Беларуская Служба

На Дзень Волі ў Польшчы ладзяць акцыі салідарнасці з Беларуссю

25.03.2021 15:20
Нацыянальны цэнтр культуры арганізуе, між іншым, акцыю #LightForBelarus.
Плакат акцыі "Святло для Беларусі"фота: Нацыянальны цэнтр культуры

25 сакавіка, у 103 гадавіну абвяшчэння Беларускай народнай Рэспублікі, у Польшчы ладзяць акцыі салідарнасці з Беларуссю, між іншым, #LightForBelarus. Акцыя заключаецца ў афармленні розных будынкаў колерамі бел-чырвона-белага сцяга.

«Гэта публічная дэманстрацыя салідарнасці з нашымі суседзямі за ўсходняй мяжой. Спадзяемся, што 25 сакавіка такіх праяваў салідарнасці будзе яшчэ больш», – мяркуюць арганізатары. Гаворыць Рафал Вісьнеўскі (Rafał Wiśniewski), дырэктар Нацыянальнага цэнтру культуры, які ладзіць акцыю.

- Мы звяртаемся да ўсіх людзей, хто хоча падтрымаць беларусаў. Можна самастойна раздрукаваць плакат з нашага сайта, прыклеіць яго на акно, каб бел-чырвона-белыя колеры паявіліся ў публічнай прасторы. Такім чынам мы сімвалічна далучымся да акцыі.

Падчас першай кампаніі, якая адбылася 12 і 13 верасня мінулага года, бел-чырвона-белыя колеры з'явіліся на многіх грамадскіх абʼектах, у тым ліку на фасадах Прэзідэнцкага палаца, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Каралеўскага замка і Нацыянальнага музею ў Варшаве, культурных устаноў, ратуш, офісаў і многіх будынкаў па ўсёй Польшчы.

нг