забароненыя. Спартыўная інфраструктура будзе даступная толькі для прафесійных спартсменаў. Рэстараны могуць рыхтаваць стравы выключна на вынас, а гасцініцы адкрытыя толькі для медыкаў і вайскоўцаў. Акрамя таго дзейнічае 10-дзённы каранцін для людзей, якія прыязджаюць у Польшчу арганізаваным транспартам за выключэннем тых, хто зрабіў тэст на наяўнасць каранавіруса за 48 гадзін дa прыезду.

Чарговыя рашэнні, датычныя магчымай адмены эпідэміялагічных абмежаванняў у Польшчы будуць прынятыя ў палове лютага.

аз