Беларуская Служба

Першы нумар «Нівы» у гэтым годзе: беларусы працуюць і гуляюць

02.01.2023 17:17
На першай старонцы – адразу святочна.
Аўдыё
Рэдакцыя тыднёвіка ў Беластокуфота: Наталля Грышкевіч/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Ганна Кандрацюк у фотарэпартажы «Лірычная каляда!» распавядае пра калядную вечарыну ў Праваслаўным цэнтры культуры ў Беластоку, дзе была зладжана імпрэза, якая прыцягнула неверагодную колькасць людзей усіх пакаленняў, але і адкрыла іх на прыгажосць і багацце традыцыі, падмацавала беларускія душы і целы.

Беларуская вечарына адбылася і ў Белавежы. Піша пра яе Аляксей Мароз. Белавежскі асяродак культуры ў супрацоўніцтве са Школьна-дашкольным комплексам у Белавежы наладзілі гэтую сустрэчу, у якой прынялі ўдзел вучні і настаўніцы мясцовай школы і Гайнаўскага белліцэя.

Пра школьніцтва згадвае Уршуля Шубзда ў тэксце «Беларускі вучань і вучань з Беларусі – асобныя катэгорыі на Падляшшы». Дэмаграфічны спад ды працэс паланізацыі ўплываюць на ўсё меншую колькасць ахвотных вывучаць беларускую мову. З другога боку, дзеці беларусаў з Беларусі, хаця хочуць вучыць родную мову, не могуць удзельнічаць у такіх уроках. Ініцыятары з ліку дыяспары абвясцілі збор подпісаў пад заявай да Дэпартаменту адукацыі з патрабаваннем арганізацыі заняткаў беларускай мовы для дзяцей прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Радаслаў Маціевіч распавядае, што робіцца ў нараўскім прадпрыемстве ПРОНАР. Тры новыя вытворчыя цэхі – гэта таксама некалькі сотняў дадатковых працоўных месцаў. Падчас афіцыйнага адкрыцця гэтых новых цэхаў старшыня Сяргей Мартынюк сцвердзіў, што моцны бок нараўскай фірмы – у паслядоўным стварэнні ўласнага брэнда з улікам патрэбаў рынку. – Мы вырабляем такія рэчы, якіх больш нідзе не купіш. Самае вялікае багацце нашага краю – яго жыхары. Гэтая разбудова праводзілася з улікам іх, каб яны не ехалі ў Англію, Бельгію, а заставаліся ў нас. У фірме ПРОНАР, між іншым у Нарве, Нараўцы, Сямятычах, на 8 фабрыках працуе шмат беларусаў Падляшша, а таксама многа эмігрантаў з Беларусі і Украіны.

Пра родную старонку піша Мікалай Панфілюк. Загаловак – «Жыве Беларусь і наша Падляшша». «А як можам захаваць сваю годнасць і чалавецтва? Захаваць сваю родную мову ў сваім сэрцы і думцы і любоў да ўсіх..Трэба ісці наперад са слушнай верай і выбранай дарогай і з воклічам «Жыве Беларусь і наша Падляшша!» Можам спадзявацца, што, мабыць, выйдуць друкам ягоныя ўспаміны.

Мікалай Панфілюк даклаў сваю творчую цаглінку і да конкурсу беларускай паэзіі і прозы, які сёлета меў свой юбілейны – 25 выпуск. Удзел у чарговым выпуску «Дэбюту» прыняло 47 літаратараў-аматараў з усёй Польшчы, якія прыслалі ў «Ніву» шмат твораў, найбольш паэтычных.

На старонках «Нівы» друкуецца таксам Віктар Сазонаў. Піша з гумарам, дасціпна, трапна, выдатна па-беларуску гэты баявіты беларус-змагар. Пра заганы і файныя рысы беларусаў.

А з паэтаў – штораз больш допісаў маладога Юркі Буйнюка, аднаго з наймалодшых «белавежцаў». Раскрывае ён шуфляду паэта. Напісанае для Нівы, надрукавана ў ёй – не прападзе! І пра гэта ведаюць таксама ў Зорцы, якую вядзе 27 гадоў Ганна Кандрацюк. Тут у яе выкоўвацца новыя кадры – і для беларускага слова, і школы, і проста народу. Піша ў Зорцы Ніка Савіцкая са школы святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку, дзе яна з сябрамі вывучае беларускую мову. Яны правялі размову з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым, госцем сустрэч Зоркі – майстар-класаў, на якіх пішуць свае газеты найлепшыя школьнікі, якія вывучаюць беларускую мову. А пісьменнік адказвае ім: «Я лічу, што гэта вельмі важна, дзе чалавек нараджаецца, бо гэта яму абяцае такі лёс».

Як заўсёды пра тое, як гісторыя і хітрыя задумы пляжаць чалавечы род, а той род усё ж трымаецца, незалежна ад ядаў і бомбаў – піша на апошняй старонцы ў сваім эсэ мясцовы следапыт, філосаф і кніжнік Аляксандр Вярбіцкі:«Цар-бобма і Цар-яд». Ён жа – і аўтар адмысловых загадак, над якімі ломяць галовы чытачы, каб прыслаць сваю адгадку і атрымаць ва ўзнагароду кнігу. У некаторых за адгадкі цэлыя беларускія бібліятэкі! А загадка – на 11 старонцы, побач найбольш справядлівага ў свеце гараскопа. У «апошняй «Ніве» пра тое, што было, а таксама – што будзе. Што для «Рыб» – бо «Ніва» Рыба, народжаная ў сакавіку. «Энергіі малавата, клопатаў шмат. Ці захочацца нейкай грамадскай актыўнасці? Зараз Венера знаходзіцца ў доме абмежаванняў... Лягчэй не стане».

А ну яго, той гараскоп! Ніва, трымайся!

Міра Лукша