Беларуская Служба

Першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі Uwaga! у Варшаве ў суботу, 13-га красавіка

12.04.2024 18:24
Мэта музычнай прэміі ў эміграцыі – падтрымаць артыстаў і слухачоў. Гэта задума суарганізатараў прэміі музыкі, музычнага менеджара Аляксея Ажогіна і журналісткі Марыны Савіцкай. 
Аўдыё
  • Голас музыкаў цяпер больш, чым мастацтва: яны цяцер і амбасадары беларускай культуры, і прамоўцы праблем беларусаў.
        Uwaga
Афіша першай беларускай музычнай прэміі ў эміграцыі Uwaga!Фота з адкрытых крыніц.

Першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі  Uwaga! у Варшаве

Дзе: Scena Chmielna, Nowy Świat 27a, Warszawa

Калі: субота, 13-га красавіка. Дзверы — 18:00, пачатак — 19:00.

Спецыяльныя госці імпрэзы: Юры Стыльскі, Алесь-Францішак Мышкевіч і гурт Atesta

Afterparty: Сяргей Пукст

Вядучыя вечару: Марына Савіцкая і Віталь Броўка.

Суарганізатарка падзеі Марына Савіцкая кажа, што прэмія важная і для артыстаў, і для аўдыторыі – гэта магчымасць сустрэцца з беларускімі калектывамі, пачуць новыя імёны, магчыма, нехта зможа злавіць настрой «як дома»:

— Мне падаецца, што гэта патрэбна як артыстам, так і публіцы. Артыстам, бо многія, хто вымушана з'ехаў, часам пачуваюцца забытымі, недаацэненымі. У  Беларусі яны мелі сталую публіку, а на новай зямлі яшчэ недастаткова адаптаваныя.

Вельмі хацелася іх падтрымаць, падарыць ім адчуванне, што яны дома, у Беларусі, і ўсё больш-менш камфортна.

Дзесяць намінацый ад журы. Таксама будзе намінацыя «Прыз глядацкіх сімпатый», у гэтай намінацыі можна было падтрымаць любы беларускі калектыў. Сярод журы ў нас прадстаўленыя дзеячы музычнай культуры. Сярод дзесяці намінацый ад журы былі як класічныя «Падзея года», «Гурт года», «Выканаўца года». І што важна для мяне — была намінацыя «Дабрачыннасць года». Гэта акурат водгук на тыя падзеі тэндэнцыі, якія мы назіраем пасля 2020-га года. Маюцца на ўвазе самі падзеі ці ініцыятывы, гэта былі як онлайн-мерапрыемствы, ініцыятывы, якія дапамагаюць музыкам адаптавацца ў замежжы.

Слухайце  размову ў далучаным файле!

Марына кажа, што эміграцыя цяжэй даецца менш вядомым калектывам. Беларусы рассеяліся па краінах і гарадах, і ладзіць канцэрты, якія збіраюць шмат людзей, не так і проста, калі ты не ўсімі пазнавальная зорка.

«Частка людзей жыве ў Варшаве, частка ў Познані, частка ў Гданьску. Няма адчування, што гэтыя музыкі збіраюць поўныя залі», — кажа Марына.

Яна таксама пералічвае некаторыя тэндэнцыі, як то сыход у электронную музыку, стварэнне дабрачынных ініцыятыў, якія скіраваныя на ўзаемную дапамогу. Напрыклад, спевы для непрафесійных вакалістаў — для людзей у эміграцыі гэта своеасаблівая тэрапія.

Прыклад творцы, у якога ў эміграцыі ўсё някепска склалася — музыка Сяргей Пукст.

— Ён сам распавядаў, што стаміўся ад бясконцых запрашэнняў на кампаратывы. Гэта вельмі радуе, калі артысты карыстаюцца такім поспехам. Плюс некаторыя гурты пачалі інакш прэзентаваць сваю творчасць. Напрыклад, гурт Irdorath. Не тое, каб у Беларусі яны заўсёды збіралі вялікія залі. Пасля таго, як прайшлі складаны шлях — адседзелі за кратамі, — яны выбухнулі моцнай кампазіцыяй «Зорамі». Песня была створаная падчас рэзідэнцыі, а гэта зноў-такі праект, які ладзіцца ў Польшчы. Музыкі вярнуліся, іх слова было сказана моцна і гучна. Яны з'ехалі ў Берлін і адраджаюць сваю дзейнасць там.

Многія музыкі адчулі вялікую хвалю салідарнасці. Калі вернемся да Irdorath, то іх падтрымалі не толькі калектывы з Беларусі. То бок пра нашу сітуацыю палітычную пачалі гаварыць і ў такім кантэксце.

Суразмоўца кажа, што голас музыкаў цяпер больш, чым мастацтва. Яны — і амбасадары беларускай культуры, і прамоўцы праблем беларусаў.

Марына Савіцкая.

Марына Савіцкая

«Вельмі добра, што музыкі працягваюць займацца сваёй дзейнасцю. Гэта дакладна лепш, чым калі музыкі застаюцца ў Беларусі і не могуць нічога сказаць. Было б горш, калі б і ў замежжы нічога не адбывалася. Той факт, што ў нас ёсць хай сабе і паралельная рэчаіснасць, гэта лепш, чым калі б яе не існавала.

Нашыя артысты цяпер раскіданыя па свеце, таму яны прасоўваюць нашу культуру, гэта дае магчымасць пашырацца, магчыма, недзе ствараюць калабарацыі.

Не сакрэт, што ў той жа Польшчы былі міжнародныя падзеі, у якіх удзельнічалі польскія, беларускія, украінскія артысты. Гэта аб’ядноўвае людзей. Гэта інтэграцыя ў добрым сэнсе, калі не губляеш свайго беларускага, але і ўзбагачаешся. У творах адлюстроўваецца тое, што адбываецца ў палітычным, грамадскім кантэксце. Цяпер не толькі палітыкі пра палітыку. Цудоўна, калі ў людзей ёсць магчымасць і права выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, так павінна быць у дэмакратычнай краіне, і я спадзяюся, што аднойчы так будзе і ў Беларусі», — гаворыць Марына Савіцкая.



вх