Беларуская Служба

Каўнас абвешчаны Культурнай сталіцай Еўропы 2022 года

04.01.2022 17:01
Каўнас Еўрапейская сталіца культуры 2022 – гэта больш за 1000 культурных мерапрыемстваў, больш за 40 фестываляў, больш за 60 выставаў, больш за 250 спектакляў (у тым ліку 50 прэмʼер) і больш за 250 канцэртаў.
Аўдыё
  • Аташэ па культуры Амбасады Літвы ў Польшчы Раса Рыміцкаіце наблізіла нам змест праграмы Каўнаса, як Культурнай сталіцы Еўропы 2022 года.
Панарама Каўнаса Крыніца: Shutterstock/J. Lekavicius

У 2022 годзе Каўнас разам з Каўнаскім раёнам стаў адной з трох еўрапейскіх сталіцаў культуры. Разам з літоўскім горадам сёлета гэты пачэсны статус атрымалі Эш-сюр-Альзет (Люксембург) і Нові-Сад (Сербія). Аднак менавіта Каўнас (Коўна) знаходзіцца бліжэй да Беларусі і Польшчы. Сёння мы гаворым менавіта пра тое, якую прапанову падрыхтаваў Каўнас – культруная сталіца Еўропы 2022 года.

Гэта ганаровае званне, да якога Каўнас імкнуўся з 2015 года, з'яўляецца адначасова вялікім выклікам і абавязкам. Гэта таксама запрашэнне стварыць горад нашай будучыні разам і сфармаваць яго культурнае жыццё, запрашэнне адкрыць і паказаць унікальнасць гэтага месца, умацаваць сувязі з іншымі культурамі і сустрэцца з імі ў Каўнасе, гаворыць аташэ па культуры Амбасады Літвы ў Польшчы Раса Рыміцкаіце:

Раса Рыміцкаіце Раса Рыміцкаіце

-Гэта вялікая магчымасць каб паказаць не толькі свой горад, але краіну, культуру краіны ды ўсёй Еўропе. Праграма «Культурная сталіца Еўропы» існуе ўжо 25 гадоў. Літва два разы атрымлівала гэты статус. Першы раз, 13 гадоў таму Еўрапейскай сталіцай культуры была абвешчана Вільня. Тады гэты статус даў Вільні агромністы імпульс развіцця, тут гаворка ідзе не толькі пра паўстанне розных культурніцкіх пляцовак, але таксама і пра штуршок для турызму. Бо Еўрапейская сталіца культуры прыцягвае мноства турыстаў, не толькі ў сам горад але і ў краіну.

Спадзяемся, што статус еўрапейскай культурнай сталіцы прынясе Каўнасу падобныя магчымасці, бо мы падрыхтавалі насычаную парграму мерапрыемстваў на 2022 год. Гэта праграма распрацоўвалася яшчэ пяць гадоў таму, тады цяжка было сабе ўявіць, як наша жыццё зменіць пандэміі. Цяпер застаецца спадзявацца, што Каўнас здолее застацца адкрытым для турыстаў горадам, зможа прыняць гасцей з суседніх краінаў: Латвіі, Польшчы, а таксама Беларусі і Украіны, Нямеччыны. Разлічваем, што ад нашых партнёраў з Сербіі і Люксембургу ў Каўнас таксама прыедуць турысты, бо менавіта ў гэтых краінах у 2022 годзе таксама знаходзяцца еўрапейскія сталіцы культуры.

Такі статус – гэта вялікі шанец паказаць Каўнас з розных бакоў, паказаць усё самае найлепшае, што мае горад: яго традыцыі, гісторыю, дыялог паміж рознымі культурамі, які тут вядзецца. Гэта вялікі шанец для гораду.

Каўнас Еўрапейская сталіца культуры 2022 – гэта больш за 1000 культурных мерапрыемстваў, больш за 40 фестываляў, больш за 60 выставаў, больш за 250 спектакляў (у тым ліку 50 прэмʼер) і больш за 250 канцэртаў. Ці вы можаце вызначыць сярод гэтага мноства культурных імпрэзаў сваіх фаварытаў?

-Вельмі слкаданы выбар. Зараз перад сабою маю агромністую кнігу (хіба тысяча старонак). Тут апісаныя ўсе мерапрыемствы, якія запланаваныя ў рамках праграмы еўрапейскай культурнай сталіцы. Некаторыя з гэтых імпрэз ужо пачаліся, як напрыклад, Каўнаскае біенале, дзе я мела прыемнасць пабываць. Там выстаўлена мноства прыўкрасных твораў. Напрыклад, выстава Ёнаса Мекаса – знакамітага авангардыста, асабліва вядомага ў кінематографк. Сёлета спаўняецца сто гадоў з дня яго нараджэння. Ён сябраваў са знакамітымі прадстаўнікамі нью-ёркскага авангарду – Эндзі Уорхалам і Юка Онай. Сярод іншага і з гэтае прычыны ў Каўнасе адбудзецца выстава Юка Оны Exit It. Апроч гэтага свае выставы прывязуць такія зоркі як Уільям Кентрыдж і Марына Абрамовіч. Адкрыццё выставы Марыны Абрамовіч адбудзецца ўжо ў сакавіку. Сярод цэлага спектра імпрэзаў, вельмі важнае месца займае выстава прысвечана падзеям у Каўнасе ў 1972 годзе.

Я сама паходжу з Каўнаса, магу распавядаць пра гэты горад вельмі доўга. Па колькасці жыхароў і свайму значэнню Каўнас – другі горад у Літве пасля Вільні. Але з пункту гледжання культурнай і мастацкай актыўнасці ў савецкія часы Каўнас мог апярэджваць Вільню. У 1960-70-ыя Каўнас быў горадам актыўнай культуры хіпі. У 1972 годзе ў Каўнасе адбыліся трагічныя падзеі, якія завяршылі эпоху хіпі. У цэнтры гораду слухач вячэрняй школы Ромас Каланта здзейсніў акт самаспалення ў знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Літвы. Хлопец на жаль памёр. Акт грамадзянскага адчаю нагадваў учынак Яна Палаха, які ў 1968 годзе падпаліўся на знак супраціву савецкай акупацыі Чэхаславаччыны. Таксама нешта падобная адбылося крыху пазней і ў Польшчы. Падчас дажынак на стадыёне ў Варшаве сябе падпаліў Рышард Сівец. У Каўнасе стаіць выдатны помнік Ромасу Каланту.

Выстава, якая пачнецца ў траўні, у 40-ую гадавіну пратэстаў у Каўнасе, будзе называцца «1972 год. Прабіць сцяну». Яна будзе расказваць пра гісторыю Каўнаса.

Таксама запланаваны вялікі музычныя імпрэзы. Для мяне асабіста вельмі важны канцэрт нашай знакамітай літоўскай дырыжоркі маэстра Міргі Гражыніце-Ціла. Якая, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо здабыла сусветную славу. Некалькі гадоў таму яна была прызнаная лепшай дырыжокай свету. Мірга Гражыніце-Ціла разам з Літоўскім сімфанічным аркестрам выканае сімфонію Майсея Вайнберга – габрэйскага кампазітара, які нарадзіўся ў Варшаве. Вельмі чакаю на гэты канцэрт, радая, што ён адбудзецца.

Апроч гэтага адбудзецца мноства розных фестываляў (напрыклад «Каўнаскі тыдзень літаратуры», «Фестываль аповесці», Міжнародны дзень шчасця і г.д), гасцямі якіх будуць сусветна вядомыя мастакі, пісьменнікі. Праграма «Каўнаса культурнай сталіцы Еўропы 2022» пачнецца ўжо 22 студзеня, у суботу.

Аташэ па культуры Амбасады Літвы ў Польшчы Раса Рыміцкаіце падкрэслівае, што праграма падрыхтаваная Каўнасам з нагоды здабыцця статуса Культурнай сталіцы Еўропы закранае не толькі культуру, мастацтва але і гісторыю гораду ды ўсяго рэгіёну:

-Пунктаў праграмы мноства, на жаль, усіх іх немагчыма абмеркаваць за такі кароткі час. Усім зычу добрага новага года, каб усе мы былі здаровыя, каб мелі магчымасць сустрэцца ў Каўнасе, маглі дыскутаваць і проста пазабаўляцца, жыць культурай і для культуры!

Аташэ па культуры Амбасады Літвы ў Польшчы Раса Рыміцкаіце наблізіла нам змест праграмы Каўнаса, як Культурнай сталіцы Еўропы 2022 года, а гутарку з ёй запісаў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!