Беларуская Служба

Узгадваем Чэслава Сэнюха, перакладчыка «Новай зямлі» на польскую мову

11.10.2021 13:38
На хвалі Беларускай службы Польскага радыё Чэслаў Сэнюх доўгія гады вёў аўтарскую літаратарна-перакладчыцкую праграму. 
Аўдыё
  • Узгадваем Чэслава Сэнюха, перакладчыка «Новай зямлі» на польскую мову
Уладзімір Някляеў і Чэслаў Сэнюхфота: Уладзімір Някляеў

8 кастрычніка ва ўзросце 91 году памёр перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову, шматгадовы супрацоўнік Беларускай службы Польскага радыё Чэслаў Сэнюх. Гэта дзякуючы ягонай творчасці палякі маглі пазнаёміцца з паэмай «Новая зямля» Якуба Коласа.

Чэслаў Сэнюх нарадзіўся ў 1930 годзе на Наваградчыне ў мястэчку Любча. Пасля вайны ён пераехаў у Польшчу, дзе ў Варшаўскім універсітэце закончыў факультэт русістыкі. Працаваў на Польскім радыё дыктарам, чытаў «Кінахроніку». У гэты перыяд свайго жыцця Чэслаў Сэнюх не займаўся беларускай культурай. Аднак, як успамінаў перакладчык, у пэўным моманце ён сустрэў чалавека, беларуса, які намовіў яго ўшанаваць 100-годдзе Якуба Коласа і Янкі Купалы. Тады ён пераклаў першы верш – «Прарок». З таго часу пераклады паяўляліся адзін за адным. Над «Новай зямлёй» Якуба Коласа Сэнюх працаваў 10 гадоў.

Папуляразаваў беларускую літаратуру Чэслаў Сэнюх і на розных канферэнцыях, трыялогах у Віле Сакрака ў Крынках. У 2015 года атрымаў узнагароду імя Вітальда Гулевіча за пераклад «Новай зямлі».

У далучаным гукавым файле перакладчыцкую дзейнасць спадара Чэслава ўзгадвае прафесар Ніна Баршчэўская, шматгадовы кіраўнік нашай рэдакцыі. Таксама слухайце фрагмент запісу перадачы Чэслава Сэнюха з архіва Польскага радыё.

Чэслаў Сэнюх памёр праз месяц пасля сваёй жонкі, прафесар Генавэфы Коць-Сэнюх. Чэслаў Сэнюх назаўсёды застанецца ў памяці журналістаў і слухачоў Беларускай службы Польскага радыё для замежжа.

слухайце аўдыё