У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адчынілася выстава беларуска-чэскай мастачкі Ганны Каран «Сукенкі за свабоду».
Праект Ганны Каран з'яўляецца асэнсаванай рэакцыяй на падзеі апошніх гадоў у Беларусі, звязаныя з пратэсным рухам як рэакцыяй на беззаконне і беспакаранасць дыктатарскага рэжыму. Ганна звяртаецца да выключна персанальных гісторый людзей і выкарыстоўвае іх асабістыя рэчы.
Удзельніцы праекту па просьбе мастачкі самі выбіралі сукенку. Каб далікатны тэкстыль не спарахнеў, Ганна пакрывае гэтыя сукенкі тоўстым пластом эпаксіду, ператвараючы кожную сукенку ў помнік. Абʼекты пачынаюць напаўняцца сэнсамі, калі Ганна выходзіць у поле, дзе «прымярае» на сукенкі жывыя кветкі і пры дапамозе фарбы фіксуе іх адбітак. Так, унутры кожнай сукенкі, Ганна кансервуе энергетыку чалавека і перажытых падзей. Кожнае адзенне мае сваю гісторыю і захоўвае ўспаміны пра людзей і месцы.
-Гэта мая рэакцыя на несвабоду. Чалавек – гэта свабодная асоба, якая мае сваё меркаванне і свой голас. Магчымасць яго выказваць – гэта тое, у чым жыве сучаснае грамадства. Праект узнік выпадкова, а можа і невыпадкова. Ужо амаль тры гады таму мяне пазнаёмілі з гераінямі, іх гісторыі мяне вельмі кранулі. Я сказала: «Чаму б не стварыць праект «Партрэт сучаснай беларускай жанчыны», які складаецца з усіх гэтых гісторый». Гераіні адгукнуліся. Унікальнасць у тым, што ўсе сукенкі арыгінальныя. Кожная гераіня выбрала сваю сукенку, якая адлюстроўвае яе як жанчыну.
Тут прадстаўленыя асобы з усіх сацыяльных слаёў. Мне было вельмі важна падкрэсліць агульнасць. Мне хацелася ўзяць медыкаў, спартсменаў, мам, педагогаў, пенсіянераў, адвакатаў. Гэта вельмі агульная гісторыя, у якой жанчына заўсёды застаецца жанчынай, прыгажуняй, – расказвае Ганна Каран.
Сукенкі для свабоды
З 2005 году Ганна жыве ў Празе. Там пачалося яе станаўленне як мастачкі. Яна занялася сучасным жывапісам, выкарыстоўвае ў сваёй працы спрэй, пры дапамозе якога стварае дынамічныя абстрактныя пейзажы па форме ўспрымання падобныя да фотаграмы.
-Я займаюся сучасным мастацтвам. І гэта ключавое, чаму я хацела пераехаць: каб свабодна развівацца, тварыць як мне хочацца і што хочацца, без націску. Ніколі беларускай тэматыкі ў маіх работах не было. Але калі здарылася гэтая трагедыя, то, як як чалавек, я не магла застацца збоку. Хочацца не тое, што падтрымаць, але папрысутнічаць. У мяне беларускія корані і гэта вельмі важна. Твой дом заўсёды застанецца тваім домам, нават калі на зямлі паявіўся другі, – гаворыць Ганна Каран.
Выстава «Сукенкі для свабоды» даступная таксама ў віртуальнай прасторы. Спасылка на ўваход https://goo.su/4J82FEN.
ав
слухайце аўдыё
У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адчынілася выстава «Сукенкі за свабоду»