Беларуская Служба

У Варшаве працуе выстава сучасных іконаў, якія адлюстроўваюць трагедыю ўкраінскага народа

01.04.2024 08:01
Іконы з выставы «Гэта твой сын, гэта твая маці» з’яўляюцца прыкладам сучаснага іконапісання. Яны неабавязкова нагадваюць традыцыйныя іконы, якія людзі прызвычаіліся бачыць у храмах.
Аўдыё
  • У Варшаве працуе выстава сучасных іконаў, якія адлюстроўваюць трагедыю ўкраінскага народа
Выстава сучасных ікон у Музеі Варшаўскай архідыяцэзііфота: radyjo.net

Сучасныя іконы, напісаныя польскімі і ўкраінскімі мастакамі, якія прысвечаны тэме уваскрасення Божага Сына, але і трагедыі ўкраінскага народа, выстаўленыя ў Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі.

Выстава з’яўляецца вынікам пленэру, які прайшоў летась у італьянскім Кастэль-Гандольфа. У ім прынялі ўдзел польскія і ўкраінскія іканапісцы.

Шмат гадоў пленэры праходзілі ў мясцовасці Навіца (Nowica) на поўдні Польшчы, іх арганізоўвае асацыяцыя «Сяброў Навіцы». У папярэднія гады ў іх удзельнічалі мастакі з Грузіі, Румыніі, Славакіі, многія гады прыязджалі таксама беларусы. Мінск, Гродна, Пінск, Віцебск, Брэст прымалі выставы па выніках пленэраў. З 2020 году беларускія іканапісцы перасталі прыязджаць.


.
Тэмай апошняга пленэру, па выніках якога ў Варшаве працуе выстава сучасных іконаў, была сустрэча з уваскрэслым «Гэта твой сын, гэта твая маці». Расказвае куратар Матэвуш Сора з асацыяцыі «Сябры Навіцы»:

-Калі мы ладзілі гэты пленэр, то нам здавалася, што мы знаходзімся ў сітуацыі апосталаў у Страсную суботу. Хрыстус памёр на крыжы, а апосталы адчуваюць сябе разгубленымі. І мы хацелі перанесці гэтую тэму на працы ўдзельнікаў пленэру. Мы хацелі расказаць пра чаканне ўваскрасення, пра чаканне надзеі. Мы гаворым пра разлуку, боль, страту. Гэтая тэма сёння датычыць таксама многіх беларусаў, не толькі ўкраінцаў.

Каля 50 прац, сабраных на выставе, здзіўляюць разнастайнасцю інтэрпрэтацый прапанаванай тэмы іканапісных майстэрняў. Гэта і сцэны пад крыжам, пахаваннем цела Езуса і іншымі сцэнамі пакутаў Божага Сына.
Напрыклад, праца Альбіны Ялозы адносіцца да іконы тыпу елеуса. Гэта тып іконы, на якім Маці Божая трымае на руках дзіця, і прыціскаецца да яго шчакою. Аднак, на іконе кіеўскай мастачкі няма німбу.

-Няма німбу, а значыць гэта не Хрыстус. Марыя прытуляе кожнае дзіця. Таксама дзіця, якое памерла. Тут Марыя ў жалобе. Гэта ікона пра трагедыю маці, якая губляе сваё дзіця. Трагедыя Украіны ёсць на некаторых іконах. Напрыклад, ёсць дыптых Кацярыны Кас'яненкі. На ім няма ўкрыжаванага. Ёсць Марыя і святы Ян, а на фоне руіны і выбухі, – гаворыць Матэвуш Сора.


Ікона Канстанціна Марковіча Ікона Канстанціна Марковіча

Ікона Канстанціна МарковічаНа іконах ёсць цікавыя спасылкі на вяселле ў Кане Галілейскай, першы публічны цуд Езуса. Пра сувязь паміж сцэнай Вяселля ў Кане і запаветам з Крыжа можна даведацца ў артыкуле кс. Міраслава Ясінскага, унесены ў каталог выставы.

-Ёсць ікона Канстанціна Марковіча. У Евангеллі святога Яна Марыя паяўляецца двойчы: на вяселлі ў Кане Галілейскай і пад крыжам. І тут мы бачым, як Ян абдымае Марыю, то бок сын прытуляе маці. І побач сцэна з апошняй вячэры, калі святы Ян размаўляе з Хрыстусам. Мы спадзяваліся, што паявяцца іконы з Маці Божай. Яны сапраўды паявіліся, але некаторыя ў вельмі нечаканай форме, як гэтая: Марыя, за плячамі якой хаваюцца вернікі. Звычайна іканапісцы паказваюць, што маці хавае пад плашчом людзей, а тут яны хаваюцца за яе плячамі, а маці глядзіць на знішчэнні, на горад, які ў агні, – тлумачыць куратар.

Як заўсёды, у экспазіцыю ўвайшлі работы мастакоў-абстракцыяністаў, якія патрабуюць ад гледача большага разважання і засяроджанасці.

-З нетыповых спосабаў паказаць тэматыку ёсць сувязь са Старым запаветам. Ёсць плач Рахэлі, якая страціла сваё дзіця. У сваю чаргу тут дзве працы Аксаны Андрушчэнкі, якая натхняецца народнымі матывамі. Яна чэрпала з гуцульскага мастацтва.  Ёсць праца на шкле. Напрыклад, у Беларусі такія працы заўсёды вельмі падабаліся і звярталі на сябе ўвагу. Традыцыя малявання на шкле адышлі ў нябыт. Іконы на шкле паяўляюцца на стыку 18 і 19 вякоў. У 20 стагоддзі іх выцясняюць алейныя фарбы. Калегі з Львова вяртаюцца да пісання на шкле.


. 

Іконы з выставы «Гэта твой сын, гэта твая маці» з’яўляюцца прыкладам сучаснага іконапісання. Яны неабавязкова нагадваюць традыцыйныя іконы, якія людзі прызвычаіліся бачыць у храмах.

-Нашае ўяўленне сфармаванае, з аднаго боку, савецкімі выдавецтвамі 60-70-80 гадоў, дзякуючы якім вядомымі сталі пскоўскія, ноўгарадскія іконы, урэшце Рублёў. Калі мы кажам пра ікону, то думаем пра іх. Больш глыбокі ўзровень – гэта ўзровень багаслоўя іконы. Тут трэба сказаць пра тэксты Еўдакімава і Фларэнскага, расійскіх інтэлектуалаў 20 стагоддзя, якія па-новаму перавызначылі канон. Толькі ні Еўдакімаў, ні Фларэнскі, на колькі мне вядома, не размаўлялі непасрэдна са Святым Духам. Іх слова не было апошнім. Ёсць творцы, якія базуюцца на царкоўным мастацтве, але ёсць людзі, як Ежы Навасельскі, у якога ёсць дастаткова адвагі, каб, карыстаючыся царкоўнай традыцыяй, шукаць сінтэзу з мастацтвам 20-га стагоддзя. Усе працы тут адносяцца да царкоўнага мастацтва, яны зразумелыя, а найперш яны ўсе адносяцца на тэкстаў Бібліі. Канешне, можна спрачацца, ці ёсць канон, ці яго няма. Думаю, многія сучасныя творцы, з аднаго боку, знаходзяцца ў традыцыі, але з іншага боку ўласнай мовай гаворыць пра свой рэлігійны досвед, – тлумачыць куратар Матэвуш Сора.

Выстава «Вось сын твой, вось маці твая» ўжо была паказана ў Седльцах, Львове і Новым Сончы. Адразу пасля выставы ў Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі творы будуць паказаны ў Берліне. Цікавасць да наступных выпускаў майстар-класаў і выстаў пацвярджае, што для многіх ікона і сёння застаецца дарогай да Бога, магчымасцю спаткання са святым, а сучаснае мастацтва – гэта яшчэ і мастацтва рэлігійнае. Папулярнасць наступных выстаў нібы пацвярджае тую ісціну, што чалавек – істота духоўная і шукае гэтай духоўнасці, а мастацтва – шлях да сэрца чалавека, перакананыя арганізатары.

слухайце аўдыё

ав/фота: асацыяцыя «Сяброў Навіцы» і radyjo.net

.