Беларуская Служба

Нешчаслівыя людзі не чытаюць кніжак

15.04.2024 16:16
«Калі б не адукаваныя жанчыны з вялікіх гарадоў, мы былі б нацыяй непісьменных людзей» - вынікі справаздачы Нацыянальнай бібліятэкі.
Ілюстрацыйны здымакdotshock/Shuttestock

У пачатку красавіка 2024 года польская Нацыянальная бібліятэка апублікавала штогадовую справаздачу аб стане чытання. Чытацкая аўдыторыя ў Польшчы вырасла на 9 працэнтаў!

«Калі мы паглыбімся ў справаздачу НБ, то ўбачым, што чытанне кніг у Польшчы, па-ранейшаму, застаецца класавай адзнакай», - піша на сайце Forsal.pl Яланта Наберак.

43% палякаў у 2023 годзе прачыталі прынамсі адну кнігу. У 2022 годзе такое дасягненне заявілі 34 працэнты рэспандэнтаў. За апошнія 10 гадоў толькі пандэмічны 2020 год быў адносна добры - 42%.

Нешчаслівыя людзі не чытаюць кніжак

Даследаванне Нацыянальнай бібліятэкі паказвае, што 57% палякаў у 2023 годзе не прачыталі нават ніводнай кнігі. Як тлумачаць аўтары справаздачы, «часцей чытаюць людзі, якія глядзяць на сваё жыццё з большым аптымізмам і маюць пачуццё матэрыяльнай забяспечанасці».

Між тым, сярод апытаных, сярод тых, хто чытае, 54% лічаць, што іх жыццё мае сэнс, 55%  з радасцю чакаюць новы дзень, 46% успрымаюць сваё жыццё як запоўненае магчымасцямі, а 41% заявілі, што могуць рабіць у сваім жыцці ўсё, што хочуць. «Таму паралельна з чытаннем павышаецца якасць жыцця палякаў», - адзначае аўтарка артыкула.

Як адукацыя ўплывае на стаўленне да чытання?

Аб пазітыўным стаўленні да такой формы правядзення свабоднага часу заяўляюць 54% рэспандэнтаў з вышэйшай адукацыяй, 46% апытаных - з сярэдняй, 31% - з базавай прафесійна-тэхнічнай і 27% з пачатковай або сярэдняй адукацыяй.

Чытацкая аўдыторыя мае твар адукаванай жанчыны

50% жанчын і толькі 36 працэнтаў мужчын пазітыўна ставяцца да чытання. Чытанне найбольш папулярнае сярод людзей ва ўзросце 25-39 гадоў - чытаюць 48 працэнтаў.

Найбольшая чытацкая аўдыторыя - гэта жыхары буйных гарадоў. Цікава, што ў невялікіх гарадах да 20 тысяч жыхароў чытаюць яшчэ менш, чым жыхары вёскі — першых 34%, другіх — 41%.

«Калі б мы хацелі стварыць вобраз ідэальнага чытача, то на падставе прыведзеных вышэй дадзеных гэта была б маладая жанчына з вялікага горада, з вышэйшай адукацыяй, якая не скардзіцца на фінансы і якасць свайго жыцця», - чытаем у Forsal.pl. На другім канцы знаходзіцца пажылы, неадукаваны мужчына з маленькага горада, не вельмі задаволены ні сваім жыццём, ні сваімі фінансамі.

Папулярнасць такіх фан-старонак у Facebook, як «Не чытаеш? Я не буду з табой спаць» сведчыць пра тое, што для некаторых грамадскіх груп кніжкі маюць вялікае значэнне, - чытаем на сайце Forsal.pl

яс