82 гады таму (ноччу з 9 на 10 лютага 1940 года) адбылася першая масавая дэпартацыя польскага насельніцтва з усходніх тэрыторыяў даваеннай Польшчы ўглыб СССР. Трагічнаму лёсу наймалодшага пакалення дэпартаваных палякаў прысвечаны цыкл з шасці фільмаў пад загалоўкам: «Дзеці Сібіры», аўтарства журналісткі Польскага радыё Эдыты Позняк.
Аўтар ідэі фільмаў і прадстаўнік фонду «Адукацыя для пакаленняў» Міхал Стэмпнеўскі (Michał Stępniewski) кажа, што адлюстраванне лёсу дэпартаваных дзяцей з’яўляецца вынікам яго сустрэч з польскай дыяспарай у Новай Зеландыі, у прыватнасці з «дзецьмі з Пахіятуа» (Pahiatua) у Новай Зеландыі. Гаворка ідзе пра групу з больш чым 700 польскіх дзяцей, якія, пасля блукання з жаўнерамі арміі генерала Андэрса, знайшлі прытулак у лагеры ў Пахіятуа:
- Я там сустрэў людзей, пра якіх я раней чуў, бо цікаўлюся гісторыі, але я не ўсведамляў, што, пражываючы настолькі далёка ад Польшчы, можна працягваць польскасць. Нагадваю, што яны пакінулі Польшчу, калі ім было па некалькі гадоў. Яны жылі ў Новай Зеландыі 70-80 гадоў і надалей сумавалі па Польшчы і ганарыліся тым, што яны палякі.
Міхал Стэмпнеўскі падкрэслівае, што ў гістарычных справаздачах мала ўвагі прысвячаецца мірным жыхаром, якія суправаджалі армію генерала Андэрса:
- Варта нагадаць, што апрача 70 тысяч польскіх жаўнераў арміі генерала Андэрса, СССР пакінулі таксама каля 50 тысяч мірных палякаў, а сярод іх 17 тысяч дзяцей. Гэтыя 17 тысяч дзяцей у гадах 1943-1944 былі развезеныя па ўсім свеце, то бок яны апынуліся там, дзе было для іх месца; дзе іх хацелі. Напрыклад, у Новую Зеландыю польскія дзеці трапілі дзякуючы тагачаснаму прэм’еру краіны і яго жонцы.
Аўтарка цыклу «Дзеці Сібіры» Эдыта Позьняк (Edyta Poźniak) кажа, што ў фільмах прадстаўлены гісторыі шасці асобаў, якія былі сасланыя ў Сібір у рамках чарговых дэпартацыяў, але яны адлюстроўваюць трагедыю цэлага пакалення, якое страціла сям'ю, дзяцінства, дом, школу, а ў многіх выпадках і будучыню:
- Гісторыі згаданых шасці асобаў паказваюць трагічны лёс тысячаў польскіх дзяцей. Гэта былі некалькі гадовыя дзеці, або дзеці, якія нарадзіліся ў Сібіры, часам гэтыя дзеці не ведалі сваіх сапраўдных імёнаў і прозвішчаў. Што пазней з імі адбывалася? Пасля таго, як армія Андэрса пакінула СССР і накіравалася ў Іран, гэтыя дзеці разʼехаліся па ўсіх кантынентах. Лёсы герояў паказаны на аснове сапраўдных дакументаў, матэрыялаў, лістоў і дзённікаў.
У фільмах мы зможам пазнаёміцца з лёсамі Галіны Бабіньскай, Валентыны Грыцук, Францішкі Пэтэр Мазяк, Юльяна Пловага, Тэрэзы Шэйбаль і Яна Роя Вайцяхоўскага. У фільме былі выкарыстаныя надзвычай каштоўныя архіўныя дакументы, у тым ліку, фрагменты хронік, сабраных у Інстытуце Сікорскага ў Лондане:
- У фільмах мы выкарысталі таксама матэрыялы з British Pathé, якія раней не паказваліся ў польскіх СМІ. Гэта здымкі бежанцаў з 1940-гадоў. Мы бачым, як яны выглядалі, бачым іхныя твары. Гэта кранальныя вобразы, бо яны галадалі і хварэлі. Мы можам здагадацца, як цяжкі лёс і адсутнасць дзяцінства паўплывалі на гэтыя супольнасці.
Фільмы паказвае выгнанне і малавядомае блуканне польскіх дзяцей па розных кантынентах у пошуках бяспечнага месца:
-Мы няшмат ведаем пра лёс польскіх дзяцей у Індыі, дзе яны, напрыклад, упершыню ў жыцці атрымалі дзіцячыя цацкі. Новая Зеландыя стала для маладых палякаў зялёнай выспай, зялёным раем. У Афрыцы дзеці, якія прыехалі з марознай Сібіры ўпершыню пабачылі сланоў і жырафы. Эмоцыі людзей, з якімі мы размаўлялі паказваюць, што ўспаміны, нават пасля 80 гадоў, надалей жывыя.
Суаўтар цыклу Оляф Важыньскі (Olaf Ważyński) распавёў пра эмоцыі, якія суправаджалі яго падчас працы над фільмамі:
- З аднаго боку мы апісалі лёсы дзяцей, якім удалося вырваць з пякла Сібіры і дзякуючы гэтаму атрымаць шанец на нармальнае, бяспечнае і шчаслівае жыццё. З другога боку, шматлікія палякі засталіся ў гэтым пекле. Хоць згаданая тэма не закранаецца ў нашых фільмах, то яна кідае цень на галоўны аптымістычны сюжэт.
Старшыня фонду «Дапамога палякам ва Усходняй Еўропе» («Pomoc Polakom na Wschodzie») лічыць, што цыкл фільмаў «Дзеці Сібіры» паказвае «драму ў гісторыі польскага народу». Мікалай Фалькоўскі(Mikołaj Falkowski) дадае, што асабіста «адчуў сэнс гэтай гісторыі», сустрэўшыся з гэтымі людзьмі:
- Ва гарадку Камянец-Падольскі мы размаўлялі з жанчынай, якая падчас першай дэпартацыі была сасланая ў Казахстан. Ёй тады было 6 гадоў, але цэлую дарогу разам з бацькамі ішла пешшу. Менавіта тады яна адмарозіла рукі і ногі. З ссылкі яна вярнулася ў родны гарадок у 1950 -х гадах мінулага стагоддзя, але ўсё жыццё была інвалідкай. У яе ампутавалі ногі і рукі, у палявых умовах – недзе ў юрце ў казахстанскім стэпе.
Паводле гісторыкаў, у рамках чатырох хваляў дэпартацый з польскіх крэсаў, то бок тэрыторыяў Польшчы, у склад якіх уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, савецкія ўлады вывезлі на далёкую поўнач, Сібір, стэпы Казахстана і ў многія іншыя месцы каля 1 мільёна 300 тысяч палякаў. Кожны трэці дэпартаваны загінуў. Першая дэпартацыя, якая пачалася ў ноч з 9 на 10 лютага 1940 года, была самай маштабнай і трагічнай па колькасці ахвяр.
Цыкл фільмаў «Дзеці Сібіры» можна паглядзець на інтэграванай адукацыйнай платформе Міністэрства адукацыі і навукі https://zpe.gov.pl/kzd?query=dzieci+syberii&lang=pl&order
IAR/аз