Кранальная сустрэча, прысвечаная памяці выдатнага беларускага паэта, перакладчыка, журналіста і грамадскага дзеяча Віктара Шведа пад лозунгам «Ізноў я ў вёсцы Мора...» у перадкаляднай атмасферы адбылася 11 снежня ў адрамантаванай святліцы ў Моры, – піша Аляксаей Мароз.
– Жонка паэта Валянціна Швед кранальна ўспамінала мужа і сама чытала некаторыя яго вершы. Сабраныя паглядзелі дакументальны фільм Міколы Ваўранюка «Віктар Швед – беларускі паэт» і паслухалі ўспаміны старшыні Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапы. Іх упершыню чытаў на Радыё Рацыя Міхась Андрасюк пасля смерці паэта ў кастрычніку 2020 года. Вучні Пачатковай школы ў Чыжах дэкламавалі вершы Віктара Шведа і спявалі калядкі на яго словы. Пра паэта, ураджэнца вёскі станоўча выказваліся жыхары Мора.
Напераменку з адной з вучаніц жонка паэта прачытала верш «Не забывай», асабліва акцэнтуючы фінальны заклік: «Народу, мовы і айчыны не забывай, не забывай». «Гэта быў запавет Віктара Шведа, – адзначыла жонка паэта. – Яму таксама хацелася, каб яго не забывалі і мне хацелася б, каб яго ў Моры таксама не забылі. Я дзякую, што былі прапановы, што будзеце прыбіраць магілы сям'і Шведаў. Дзякую, што былі прапановы падвозіць мяне з чыгуначнага прыпынку на могілкі, але мне хочацца вандраваць праз вёску Мора. Нямецкі паэт Гётэ пісаў, што, каб пазнаць паэта, яго творчасць, трэба пабываць на яго бацькаўшчыне. Для Віктара Шведа бацькаўшчынай была не толькі Беласточчына, але таксама вёска Мора», – сказала Валянціна Швед.
Мастакі, аніматары культуры, фальклорныя калектывы, а таксама людзі і фонды, якія займаюцца аховай спадчыны, атрымалі ад маршалка Падляшскага ваяводства ўзнагароды за апошні мастацкі сезон, – піша Міра Лукша. – Лаўрэатам стаў, між іншым, журналіст і публіцыст, даследчык і энтузіяст краязнаўства, галоўны рэдактар беларускага грамадска-культурнага штомесячніка «Czasopis» Юры Хмялеўскі, узнагароджаны за дасягненні ў рэдакцыйна-публіцыстычнай і даследчай дзейнасці па захаванні і развіцці культурнай самабытнасці беларускай нацыянальнай меншасці. Паведаміў ён падчас урачыстасці, што сярод узнагароджаных ёсць некалькі прадстаўнікоў беларускай меншасці: «Гэта надзвычай важна, нягледзячы на праблемы, захаваць нашу ідэнтычнасць у рэгіёне, у Польшчы. Гэта паказвае, што мы ўсё яшчэ маем велізарны творчы і мастацкі патэнцыял, тым самым узбагачаючы наш шматкультурны рэгіён».
Тры ўзнагароды атрымаў Гайнаўскі Дом культуры. Узнагароджаны былі ініцыятарка і мастацкі кіраўнік Студыі сцэнічнай песні Марта Грэдаль-Іванюк, Ансамбль песні «Рэха пушчы» і Гурт народнага танца «Перапёлка». Танцавальны калектыў існуе ўжо 30 гадоў, складаецца з дзяцей і падлеткаў. У яго рэпертуары – традыцыйныя польскія, беларускія і ўкраінскія танцы.
У Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку пад канец лістапада можна было паслухаць даклад «Святыя воды на Падляшшы і іх значэнне ў жыцці вернікаў», спалучаны з прэзентацыяй кнігі «Wody uznawane za święte na Nizinie Północnopodlaskiej w świetle analizy hydrologicznej», – піша Марыя Кужалеўская. – З дакладам выступіла кіраўнік кафедры гідралогіі Біялагічнага факультэту Універсітэта ў Беластоку доктар Альжбета Екацярынчук-Рудчык.
– Крыніцы – гэта цудоўная праява прыроды, натуральны выток вады. Падземная вада выплывае сама па сабе, а насельніцтва ёю карыстаецца. У ваколіцах Беластоцкага ўзвышша найбольш вядомы месцам зʼяўляецца Святая Вада, да якой штодня прыбываюць паломнікі. Другім месцам зʼяўляюцца Фальваркі-Тыльвіцкія, а трэцім – Рыбалы з урочышчам Пятрашкі. У даліне Верхняй Нарвы вельмі вядомымі месцамі зʼяўляюцца каплічкі з крынічкамі – гэта Бахуры, Адрынкі, Заячкі са святым каменем, Завыкі, Плонка-Касцельная. У Адрынках вада мае найлепшую якасць. На Падляшскай раўніне найбольш вядомая Крыначка, а крыху менш вядомыя – Новаберазова, Стары Корнін, Курашава. Мякішы цяпер перажываюць рэнесанс і, як сказала аўтарка, якраз пры гэтай крынічцы ўвесь час прысутныя людзі. На Раўніне крыніцы ёсць яшчэ ў Градалях, у Кнарыдах і Гадышаве. Пры кожнай крыніцы ёсць каплічкі. Іх як правіла зачыняюць, і толькі ў Кнарыдах яна была адкрытая, што і стала прычынай пажару, і ў выніку яна згарэла. Вернікі за кароткі час паставілі ў гэтым месцы большую каплічку, яшчэ прыгажэйшую.
Канец года – гэта пара, калі людзі аглядаюцца за сябе, у прынцыпе на мінаючы год. А часам і ў больш адлеглы перыяд. Спрабую і я зазірнуць у той найдаўнейшы час, які захаваўся ў маёй памяці, – піша Аляксандр Вярбіцкі. – У мой час у Ляўкове былі два школьныя будынкі: «старая» і «новая» школы – пасярэдзіне вёскі, па двух баках вуліцы. У «новай» вучыліся старэйшыя класы, а ў старэйшым будынку – малодшыя. Нягледзячы на такую дыспрапорцыю, у зручны час адбываліся бітвы паміж экіпажамі абодвух будынкаў. У зімовую пару ў час перапынкаў ішлі баі снежкамі цераз вуліцу, а пасля заняткаў адбывалася перагрупоўка і змагаліся між сабою вучнёўскія каманды, што разыходзіліся са школы ў розныя бакі – спаборнічалі Старое Ляўкова з Новым. Зноў адбывалася праверка меткасці, – успамінае юнацкія гады ніўскі журналіст.
Віталь Луба