Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня - малітва за Украіну, напісаная ў гадавіну вайны

16.03.2023 14:56
Яе выконваюць польскі оперны спявак і ўкраінская музыкантка. 
Аўдыё
     (Jacek Cygan)
Аўтар тэксту песні Яцэк Цыган (Jacek Cygan) на Польскім радыёфота: Jedynka/Wojciech Kusiński

З нагоды першай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у Польшчы была створаная спецыяльная кампазіцыя. Тэкст гэтай песні напісаў Яцэк Цыган, а музыку – Марцін Паспешальскі. Называецца кампазіцыя «Братняе неба – малітва за Украіну».

Аўтар тэксту Яцэк Цыган распавёў у эфіры Польскага радыё, што, калі вайна ва Украіне працягвалася ўжо шмат месяцаў, ён хацеў нейкім чынам адрэагаваць у сваёй творчасці на гэтыя страшныя падзеі. Аўтар музыкі Марцін Паспешальскі прапанаваў яму дзве мелодыі, з якіх была абраная адна.

У запісе кампазіцыі прымаў удзел Інстытут міжкультурнага дыялогу імя Яна Паўла ІІ з Кракава, які такім чынам хацеў выказаць пашану і салідарнасць украінскаму народу. Таму песня носіць форму малітвы, – кажа Яцэк Цыган. Яна пачынаецца з гукаў, якія згадваюць мелодыю ўкраінскага гімна.

Песню выконваюць Анджэй Лямпэрт і ўкраінская спявачка Дана Вінніцкая. Таксама выступілі аркестр Sinfonia Carpathia і хор Cantores Sancti Nicolai. Песня суправаджаецца кранальным відэакліпам рэжысёра Анджэя Старовіча.

Некалькі словаў пра выканаўцаў. Анджэй «Эндзі» Лямпэрт нарадзіўся ў 1981 годзе ў Хожаве, закончыў Музычную акадэмію ў Катавіцэ па класе джазавага вакалу, а таксама Музычную акадэмію ў Кракаве, дзе атрымаў званне магістра мастацтва. Кампазітар, аўтар тэкстаў, аранжыроўшчык, вакаліст і оперны музыкант. Стаў лаўрэатам тэле-шоў «Шанец на поспех», а пачынаў сваю музычную кар’еру ў калектыве Boom Box.

У сваю чаргу Дана Вінніцкая – украінская пяснярка, якая з'яўляецца членам польска-украінскага калектыву DAGADANA. Група выконвае ўнікальную сумесь джазавай, электроннай, польскай і ўкраінскай народнай музыкі. У аснове рэпертуару калектыву – народныя мелодыі, якія атрымалі сучаснае гучанне дзякуючы арыгінальным аранжыроўкам і паэзіі – так напісана пра групу на яе старонцы.

І пераходзім ужо да песні «Братняе неба. Малітва за Украіну».

Pomiłuj, Panie, Bratnią ziemię. W nią tyle dni wsiąka krew i żal. Jej cierpienie pomiłuj, Panie. Tak piękna jest, choć we łzach. To, co ważne, to co święte, chleb powszedni nasz. Wolności płomień, co rozświetla kraj i nasze dusze, daj nam, Panie, daj nam, daj. Pomiłuj, Panie, Bratnie niebo. Niech z niego już nie nadleci śmierć. I milczenie pomiłuj, Panie, tych, co ich grób wrasta w step. To, co ważne, to co święte, chleb powszedni nasz. Dni twej glorii, naszej chwały niech nadejdą, niech nasz sen spełni się.

Памілуй, Гасподзь, братнюю зямлю. У яе столькі дзён усмоктваецца кроў і гора. Яе пакуты памілуй, Гасподзь. Яна такая прыгожая, хаця і ўся ў слязах. Тое, што важнае, тое, што святое. Хлеб наш надзённы, свабоды полымя, што асвятляе краіну і нашы душы. Дай нам, Гасподзь, дай, дай. Памілуй, Гасподзь, братняе неба. Няхай больш з яго не прыляціць смерць. І маўчанне памілуй, Гасподзь, тых, чыя магіла ўрастае ў стэп. Важна тое, што святое, хлеб наш надзённы. Дні тваёй славы, нашай славы хай прыйдуць, хай збудзецца наш сон.

Ёсць таксама версія на ўкраінскай мове:

Помилуй, Господи, братню землю, в неї стільки днів всякає кров і жаль. ЇЇ страждання Помилуй, Господи, вона така прекрасна, хоч у сльозах. Те, що важливе, те, що святе, наш насущний хліб. Полум’я свободи, що освітлює країну й наші душі, дай нам, Господи, дай нам, дай. Помилуй, Господи, братнє небо. Хай з нього смерть уже не надлетить. І мовчання помилуй, Господи, тих, чия могила вростає в степ. Те, що важливе, те, що святе, наш насущний хліб. Дні твоєї хвали, нашої слави хай надійдуть, хай збудеться наш сон.

 

Bratnie niebo – братняе неба. На польскай мове ёсць як братні, так і братэрскі. Паспрабую патлумачыць розніцу. Bratni – гэта прыметнік, які азначае «звязаны з кімсьці праз кроўныя, нацыянальныя або ідэйныя сувязі», а braterski – гэта сяброўскі, сардэчны, а калісьці гэты прыметнік адносіўся да прыналежнасці брату – кожнаму з сыноў, у якіх былі адны і тыя ж бацькі.

Cierpienie – гэта польскія пакуты, а польская cierpliwość – гэта беларуская вытрымка, цярпенне.

Chleb powszedni – хлеб штодзённы, такі, які мы спажываем кожны дзень, а dzień powszedni – гэта рабочы дзень, калі звычайна людзі ходзяць на працу (з панядзелка па пятніцу), у адрозненні ад выходнага дня (субота і нядзеля). Што цікава, у Польшчы няма свайго выразу на выходныя дні, палякі адаптавалі ангельскі выраз weekend. Або проста кажуць wolne dni (свабодныя дні), субота, нядзеля.

Nadleci śmierć – прыстаўка nad- у дзеяслове азначае, што нешта адбудзецца ў будучыні, на беларускую мову мы б пераклалі гэта – прыляціць смерць, nadejdzie dzień – прыйдзе дзень і г.д.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы