Беларуская Служба

Музей POLIN запрашае на выставу «Вакол нас мора агню»

21.04.2023 13:50
Гэта першая выстава пра паўстанне ў Варшаўскім гета, прадстаўленая з пункту гледжання яго мірных жыхароў.
Аўдыё
  • Музей POLIN запрашае на выставу «Вакол нас мора агню»
      .               POLIN
Артэфакт з выставы «Вакол нас мора агню. Лёс мірных габрэйскіх жыхароў падчас паўстання ў Варшаўскім гета» ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN PAP/Rafał Guz

Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN запрашае на выставу пад загалоўкам: «Вакол нас мора агню». Экспазіцыя прысвечаная 80-й гадавіне пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Гэта першая выстава пра паўстанне ў Варшаўскім гета, прадстаўленая з пункту гледжання мірных жыхароў, заснаваная на іх вопыце, запісаным у дзённіках або мемуарах падчас паўстання або неадкладна пасля заканчэння вайны.

«Вакол нас мора агню. Лёс мірных габрэйскіх жыхароў падчас паўстання ў Варшаўскім гета» – выставу пад такой назвай можна глядзець з 18 красавіка ў Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN.
Наратыў выставы заснаваны на перажываннях мірных жыхароў Варшаўскага гета, запісаных у іх дзённіках або мемуары. «Мы хочам аднавіць памяць пра лёс амаль 50 тысяч чалавек, якія не ўваходзілі ў падпольныя арганізацыі ў гета і не змагаліся са зброяй у руках», – кажа куратарка выставы Зузанна Шнэпф-Колач(Zuzanna Schnepf-Kołacz):.

- Яны выказвалі свой супраціў спускаючыся ў бункеры і схованкі. Мы расказваем пра трагедыю з вельмі асабістай перспектывы, выкарыстоўваючы ўспаміны габрэяў, якія былі напісаныя падчас вайны або зараз пасля ейнага заканчэння. Дзеля таго мы выбралі 12 чалавек, якія сімвалізуюць і прадстаўляюць групу з 50 тысяч мірных жыхароў, якія падчас паўстання хаваліся і не змагаліся са зброяй у руках.

Гэта пяць жанчын і сем мужчын. Яны падчас паўстання хаваліся ў розных месцах Варшаўскага гета. Выстава паказвае, як выглядала іх паўсядзённае жыццё ў бункерах і схованках: у якіх умовах яны жылі, кім яны былі, як спраўляліся са звычайнымі справамі, кажа Зузанна Шнэпф-Колач:

- Мы расказваем гісторыю іхнымі словамі, выкарыстоўваем іх сведчанні. На выставе вельмі мала гістарычных каментароў. Гісторыю расказваюць успаміны, дзённікі. Калі габрэі зразумелі, што немцы падпальваюць гета, то яны не мелі надзеі на тое, што ім удасца выжыць. Яны хаваліся, але былі перакананыя, што неўзабаве памруць. Мы расказваем пра гэтыя эмоцыі.

Падчас падбору першакрынічных тэкстаў і, адпаведна, гісторыі герояў і гераінь, аўтары выставы звярталі ўвагу на тое, каб перспектыва аўтараў была максімальна набліжаная да часу паўстання.
Зузанна Шнэпф-Колач падкрэсліла, што стваральнікі выставы таксама не хацелі паказаць гісторыю паўстання ў гета з нямецкага пункту гледжання і з выкарыстаннем нямецкіх крыніцаў інфармацыі:

- Мы пазбягалі матэрыялаў, якія рыхтавалі немцы, паколькі мы не хацелі расказваць гісторыю гета на падставе здымкаў, зробленых катамі. Гэта несумненна ўскладняла падрыхтоўку экспазіцыі. Аднак нам вельмі дапамаглі адкрыцці, зробленыя падчас працы над выставай. Напрыклад, здымкі зробленыя ўнутры гета.

На выставе прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, у тым ліку два камплекты фотаздымкаў з арыгінальнымі пласцінамі. Першы, аўтарам якога з’яўляецца тагачасны пажарнік Лешак Гжывачэўскі, гэта 48 здымкаў у негатывах, на 30 з іх – гета. Сярод іх 12 былі раней апублікаваныя і ў форме адбіткаў знаходзяцца ў Музеі Халакосту ў Вашынгтоне і Габрэйскім гістарычным інстытуце, але ёсць і такія, якія ніколі раней не паказваліся.

Другі камплект фотаздымкаў у Музей POLIN прывезла Аляксандра Сабецка – унучка Рудольфа Дамэца. Аўтар фота набліжаецца не толькі да сцяны гета, але і да людзей, якія на яго глядзяць. Бачныя іх твары, жэсты, дэталі вопраткі, кажа куратарка:

- Гэта, напрыклад, здымкі, якія зрабіў польскі пажарнік Лешак Гжывачэўскі. Гэта выключная матэрыялы, паколькі не існуюць іншыя здымкі паўстання, якіх не зрабілі б немцы. Маем таксама новыя здымкі Рудольфа Дамэца, якія паказваюць паўстанне ў Варшаўскім гета з гэтак званага «арыйскага боку». Іншы ўнікальны экспанат, гэта арыгінальны дзённік напісаны ў бункеры. Яго падчас паўстання пісала Марылька.

Куратарка звярнула ўвагу, што «большасць слядоў мірнага насельніцтва гета была знішчана, падчас паўстання. Засталіся толькі словы.

На выставе паказаныя таксама артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. Яны абгарэлыя, аплаўленыя пад уздзеяннем агню, знішчаныя… Гэта элементы балюстрады, калючага дроту, адарванай ручкі ад дзвярэй, цэглы... Гэта фрагменты знішчанай гарадской прасторы, дзе адбылася трагедыя.

Музычнае афармленне выставы стварыў Павел Мыкетын, натхнёны 11-гадовай піяністкай Ёсімай Фельдшух, якая памерла ад запалення лёгкіх у схованцы на «арыйскім баку» на трэці дзень паўстання ў гета.

Паўстанне ў Варшаўскім гета ўспыхнула 19 красавіка 1943 года ў адказ на дзеянні немцаў па ліквідацыі гета, звязаныя з планам знішчэння еўрапейскіх габрэяў. Яно працягвалася чатыры тыдні. Па розных ацэнках, у паўстанні прынялі ўдзел 700 да 2 000 паўстанцаў пад камандаваннем Мардэхая Анялевіча.

Каля 6 000 габрэяў загінулі ў баях і пажарах. Яшчэ 7 000 забілі немцы падчас расстрэлаў, столькі ж было адпраўлена ў нямецкі лагер смерці ў Трэблінцы. Астатнюю групу з каля 36 000 габрэяў немцы перавезлі ў канцлагеры «Аўшвіц-Біркенаў», «Майданэк» і іншыя.

Выставу «Вакол нас мора агню. Лёс мірных габрэйскіх жыхароў падчас паўстання ў Варшаўскім гета» можна будзе глядзець у Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN да 8 студзеня 2024 года.
Яна рэкамендуецца асобам, якім больш за 14 гадоў.

IAR/аз

Варшаўская галерэя «Кардэгарда» запрашае на выставу «Памяць. 1943»

14.04.2023 11:30
Выстава прымеркаваная да 80-годдзя Паўстання ў Варшаўскім гета.

80 гадоў таму ў Варшаўскім гета пачалося паўстанне

19.04.2023 13:10
Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным зрывам габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.