Беларуская Служба

Больш за чвэрць мільярда злотых на барацьбу з ракам было сабрана ў Польшчы падчас рэкорднага стрыму маладога інфлюэнсера

27.04.2026 10:47
«Няхай 26 красавіка стане Днём барацьбы з ракам у дзяцей», — заклікаў на заканчэнне акцыі ейны аўтар «Łatwogang».
         Cancer Fighters.
Дабрачынны збор ахвяраванняў на барацьбу з ракам для Фонда «Cancer Fighters».PAP/Leszek Szymański

251 885 518 злотых (амаль 60 мільёнаў еўра) — гэта агульная сума дзевяцідзённага дабрачыннага стрыму інфлюэнсера «Łatwoganga» Пятра Гаркоўскага для фонду барацьбы з ракам «Cancer Fighters». Ініцыятыва, якая пачалася са «сціплай» мэты — сабраць 500 тысяч злотых, ператварылася ў адзін з найважнейшых сацыяльных рухаў у гісторыі польскага інтэрнэту, канстатуе выданне «Rzeczpospolita».

Сума, верагодна, будзе яшчэ большай паколькі стваральнікі збору, заахвочвалі пералічаць сродкі нават пасля заканчэння стрыму.

Штуршком для збору сродкаў стала песня «Я ўсё яшчэ тут» (поль. «Ciągle tu jestem (diss na raka)»), запісаная рэперам Bedoes 2115 і 11-гадовай Маяй Мэцан, якая хварэе на лейкемію і з’яўляецца бенефіцыярам Фонду «Cancer Fighters». Гэтая песня стала лейтматывам стрыму і гучала бесперапынна на працягу ўсёй акцыі.

Акцыя стартавала 17 красавіка. Першапачатковая мэта збору сродкаў была ўстаноўлена ў 500 тысяч злотых (амаль 118 тысяч еўра), але яна была дасягнута амаль адразу. У наступныя дні збор сродкаў набраў абароты, а колькасць ахвяраванняў расла з такой хуткасцю, што здзівіла нават арганізатараў.

— Я ніколі ў жыцці не адчуваў большай сытасці таго, што мы робім нешта сапраўды прыгожае для гэтых дзяцей, — сказаў 23-гадовы інфлюэнсер «Łatwogang» падчас трансляцыі.

Дзевяць дзён трансляцыі і сотні тысяч гледачоў

Стрым ішоў бесперапынна — круглыя суткі. У пікавыя моманты яго глядзелі больш за мільён інтэрнэт-карыстальнікаў. Гледачы не толькі рабілі ахвяраванні, але і актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве праз свае каментары, удзел у аўкцыёнах і выкананне заданняў. Сам збор сродкаў быў двойчы падоўжаны.

Невялікая кватэра маладога інфлюэнсера стала месцам сустрэчы вядомых прадстаўнікоў свету музыкі, спорту і шоу-бізнесу. Сярод іх былі, між іншым, Дода, Bedoes 2115, ОКІ, Жабсан, Юлія Венява, Катажына Насоўская, Гжэгаж Гыжы, Віто Бамбіна і Санах. Падтрымка была як сімвалічнай, так і фінансавай — некаторыя госці ахвяравалі значныя сумы або падаравалі рэчы для аўкцыёну. Іншыя — у знак салідарнасці — пагалілі галовы.

— Давайце зробім 26 красавіка Днём барацьбы з ракам у дзяцей. Давайце шанаваць гэтае свята і рабіць гэта кожны год, як памятаць пра дзяцей. Давайце памятаць пра іх заўтра, на наступным тыдні, у наступным месяцы. Давайце памятаць пра іх кожны дзень. Не забудзьцеся ахвяраваць грошы, бо гэта змяняе жыццё гэтых дзяцей. Мы разам зрабілі нешта прыгожае. Няхай гэтая кампанія будзе прыкладам для наступных, штодзённых ахвяраванняў. Дзякуй, вы цудоўныя, — сказаў «Łatwogang» непасрэдна перад заканчэннем стрыму.

— Калі хтосьці думаў, што нешта немагчымае, то Пётрэк («Łatwogang» – рэд.) даказаў, што гэта няпраўда, — дадаў рэпер Bedoes 2115.

Выклікі і жэсты салідарнасці з хворымі дзецьмі

Усе сабраныя падчас акцыі сродкі будуць перададзеныя ў Фонд «Cancer Fighters», які з 2015 года падтрымлівае дзяцей, якія праходзяць лячэнне ад раку. Арганізацыя фінансуе лячэнне, рэабілітацыю і забеспячэнне абсталяваннем бальніцаў па ўсёй Польшчы.

Канчатковы вынік збору сродкаў, верагодна, будзе вядомы не раней, чым праз некалькі тыдняў, бо ў бліжэйшыя дні таксама адбудуцца аўкцыёны рэчаў, ахвяраваных гасцямі, якія выступілі падчас дабрачыннага стрыму, нагадвае «Rzeczpospolita».

аз