Беларуская Служба

Кінематаграфісты судзяцца з польскім урадам – дамагаюцца сотні мільёнаў злотых

04.11.2023 09:14
Права на справядлівую плату для супрацоўнікаў кінавытворчасці дае дырэктыва ЕС аб ​​аўтарскім праве за 2001 год.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock/Liukov

«Асацыяцыя польскіх кінематаграфістаў» падала ў суд на дзяржаву за адсутнасць справядлівай платы за г.зв рэпраграфію, то бок распаўсюд кінематаграфічнай творчасці на розных відах прыладаў у рамках бясплатнага выкарыстання грамадствам. Яны патрабуюць ад ураду 416 мільёнаў злотых ($100 мільёнаў) , - паведамляе businessinsider.com.pl

Права на справядлівую плату для супрацоўнікаў кінавытворчасці дае дырэктыва ЕС аб ​​аўтарскім праве за 2001 год.

«Мяркуючы па ўсім, такая сістэма існуе і ў Польшчы, але яна насамрэч гадамі была фікцыяй. Ганарары, прызначаныя для аўтараў і кінапрадзюсараў, разлічваюцца па прыладах і носьбітах, пераважная большасць якіх даўно ўжо не выкарыстоўваецца і больш не прадаецца. Да іх адносяцца DVD-дыскі, аўдыякасеты і VHS-касеты. У сваю чаргу, найбольш часта выкарыстоўваюцца сёння прылады, такія як смартфоны, планшэты і ноўтбукі, аднак яны не ўваходзяць у спіс прылад, з якіх збіраецца плата», – сцвярджаюць прадстаўнікі кінапрадзюсараў.

«У выніку ствараецца сітуацыя, пры якой даходы ад платы з носьбітаў і прылад абсурдна нізкія і значна адстаюць ад сум, якія атрымліваюць у іншых еўрапейскіх краінах», – гаворыцца ў рэлізе «Асацыяцыі польскіх кінематаграфістаў».

Стваральнікі фільмаў дадаюць, што «сітуацыя была добра вядомая Міністэрству культуры і іншым дзяржаўным органам», але «праца па змене закона аб прафесійных артыстах не прывяла да рашэння, якое задаволіла б супольнасці кінематаграфістаў».

яс