Беларуская Служба

Працы беларускага мастака Максіма Осіпава можна паглядзець у прэстыжнай варшаўскай галерэі «Кардэгарда»

18.02.2022 12:44
Мастак выкарыстоўвае забытую ў Беларусі форму малявання на дыванках, каб пры дапамозе сучасных тэхнік стварыць каментар да палітычных і грамадскіх змен, якія адбываюцца ў Беларусі.
Аўдыё
  • Працы беларускага мастака Максіма Осіпава можна паглядзець у прэстыжнай варшаўскай галерэі «Кардэгарда»
Максім ОсіпаўА. Вялічка/radyjo.net

Працы беларускага мастака Максіма Осіпава можна паглядзець у прэстыжнай варшаўскай галерэі «Кардэгарда» ў Старым горадзе. Выстава «Я ўсё магу патлумачыць» з’яўляецца вынікам працы мастака ў рамках стыпендыі Gaude Polonia.

Максім Осіпаў малюе на дыванках біблейскія сцэны, сцэны побыту, любоўныя і ваенныя вобразы. Мастак выкарыстоўвае забытую ў Беларусі форму малявання на дыванках, каб пры дапамозе сучасных тэхнік стварыць каментар да палітычных і грамадскіх змен, якія адбываюцца ў Беларусі.

Гэтыя працы выкарыстоўваць традыцыйныя сродкі, але расказваюць пра вельмі сучасныя тэмы, гаворыць куратар Агнешка Бэблоўска-Бэднаркевіч.

-Мастак выкарыстоўвае розныя іконаграфічныя матывы, спалучаныя з сучаснымі матывамі, як гадзіла, якая з’яўляецца метафарай дзікай натуры. Мы бачым жывыя колеры і вельмі нетыповую форму працы. Мастак выкарыстаў яшчэ даваенную форму малявання на дыванках. Адкуль гэта ўзялося? Гэта вынік падзення культуры, калі сяляне бачылі ў дварах і палацах кілімы ды хацелі свае дамы ўпрыгожыць падобным чынам. Адсюль ужо пасля Першай Сусветнай вайны паявіліся такія дыванкі.

Адкуль ідэя маляваць на дыванках, якія ніколі не лічыліся творамі высокага мастацтва? Максім Осіпаў кажа, што займаецца гэтай формай каля чатырох гадоў.

-Я сам з Віцебску. У нас авангард быў мэйнстрымам заўсёды. Я з маленства разумеў, што такое квадрат Малевіча, хто такі Шагал. Прынамсі канцэптуальнае мастацтва было для мяне нармальным даволі доўга. Потым я заўважыў такі трэнд, што ў Беларусі сучасная форма пачала дамінаваць над сэнсам. Ты бачыш нешта «упечатляюшчае», а насамрэч яно ні пра што. Таму я вельмі свядома абмежаваў сябе ў межах вельмі простага жанру, як маляваны дыван, каб казаць пра змест, які мяне хвалюе. Бо калі я працую з канцэптуальным мастацтвам, то мне цяжка, паколькі людзі бачаць занадта шмат таго, чаго я не хачу бачыць.


. .

Пра гэтую карціну Максім Осіпаў кажа, што сёння яна можа быць пра тое, што адбываецца ў грамадстве ў кантэксце галадоўкі Уладзіміра Мацкевіча.

-Гэты працэс часам нездаровы, але які ёсць. Я пабачыў, што некаторыя людзі казалі, а такое казаць грэх, што калі будзе яшчэ адзін герой, то можа будзе лепш. Я супраць таго, каб было больш герояў. Калі ты адчуваеш патрэбу ў подзвігах, якія цябе падмацоўваюць, гэта значыць, што ідэя, за якую ты хварэеш, недастаткова моцная. І гэта трэба мацаваць самому, а не чапляцца за ўяўную нябесную сотню.

Іншая карціна прысвечана тэме помнікаў і жывой памяці.

-Мяне натхніў Гомельскі выканкам. Ён зрабіў копіі брацкай магілы і Хатыні, каб усхваляць іх у парку падчас свята. То бок яны зрабілі макет магілы. Нібыта магіл мала і трэба, каб яна была яшчэ і ў парку, куды паставяць піянераў. Мне падалося, што гэта такая дурасць, фантастычная чэрнь. І я падумаў, што так адбываецца, калі ў нас думаюць толькі пра гераічнасць народу, а пра тое, што такое фашызм, нібыта забыліся. На гэтай працы помнікі – гэта культ людзей.

Кожная карціна Максіма Осіпава суправаджаецца тэкстам, які тлумачыць, што аўтар хацеў паказаць сваёй працай.


. .

Максім Осіпаў быў стыпендыятам праграмы «Gaude Polonia» Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Выстава ў Кардэгардзе з’яўляецца вынікам яго працы. Праграма скіраваная да творцаў з Цэнтральна-Усходняй Еўропы, нагадвае прэс-сакратар Нацыянальнага цэнтра культуры Польшчы Яанна Банцэроўска.

-Асаблівым чынам мы запрашаем творцаў з Украіны і Беларусі. І сапраўды, украінскіх творцаў у гісторыі праграмы было найбольш. У апошнія гады значна расце колькасць беларускіх творцаў, якія атрымліваюць стыпендыю, як Максім Осіпаў, выстава якога працуе ў Кардэгардзе.

Сам Максім Осіпаў кажа, што стыпендыя дала яму ўнікальны досвед, калі можна было адчуць сябе сапраўдным мастаком і займацца толькі мастацтвам, не маючы патрэбу працаваць на іншых працах, каб зарабіць на жыццё, як было ў Беларусі.

Выстава «Я ўсё магу патлумачыць» у прэстыжнай варшаўскай галерэі мастацтваў Кардэгарда працуе да 27 лютага. У гэты ж дзень з 16 да 18 гадзіны можна сустрэцца з мастаком. Уваход вольны.

ав

слухайце аўдыё