У выніку вайны Польшча страціла больш за 516 тысяч культурных экспанатаў, паведаміў у размове з выданнем Nasz Dziennik намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін.
Палітык нагадаў, што аўтары «Справаздачы пра страты, панесеныя Польшчай у выніку нямецкай агрэсіі і акупацыі падчас Другой сусветнай вайны ў 1939-1945 гг» ацанілі страты ў галіне культуры – разам са знішчанымі гістарычнымі і сакральнымі будынкамі – у амаль 51 мільярд 880 мільёнаў злотых ( гэта амаль 12 мільярдаў 623 мільёны еўра) – як мінімум.
«Матэрыяльны кошт стратаў у творах мастацтва і мастацкіх калекцыях быў ацэнены ў 18 мільярдаў 605 мільёнаў злотых (амаль 4 мільярды 527 мільёнаў еўра). Варта падкрэсліць, што гаворка ідзе пра страты на тэрыторыі Польшчы ў межах з 1939 года, без уключэння ўсходніх тэрыторый Польшчы, якія пасля Другой сусветнай вайны, былі ўключаныя ў склад СССР, і толькі пра страты ў галіне рухомых культурных дабротаў», – сказаў Сэлін.
Палітык дадаў, толькі польскія музеі страцілі прыкладна 50 працэнтаў сваіх калекцый. Паводле яго, гэтыя ацэнкі, аднак, безумоўна, заніжаныя, таму што даваенная дакументацыя калекцый звычайна таксама канфіскоўвалася або наўмысна знішчалася, а ў выпадку прыватных калекцый і рэлігійных аб'яднанняў часта яна адсутнічала.
«Рабаванне дзяржаўных калекцый было беспрэцэдэнтнай падзеяй, якая ў такіх маштабах не фіксавалася ні ў адной іншай акупаванай краіне, напрыклад, у Нідэрландах або Францыі», – падкрэсліў Сэлін.
Ён дадаў, што ў нямецкіх музеях і прыватных калекцыях надалей застаюцца прадметы, якія, «несумненна, павінны быць неадкладна вернутыя ў Польшчу». «На жаль, і ў гэтым плане, мы сутыкаемся з перашкодамі ў задавальненні пазоваў, звязаных з іх вяртаннем», – дадаў палітык у размове з выданнем Nasz Dziennik.
аз