Беларуская Служба

Апытанне: Палякі любяць помнікі гісторыі, але ведаюць пра іх няшмат

26.12.2022 09:31
Палякі разумеюць, што дагледжаныя помнікі гісторыі – гэта вялікі шанец на развіццё польскіх гарадоў і вёсак.
Аўдыё
  • Палякі любяць помнікі гісторыі
Рабштынскі замакAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Паводле вынікаў даследавання інстытуту IPSOS, 80 працэнтаў апытаных палякаў бачаць у помніках гісторыі шанец на эканамічнае развіццё сваіх гарадкоў. Яны любяць помнікі, разумеюць іх каштоўнасць, але на самой справе ведаюць пра іх няшмат. Пра тое, што варта клапаціцца пра помнікі пераконваюць таксама ўлады, якія надоечы запусцілі адмысловую кампанію па гэтай справе.

Надоечы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны запусціла кампанію: «У помнікі гісторыі варта інвеставаць». Кіраўнік міністэрства, віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі(Piotr Gliński) падкрэсліў, што клопат пра помнікі, іх ахова і захаванне – гэта абавязак перад польскай памяццю, нацыянальнай спадчынай, але таксама перад будучыняй. Гэта таксама вялікі шанец на развіццё польскіх гарадоў і вёсак:

- Помнікі – гэта рухавік развіцця. Гэта бачна па ўсім свеце, дзе інвестуюць у помнікі не толькі па прычынах ідэнтычнасці і супольнасці, але таксама па эканамічных прычынах. Кожны ўладальнік помніка, ведае, што гэта яму аплочваецца. Прывабны помнік прыцягвае спажыўцоў, турыстаў. Калі нашыя помнікі дагледжаныя, то людзі жывуць прыгажэй, а таксама на вышэйшым эканамічным узроўні.

Пётр Гліньскі нагадаў, што за апошнія сем гадоў бюджэт праграмы «Ахова помнікаў» быў павялічаны з прыкладна 80 да 220 мільёнаў злотых. Акрамя таго, з лістапада можна падаваць заяўкі на падтрымку ў рамках дзяржаўнай праграмы «Польскі парадак аховы помнікаў». Агульны кошт падтрымкі складзе 3 мільярды злотых.

Палякі любяць помнікі, лічыць дырэктар Нацыянальнага інстытута аховы помнікаў Міхал Ляшчкоўскі (Michał Laszczkowski) :

- Паводле даследаванняў праведзеных французскім інстытутам IPSOS па замове Нацыянальнага інстытута аховы помнікаў, 80 працэнтаў апытаных палякаў бачаць у помніках шанец на эканамічнае развіццё сваіх гарадкоў. Вынікі – нечаканыя. Тое, што помнікі гісторыі важныя для палякаў, мы ведалі ўжо раней. Але факт, што яны бачаць у помніках шанец на эканамічнае развіццё – новы аспект. Гэта мы хочам падкрэсліць у нашай кампаніі. Інвестыцыя ў помнікі гісторыі дае канкрэтныя даходы і канкрэтныя, новыя месцы працы.

У Польшчы каля 80 тысяч помнікаў гісторыі. «Гэта патэнцыял, якім шкада было б не скарыстацца», – сказаў Міхал Лашчкоўскі.

Нацыянальны інстытут аховы помнікаў – дзяржаўная ўстанова культуры. Праводзіць навукова-даследчыя, інвентарызацыйныя і рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы, аказвае экспертную падтрымку і садзейнічае ахове помнікаў у Польшчы.

Эксперт IPSOS Марцін Хінц(Marcin Hinz) падкрэслівае, што вынікі праведзенага даследавання паказалі, што з аднаго боку, палякі мала ведаюць пра помнікі, але ў той жа час яны лічаць, што ахова помнікаў вельмі важная. Даследаванне мела колькасны і якасны характар, кажа эксперт:

- Мы былі зацікаўленыя ў тым, каб апытаць людзей у рознай жыццёвай сітуацыі. Гаворка ідзе пра тое, каб гэта былі асобы з дзецьмі, унукамі, адзінокія асобы з буйных гарадоў. Гэта таксама выразна ўплывае на стаўленне да помнікаў гісторыі – наколькі яны важныя для нас у штодзённым жыцці.

Цікава, што хоць палякі разумеюць значэнне помнікаў, то самі прызнаюць, што ведаюць пра іх няшмат, кажа эксперт:

- Самаацэнка ведаў аб помніках у палякаў сярэдняя, але ўзровень ведаў таксама залежыць ад рэгіёну. У тых ваяводствах, дзе, паводле спісаў, помнікаў гісторыі найбольш, самаацэнка ведаў найвышэйшая.

Наведванне помнікаў гісторыі – другі па папулярнасці культурны занятак палякаў. У нашым даследаванні мы пыталіся таксама ў палякаў пра іх культурную актыўнасць:

- Песімістычна – палова апытаных палякаў цягам апошняга году не прымала ўдзелу ў ніякай культурнай падзеі. У сваю чаргу аптымістычна, асабліва для ўстановаў, якія займаюцца помнікамі, што помнікі апынуліся на другім месцы па папулярнасці пасля канцэртаў поп-музыкі. 20 працэнтаў палякаў заявілі, што цягам году наведалі нейкі помнік гісторыі. Цікава, што гэтыя паказчыкі вышэйшыя для групаў наймалодшых палякаў і бацькоў з дзецьмі.

Пад назвай «помнік гісторыі» палякі разумеюць, перш за ўсё, аб’ект, які можна наведаць. У гэтую катэгорыю, яны рэдка ўлічваюць, напрыклад, гістарычную камяніцу, у якой жывуць, кажа Хінц:

- Цікава, што частка палякаў лічыць, што помнік гісторыі – гэта аб’ект, які ўзнік да 1939 года, то бок да Другой сусветнай вайны. Гэта няпраўда, паколькі помнікамі гісторыі могуць быць таксама маладзейшыя аб’екты. Палякі думаюць, што помнік гісторыі – гэта нешта старое і сімвалічнае і спалучанае з польскай гісторыяй.

У даследаванні мы хацелі даведацца таксама, што можа павялічыць зацікаўленасць палякаў помнікамі гісторыі. Паводле вынікаў апытання, ёсць чатыры матывацыі:

- Дзве першыя – гэта прыемнасць і сумеснае перажыванне, дзве наступныя – прыналежнасць і статус. Апошнімі накіроўваюцца патрыёты, асобы для якіх важная гісторыя і польскасць. Гэта разумеюць і выкарыстоўваюць установы культуры. У сваю чаргу, калі гаворка ідзі пра прыемнасць і сумеснае перажыванне, то помнік гісторыі павінен нам падабацца і ўражваць нас не толькі прыгажосцю, але, напрыклад, таксама тэхнічнай думкай, як піраміды. У сваю чаргу матывацыя звязаная з сумесным перажываннем важная для тых людзей, якія таварыскія і любяць быць з іншымі: сумесна ўдзельнічаць у розных экскурсіях і мерапрыемствах у гістарычных аб’ектах. Дзве апошнія матывацыі не да канца выкарыстаныя ўстановамі культуры.

- лічыць эксперт IPSOS Марцін Хінц(Marcin Hinz).

Паводле апытання IPSOS, 87 працэнтаў палякаў лічаць, што дагледжаныя помнікі ў іх мясцовых супольнасцях ствараюць магчымасці для развіцця. 85 працэнтаў апытаных лічаць помнікі гісторыі «важнымі для Польшчы». 82 працэнты рэспандэнтаў адказалі, што помнікі «важныя для месца, дзе яны жывуць».

Акрамя таго, палякі лічаць, што помнікі даюць пачуццё бяспекі, упэўненасці, пераемнасці пакаленняў і гонару.

IAR/PR24/аз

У Варшаве можна паглядзець выставу пра трагічны лёс першага прэзідэнта даваеннай Польшчы

09.12.2022 13:31
Экспазіцыя была наладжана ў рамках адзначэння стагоддзя прэзідэнцкай прысягі і трагічнай смерці Габрыеля Нарутовіча.

Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея (ФОТА)

16.12.2022 10:01
Установа ўшаноўвае памяць ахвяр злачынства ў Пясніцы, якое называюць таксама «Паморскай Катынню» або «Кашубскай Галгофай».