Беларуская Служба

Культурныя дзеячы Беларусі могуць атрымаць дапамогу за мяжой

29.03.2021 18:24
Артыстам у цяперашні час надзвычай складана – не толькі праз пандэмію адмяняюць фестывалі і канцэрты, але і ўлада глядзіць падазрона на кожны выступ.
Здымак мае ілюстрацыйны характарTASS/ FORUM

Намеснік міністра культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Польшчы Яраслаў Сэлін заявіў, што санкцыі супраць высокапастаўленых дзеячаў беларускага рэжыму - адзін са спосабаў барацьбы з аўтарытарызмам у Беларусі. Гэта таксама можа быць формай падтрымкі апазіцыі ўсходняга суседа Польшчы. У эфіры PolskieRadio24 міністр адзначыў, што і Польшча, і заходнія краіны павінны цвёрда падтрымліваць беларускую апазіцыю ў барацьбе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, уладу якога не прызнае большасць жыхароў краіны.

-Улада гэтага рэжыму не прызнаецца грамадствам. Таму трэба падтрымліваць незалежную дзейнасць беларускага грамадства, свабодныя СМІ, якія там ёсць, якія спрабуюць там існаваць, палітычную эміграцыю, якая ўжо з'явілася. Неабходна адначасова паказаць і беларускаму грамадству, і нават яшчэ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што калі яны адмовяцца ад рэпрэсій супраць уласнага народу, зменяць свой палітычны напрамак, існуе магчымасць супрацы з Захадам.

На мінулым тыдні рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў закранулі польскую меншасць. Былі затрыманыя лідары Саюза палякаў у Беларусі і праведзеныя ператрусы ў польскіх грамадскіх школах і рэдакцыях паланійнай прэсы.

Польшча падтрымлівае беларускіх дзеячаў культуры. Як дзяржаўныя, так і прыватныя фонды і інстытуты запрашаюць беларускіх артыстаў і мастакоў у краіну, каб тыя адпачылі і схаваліся ад магчымых рэпрэсій. Так, напрыклад да Дня волі ў Польшчы былі арганізаваны адмысловыя канцэрты, з удзелам польскіх ды беларускіх вядомых выканаўцаў. У Варшаве дзейнічае і Беларускі вольны хор з Сяргеем Доўгушавым на чале, і паўстаў Беларускі вольны аркестр. У вёсцы Краснагруда на поўначы краіны, у студзені і лютым некалькі тыдняў у рамках адмысловай праграмы пражываў пісьменнік Андрэй Хадановіч.

-Прыехаў дзякуючы таму, што адна вядомая сучасная нямецкая пісьменніца, атрымаўшы сур’ёзную ўзнагароду, падумала, што пералічыць яе на падтрымку беларускай культуры і беларускім дзеячам. І раз на некалькі месяцаў мясцовыя арганізатары могуць запрасіць на некалькі тыдняў пісьменніка, перакладчыка або іншага дзеяча з Беларусі. Мая калега Ганна Янкута першая з’ездзіла на разведку, вельмі хваліла, рэкамендавала гэтае месца і я з удзячнасцю адгукнуўся на запрашэнне. Тут маеш палову дому афіцыйна побач з мілашоўскім дваром, кухню і вялікі пісьмовы стол на першым паверсе, некалькі пакояў для жыцця. Да таго ж цудоўную бібліятэку. Таму можна і перакладаць, і нешта сваё пісаць.

Пасля гучных затрыманняў і ператрусаў у арганізацыях палякаў у Беларусі, затрымалі і абвінавацілі ў “рэабілітацыі нацызму” журналіста Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна. На працягу апошніх, пратэстных месяцаў шмат іншых артыстаў сядзела ў арыштах. Усё ж такі праца артыста ў краіне ўскладнена не толькі каранавірусам, але і палітычнай сітуацыяй. Таму дзейнасць у напрамку дапамогі беларускім артыстам распрацоўвае Фонд культурнай салідарнасці.

Пра планы забеспячэння беларускіх культурных дзеячаў нам расказаў кіраўнік Фонду Сяргей Будкін:

-Гэта толькі на этапе планавання, хаця ў прынцыпе так ці інакш мы гэтым кропкава займаемся яшчэ з восені, калі нам удалося прытуліць на пэўныя пастаноўкі звольненых, напрыклад з Вялікага тэатра. Тут, на жаль, усё абцяжарыла сітуацыя з каранавірусам, бо шмат якія тэатры, аркестры, краіны на замку. Таму мы плануем у сувязі з новымі выклікамі хаця б скласці план, базу магчымасцяў, таму што ёсць запыты і, відавочна, трэба прынамсі, нават у межах краіны, зрабіць рэзідэнцыю, на Браслаўшчыне, напрыклад. Ну і, натуральна, за мяжой, таму што шмат якім творцам пагражаюць па-ранейшаму арышты і рэпрэсіі. Шмат хто ў няпростым псіхалагічным становішчы, і ім проста трэба выехаць. Таму працуем над гэтым, але пакуль мы складаем канкрэтную праграму, шукаючы магчымасць рэалізаваць гэтую задуму.

Сёння быў таксама апублікаваны спіс артыстаў, якія выступяць на Славянскім базары. Сярод іх прозвішчы або людзей, якія лаяльныя рэжыму Лукашэнкі гадамі, або замежных артыстаў, якія не ведаюць, або робяць выгляд, што не ведаюць, што адбываецца ў краіне. Некаторыя расійскія артысты публікавалі сёння ў сваіх сацсетках, што, нягледзячы на запрашэнні на фестываль, яны адказаліся ад удзелу ў ім. Гэта адбылося і на фоне забароны ўдзелу БТ і іх прадстаўнікоў на Еўрабачанні 2021 у Ратэрдаме. Песні групы “Галасы ЗМеста” былі прызнаны палітычнымі, што пярэчыць апалітычнаму характару конкурсу.

Спадзяемся, што ў наступным годзе ўсе цяжкасці дзеячаў культуры знікнуць і яны змогуць без перашкодаў арганізаваць канцэрты, ездзіць на фестывалі ды прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні, не выклікаючы пратэстаў шматлікіх жыхароў Беларусі ды іншых краін.


Альберт Ежы Вяжбіцкі