Беларуская Служба

У Польшчы адзначылі Дзень радыё

11.04.2024 20:06
У сувязі з Днём радыё ў Польшчы стартавала кампанія I love radio.   
Аўдыё
  • У Польшчы адзначылі Дзень радыё
Галоўны будынак Польскага радыё ў Варшавекрыніца: Polskie Radio

11 красавіка ў Польшчы адзначаецца Дзень радыё. У гэты дзень 101 год таму Таварыства польскіх радыётэхнікаў адобрыла дакумент, які стаў узорам для прынятага пазней закону аб радыё і тэлеграфах. У сувязі з гістарычнай датай і Днём радыё ў Польшчы стартавала кампанія I love radio. 

На пачатку варта звярнуць увагу на тое, што пачаткам польскага радыёвяшчання лічыцца іншы дзень, а менавіта 1 лютага 1925 года. Тады пачала працу радыёстанцыя Польскага радыётэхнічнага таварыства, якая праз некалькі гадоў была пераўтвораная ў дзяржаўнае Польскае радыё. Такім чынам, у наступным годзе Польскае радыё будзе адзначаць 100-гадовы юбілей. 

Агульнапольская кампанія I love radio, якая стартавала 11 красавіка, аб’яднала дзяржаўныя і камерцыйныя радыёстанцыі. Удзел у ёй, акрамя Польскага радыё, прымаюць Grupa Eurozet, Grupa RMF oraz Grupa ZPR Media. 

У Польшчы штодзённа радыё слухаюць 18 млн 600 тыс. чалавек. Радыё – гэта не толькі сродак масавай інфармацыі, але і дасканалы камерцыйны інструмент, пры дапамозе якога можна ўздзейнічаць на выбары спажыўцоў. І гэта – адна з мэтаў, для якой аб’ядналіся найбольшыя польскія радыйныя канцэрны. Праз кампанію I love radio яны хочуць нагадаць, што ў эпоху электронных СМІ радыё застаецца медыя, якое мае вялікі грамадскі ўплыў, дзякуючы чаму можна трапіць да мільёнаў слухачоў. Прома-акцыя I love radio будзе адбывацца ў эфіры радыёстанцый, на парталах і ў сацыяльных сетках радыёканцэрнаў. 

Але радыё – гэта не толькі хвалі, але і інтэрнэт. Усё больш папулярнымі становяцца радыёстанцыі ў сеціве. Для радыё як СМІ – гэта новы шанец, гаворыць медыяэксперт, прафесар Пётр Цэліньскі з Люблінскага ўніверсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры. 

- Цяпер мы назіраем за свайго роду адраджэннем традыцыйнага радыё, але з іншага боку з’яўляюцца сучасныя формы прыёму радыё альбо радыйнай прадукцыі. Гэта, напрыклад, падкасты, перадачы ў інтэрнэце, лічбава апрацаваныя архівы, адным словам, радыё дае шырокія магчымасці, якія можна выкарыстаць. 

Ужо нейкі час радыёстанцыі развіваюцца ў напрамку мультымедыйнасці, таму сёння радыё – гэта не толькі хвалі, але і тэкставыя матэрыялы, падкасты на сайце і іншых аўдыярэсурсах, відэаматэрыялы і інш. Прычым доступ да іх можна атрымаць калі і дзе заўгодна. Для слухачоў падкасты – гэта дасканалая форма знаёмства з любімымі матэрыяламі ў любы час, кажа журналіст рэгіянальнага дзяржаўнага Польскага радыё “Люблін” Мар’юш Каміньскі

- Мне слухачы пішуць, што, напрыклад, маю нядзельную перадачу а 11:00 не могуць слухаць, бо якраз знаходзяцца ў касцёле. Але цяпер гэта не праблема – вярнуўшыся дадому, яны слухаюць яе на нашым сайце. Падобная сітуацыя з перадачай, якая выходзіць у эфір пасля 21:00... вядома, людзі кладуць дзяцей спаць, ёсць іншыя вячэрнія заняткі... Але і ў гэтым выпадку зноў жа не праблема – перадачу можна праслухаць пазней на нашым сайце, Spotify альбо іншым рэсурсе. 

Дарэчы, з нагоды 100-й гадавіны стварэння Польскага радыё і ўвогуле радыёвяшчання ў Польшчы наша кампанія запланавала шмат прынагодных мерапремстваў, удзел у якіх будзе прымаць і Беларуская служба Польскага радыё. 

А першая ў свеце радыёстанцыі пачала працу 2 лістапада 1920 года ў амерыканскім Пітсбургу. 

вс 

слухайце аўдыяфайл