Помнікі гісторыі з'яўляюцца найвышэйшай формай аховы польскіх помнікаў. Помнік гісторыі ў Польшчы – адна з пяці формаў аховы помнікаў, пералічаных у Законе «Аб ахове помнікаў і доглядзе за імі» 2003 году. Гэтым тэрмінам называюць нерухомы помнік асаблівага значэння для культуры краіны.
Да элітнага спісу помнікаў гісторыі далучыўся Сточэк Кляшторны (Stoczek Klasztorny). Гэта асаблівае месца, звязанае з гісторыяй польскага Касцёла, расказвае Вармінскі арцыбіскуп і мітрапаліт Юзэф Гужынскі:
-Яго фундатарам быў біскуп Шышкоўскі, як знак падзякі за мір, які заключалі паміж сабой Польшча і Швецыя. У сувязі з гэтым там пабудаваны санктуарый Маці Божай Міру. Абраз быў каранаваны Янам Паўлам ІІ. Але ў апошняй гісторыі гэта месца стала вядомым тым, што гэта было месца інтэрніравання, адасобленасці кардынала Стэфана Вышыньскага.
Таксама ў Спіс помнікаў гісторыі занесены будынак Міністэрства адукацыі і навукі на Алеі Шуха ў Варшаве. Славамір Адамец з Міністэрства адукацыі і навукі гаворыць, што будынак існаваў з 1930 года як рэзідэнцыя Міністэрства культуры і рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы:
-У Польшчы яго лічаць найвыбітнейшым помнікам у стылі ар-дэко. Ён выдатнейшым чынам быў захаваны, нягледзячы на ваенныя дзеянні. Таксама нягледзячы на тое, што ў гэтым будынку засядалі нямецкія акупацыйныя ўлады. Тут было Гестапа. У часе акупацыі тут жахлівым чынам катавалі палякаў.
У спіс помнікаў гісторыі трапіла і праваслаўная царква ў Супраслі. Яе наведвалі кароль Жыгімонт Стары і Канстанцінопальскі Патрыярх Ерамія ІІ. Праваслаўны епіскап Супрасльскі і настаяцель Супрасльскага манастыра Анджэй Баркоўскі падкрэслівае, што гэта быў важны цэнтр пісьменства на мяжы XV і XVI стагоддзяў, у ім і сёння захоўваецца шмат каштоўных твораў:
-Самым старым зʼяўляецца Супрасльскі кодэкс, занесены ў спіс спадчыны ЮНЕСКА. Да нас ён трапіў з Баўгарыі, з самай старой школы пісьменніцтва кірыліцай, заснаванай вучнямі братоў Кірыла і Мяфодзія. Бібліятэка манастыра ў XVI стагоддзі мела больш за 200 рукапісных кніг. На тыя часы гэта была вельмі багатая бібліятэка. У сваю чаргу сам цэнтр быў адным з самых значных у Вялікім Княстве Літоўскім.
У спіс помнікаў гісторыі трапілі таксама праваслаўны манастыр у Яблэчнай, архітэктурны комплекс Новая Гута, касцёл св. Якуба Апостала XIV ст. у Малуявіцах, помнік раманскай архітэктуры, комплекс калегіума св. Марціна ў Апатове, кляштарны комплекс бернардзінцаў у Радаме, а таксама архікалегіяльны комплекс Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Аляксея – раманскі касцёл у Туме.
Уручэнне пастановы аб прызнанні гістарычных будынкаў помнікамі гісторыі адбывалася ўрачыстым чынам у Прэзідэнцкім палацы. Уручаў дакументы прэзідэнт Анджэй Дуда. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што для яго, як кракаўчаніна, асаблівае значэнне сярод новых помнікаў гісторыі мае Новая Гута. Паводле планаў ініцыятараў праекту, Новая Гута павінна была быць вялікім ідэалагічным прадпрыемствам, якое будзе дамінаваць у Кракаве. Аднак сталася інакш: Новая Гута стала падмуркам для Кракава і яго інтэлігенцыі. Анджэй Дуда гаварыў, што Новая Гута – гэта выдатны твор польскіх архітэктараў і сведчанне перамогі яе жыхароў над сацыялістычнай ідэалогіяй:
-Паглядзім на Новую Гуту: вялікія панадворкі, шмат зялёных месцаў, садкі і школы. Сярод іх, нягледзячы на тое, што камуністычная ўлада не прадугледжвала, усё ж былі пабудаваныя храмы. Бо гэтага хацелі людзі. Яны перарабілі сацыялістычную ідэалагічную мадэль па-свойму.
Помнікі гісторыі сімвалічна паказваюць, як дзяржава клапоціцца пра агульнае дабро, гаварыў на ўрачыстасці прызнання тытулаў міністр культуры і нацыянальнай спадчыны, віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі:
-Гэты працэс дасканала паказвае функцыянаванне дзяржавы для дабра грамадства. Пачынаецца з таго, што нехта гадамі клапаціўся пра пэўны элемент матэрыяльнай спадчыны, але таксама пра нематэрыяльны элемент, гэтак званы нерухомы помнік гісторыі. Пасля паступова гэта перараджаецца ў ініцыятыву надання яму звання помніка гісторыі. Часта такая актыўнасць спалучаная з навуковай і аналітычнай працай. Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя, што на працягу сямі гадоў, а ў 2016 годзе ў нас было каля 60 помнікаў, цяпер у нас 123 помнікі гісторыі. Прычым усё адбывалася не па якой-небудзь спрошчанай працэдуры, а вельмі сур’ёзна, паводле нармальнай дзяржаўнай працэдуры. Гэта цудоўная навіна. І мы будзем працягваць далей.
Усяго ў Польшчы 123 помнікі гісторыі.
ав
слухайце аўдыё