Беларуская Служба

89 гадоў таму нарадзіўся славуты польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі

25.11.2022 06:03
Будучы студэнтам, ён жыў сціпла, таму, каб зарабіць на жыццё, падрабляў, граючы ў музычных калектывах на вяселлях.
Аўдыё
  • 89 гадоў таму нарадзіўся славуты польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі
Krzysztof Penderecki
Krzysztof PendereckiPAP/Ludek Perina

Кшыштаф Пэндэрэцкі лічыцца адным з найбольш знакамітых кампазітараў класічнай музыкі 20-га стагоддзя. Ён – лаўрэат шматлікіх прэстыжных міжнародных і польскіх прэмій і ўзнагарод, у тым ліку Ордэна Белага Арла – вышэйшай польскай дзяржаўнай узнагароды. Славуты польскі кампазітарам нарадзіўся 89 гадоў таму – 23 лістапада 1933 года.
Дзяцінства і юнацтва ён правёў у горадзе Дэмбіца ў Падкарпацкім ваяводстве на поўдні Польшчы.

«Мой першы кантакт з музыкай быў у дзяцінстве. Акрамя бацькі, які іграў на скрыпцы, музыка ў маім жыцці з’явілася ў горадзе, дзе існаваў духавы аркестр. Я заўсёды цягнуў за сабой сваю няньку на вуліцу, каб паслухаць, як яны іграюць», – згадваў Кшыштаф Пэндэрэцкі ў 2013 годзе. Менавіта скрыпка бацькі стала першым інструментам, на якім вучыўся іграць маленькі Кшыштаф. А пазней была музычная школа.

У 1957 годзе скончыў Кракаўскую музычную акадэмію, з 1959 года пачаў у ёй працу ў якасці выкладчыка. Першы поспех прыйшоў у 1959 годзе, калі Пэндэрэцкі атрымаў адразу тры першыя прэміі Саюзу польскіх кампазітараў.

Дарэчы, як паведамляюць крыніцы, будучы студэнтам, ён жыў сціпла, таму, каб зарабіць на жыццё, падрабляў, граючы ў музычных калектывах на вяселлях. З 1973 да 1978 года выкладаў у славутым Ельскім універсітэце, іншых вядомых ВНУ, праводзіў таксама майстар- класы ў буйнейшых музычных цэнтрах Еўропы, ЗША і іншых краін.

Кшыштаф Пэндэрэцкі вядомы не толькі як кампазітар, але і як дырыжор, які працаваў з найбольш вядомымі аркестрамі свету.


Krzysztof Penderecki w domu w Lusławicach Krzysztof Penderecki w domu w Lusławicach

Спецыялісты падкрэсліваюць, што творам Пэндэрэцкага ўласцівы глыбокі мастацкі змест, шырокі спектр сродкаў музычнага выказвання і выкарыстанне традыцый каталіцкай музыкі. Адным з найбольш вядомых твораў польскага кампазітара, які яму прынёс вядомасць не толькі ў Польшчы, стаў «Плач па ахвярах Хірасімы», напісаны ў 1960 годзе. Пэндэрэцкі таксама напісаў твор «Памяці ахвяр «Аўшвіц», пісаў рэлігійную музыку і оперы. Найбольш вядомыя – «Страчаны рай», «Чорная маска», «Убу кароль».

Ён – аўтар шматлікі аркестравых твораў, інструментальных канцэртаў і камерна-інструментальнай музыкі.

На пачатку сваёй кар’еры быў прадстаўніком авангарднага падыходу ў напісанні музычных твораў. Таксама ў сваіх творах ён выкарыстоўваў гукі не толькі музычных інструментаў, але і звычайных прадметаў, напрыклад, пілы, кавалка бляхі альбо пішучай машынкі.

У 1970-я гады кампазітар паступова мяняе музычны стыль, адыходзячы ад авангарда. Якога музыка пачынае нагадваць стыль кампазітараў 19-га стагоддзя.

Пішучы музыку, ян стараўся ў ёй адлюстраваць рэчаіснасць і жыццё чалавека, прыкладам чаго можа быць «Польскі рэквіем» альбо «Уваскрасенне». Гэты твор кампазітар напісаў пасля тэрактаў на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку ў 2001 годзе. Пэндэрэцкі таксама стварыў твор, прысвечаны памяці Папы рымскага Яна Паўла ІІ.

Дарэчы, музыку Кшыштафа Пендарэцкага выкарыстоўвалі ў фільмах такіх рэжысёраў, як Ален Рэнэ, Стэнлі Кубрык, Дэвід Лінч, Анджэй Вайда ды інш.


Pogrzeb Krzysztofa Pendereckiego Pogrzeb Krzysztofa Pendereckiego

Пэндэрэцкі – чатырохразовы лаўрэат «Грэмі».

Памёр славуты кампазітар 29 сакавіка 2020 года ў Кракаве.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу