Беларуская Служба

Выбар без выбару. Як пасля вайны беларусы Падляшша выязджалі ў БССР 

28.04.2026 16:55
За сухімі фармулёўкамі «добраахвотнасці» хаваліся страх, гвалт і страта дома.
Аўдыё
  • Выбар без выбару. Як пасля вайны беларусы Падляшша выязджалі ў БССР 
29  2026 .       80-        ,
29 студзеня 2026 г. ў вёсцы Заляшаны на Беласточчыне адзначылі 80-ю гадавіну спалення населенага пункта атрадам польскага антыкамуністычнага падполля, якім камандаваў капітан Рамуальд РайсФота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай у 1944–1947 гадах стаў адной з шматлікіх балючых старонак пасляваеннай гісторыі Усходняй Еўропы. Ён адбываўся на фоне ўсталявання новай савецка-польскай мяжы і фармальна грунтаваўся на пагадненні ад 9 верасня 1944 года. Паводле дакумента, беларусы павінны былі перасяляцца з тэрыторыі Польшчы ў БССР, а палякі — у адваротным кірунку. Аднак за сухімі фармулёўкамі «добраахвотнасці» хаваліся страх, гвалт і страта дома.

Анета Прымака-Онішк — польская пісьменніца і аўтарка гістарычных рэпартажаў «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» і «Камяні павіны былі паляцець» адкрыла найноўшую гісторыю беларусаў Падляшша не толькі жыхарам рэгіёну, але і шырокай польскай грамадскасці, адзначае, што спачатку новыя камуністычныя ўлады Польшчы абяцалі мірнае суіснаванне.

— Дзяржава казала: мы створым краіну для ўсіх — палякаў, беларусаў, украінцаў, з школамі на родных мовах. Але вельмі хутка ў Еўропе ўзяла верх іншая ідэя — будаваць дзяржавы, дзе жыве толькі адна нацыя.

Паводле яе, менавіта гэтая логіка і прывяла да масавых перасяленняў. Людзі не спяшаліся пакідаць свае дамы.

— Яны разумелі: пакуль жывуць на сваёй зямлі, яны ў сябе. Таму ехалі пераважна тыя, хто баяўся — канфліктаў, помсты або меў разбураны ваенным ліхалеццем побыт.

Нягледзячы на афіцыйную «добраахвотнасць», на месцах усё часцей дзейнічалі ўзброеныя групы, якія прымушалі беларусаў пакідаць Польшчу. Асабліва ўразлівымі былі невялікія беларускія супольнасці сярод польскай большасці. Прымака-Онішк апісвае драматычныя эпізоды.

— Да людзей прыходзілі са зброяй, забіралі маёмасць і давалі некалькі дзён, каб з’ехаць да «сацыялістычнага раю», ім так і казалі. Пасля такіх нападаў цэлыя вёскі запісваліся на выезд — страх быў мацнейшы за прывязанасць да зямлі. Нярэдка так званыя добразычлівыя суседзі казалі беларусам проста і жорстка: у вас ёсць тры дарогі. Першая — ехаць у Беларусь, у гэты так званы «чырвоны рай», у якім агітатары абяцалі залатыя горы. Другая — да ксяндза, адмовіцца ад сваёй тоеснасці, перайсці ў каталіцтва. І трэцяя — у зямлю. Гэта не была метафара: людзі разумелі, што застаючыся, яны рызыкуюць жыццём. І многія прымалі рашэнні не таму, што хацелі з’ехаць, а таму, што не бачылі іншага выйсця.


Анета Прымака-Онішк (другая справа), Міхал Геніюш (першы справа), Алесь Зарэмбюк (у цэнтры),  Ілона Карпюк – намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку. Прэзентацыя выданняў Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку ў Музеі вольнай Беларусі, Варшава, 26 красавіка 2026 г. Анета Прымака-Онішк (другая справа), Міхал Геніюш (першы справа), Алесь Зарэмбюк (у цэнтры), Ілона Карпюк — намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку. Прэзентацыя выданняў Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку ў Музеі вольнай Беларусі, Варшава, 26 красавіка 2026 г.

Для многіх сем’яў гэта стала асабістай трагедыяй, якая адгукаецца праз пакаленні. Кіраўнік варшаўскага фонду «Беларускі дом» Алесь Зарэмбюк распавядае пра лёс сваіх продкаў:

—Тры пакаленні маёй сям’і былі вымушаныя пакінуць Падляшша не па ўласнай волі — яны баяліся, што іх чакае лёс іншых беларусаў, забітых або выгнаных. Яны страцілі ўсё і паехалі ў невядомасць.

Дзеяч прызнаецца, што гэтая гісторыя адгукнулася і ў яго жыцці, бо ў палітычнай міграцыі адбываецца пэўнае паўтарэння долі дзядоў.

— Калі я прыехаў у Польшчу, адчуваў сябе чалавекам без каранёў. І ў гэтым ёсць горкая іронія лёсу — я нібыта паўтараю шлях сваіх продкаў.

Яшчэ адным сімвалам разбураных таталітарнымі сістэмамі лёсаў стала сям’я паэткі Ларысы Геніюш. Яе ўнук Міхал Геніюш успамінае не толькі рэпрэсіі, але і разарваныя сямейныя сувязі, паміж якіх прайшла польска-савецкая мяжа.

— Яна ўсё жыццё марыла пра сям’ю, але лагеры і высылка адабралі ў яе гэта. У яе забралі сына, калі яму было 12. Мой бацька рос самастойна. Калі з’явіліся ўнукі, яна ўкладвала ў нас усю сваю любоў — пісала лісты, малявала, вучыла любіць людзей і беларускую мову.

Аднак нават развітанне з любай бабуляй было немагчымым.

— Мяне не пусцілі на пахаванне з Польшчы. Сказалі, бацькі і сястра атрымалі, а табе пашпарт мы не дамо.

Абмен насельніцтвам паміж Польшчай і БССР быў не проста геапалітычным рашэннем. Прымусовы характар і атмасфера страху, у якой адбываліся ад'езды, паламала лёсы, знішчала супольнасці і пакінула пасля сябе доўгую памяць пра страчаны дом — памяць, якая жыве ў многіх праз пакаленні жыве і сёння.

У выніку абмену насельніцтвам у Савецкую Беларусь перасяліліся 30 тыс. беларусаў, а з БССР у Польшчу — каля 250 тыс. палякаў.

Слухайце аўдыё!

эж

Гайнаўка падзеленая памяццю

24.02.2020 16:15
Як трэба ўшаноўваць памяць, хто гэтага заслугоўвае, а хто не, і што рабіць, калі для розных людзей адна і тая асоба з'яўляецца героем і злачынцам?

Ахвяры атраду капітана Райса ўнесеныя ў лік святых

04.08.2020 14:17
Былі яны далучаныя да ліку Мучанікаў Зямлі Холмскай і Падляскай.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўкленчыў перад ахвярамі «выклятых жаўнераў»

08.06.2021 12:30
Прэзідэнт Дуда наведаў вёску Залешаны, дзе аддаў даніну павагі яе жыхарам - беларусам, забітым у 1946 годзе жаўнерамі польскага падпольнага падраздзялення Рамуальда Райса «Бурага».

Аўтарка «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы»: Пра цяжкія моманты ў гісторыі варта размаўляць

28.08.2023 15:44
Кніга Анэты Прымакі-Онішк «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы», напісаная ў жанры гістарычнага рэпартажу, адкрыла падзеі з гісторыі беларусаў Падляшша не толькі жыхарам гэтага рэгіёну.

У Польшчы ўшанавалі памяць беларусаў, забітых польскім антыкамуністычным падполлем 80 гадоў таму

01.02.2026 20:42
У цырымоніі ўзяў удзел старшыня Сейму Польшчы Уладзімеж Чажасты.

У Польшчы могуць прыняць закон аб выплаце кампенсацый сем'ям беларусаў, забітых польскім антыкамуністычным падполлем

02.02.2026 14:35
У сучаснай Польшчы прызнаюць гэтае злачынствам і ўшаноўваюць ахвяраў на самым высокім узроўні.