Беларуская Служба

Паэтка Ганна Комар прэзентуе сваю дакументальную прозу ў кніжцы «Калі я выйду на волю»

20.03.2024 18:10
Усе атрыманыя ад кніжкі грошы аўтарка вырашыла накіраваць на падтрымку рэпрэсаваных людзей з Беларусі.
Аўдыё
  • Паэтка Ганна Комар прэзентуе сваю дакументальную прозу ў кніжцы «Калі я выйду на волю»
Ганна КомарБеларуская служба Польскага радыё/Я.Іванюк

Ганна Комар з’ехала з Беларусі пасля падзеяў 2020 году, адсядзеўшы ў следчым ізалятары на Акрэсціна дзевяць сутак. Зрабіла магістратуру ва ўніверсітэце ў Лондане. Цяпер піша доктарскую дысертацыю. У эміграцыі Ганна не пакінула творчай дзейнасці.

Яе зборнікі вершаў выйшлі ў Лондане і ў Берліне.

Цяпер лонданскае выдавецтва «Скарына» выдала яе кнігу дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю». Ганна Комар на мінулым тыдні прэзентавала сваю кніжку ў Беластоку і ў Вільні.

Ганна распавяла, што кніга «Калі я выйду на волю», умоўна, пра дзевяць сутак, якія яна правяла ў зняволенні ў верасні 2020 года, але, насамрэч, гэта не толькі пра яе суткі.

- Там ёсць галасы і іншых людзей, якія былі затрыманыя і не прайшлі праз суткі, альбо былі арыштаваныя і нейкі час правялі ў зняволенні. Ёсць там таксама расказы нашых блізкіх, якія клапаціліся, падтрымлівалі нас, шукалі нас па РАУС-ах, чакалі, сустракалі.
Такім чынам, гэта кніга не толькі пра нашыя дзевяць сутак, але пра досвед дзясятак тысяч людзей, якія нешта падобнае перажылі. Гэта ўсё – вялікае сведчанне таму, як нас на Акрэсціна прымалі. Якраз нас моцна не збівалі. Увогуле, можна сказаць, што нас не збівалі, не гвалцілі, на шчасце. Думаю аднак, што «Камітэт па катаваннях» сабраў дастаткова іншых сведчанняў. Але гэтыя сведчанні таксама важныя. Яны маюць больш такую эмацыйную вартасць.

Кніга выйшла дзякуючы падтрымцы праекта EU4Culture Еўрапейскага Саюза. «Без гэтага мы не змаглі б яе выдаць», кажа Ганна.

- Тут вялікая праца дызайнера і вярстальшчыка. Тры месяцы распрацоўвалася канцэпцыя, толькі ж часу доўжылася вёрстка і падрыхтоўка да друку. За тое, мы цяпер усе атрыманыя сродкі можам накіраваць на падтрымку рэпрэсаваных людзей з Беларусі.

Кнігу «Калі я выйду на волю» можна набыць у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, у Беларускім Хабе «Новая Зямля» ў Беластоку а таксама праз лонданскае выдавецтва «Skaryna Press».

Гутарыў Яраслаў Іванюк

Аўтарская сустрэча з Ганнай Комар (злева) Аўтарская сустрэча з Ганнай Комар (злева)