Беларуская Служба

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Хлябовіч пра палякаў у БССР і РБ.
     Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRR 19451991.
Вокладка трэцяга тома біяграфічнага слоўніка Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRR 1945–1991.https://archiwum.ipn.gov.pl/pl/publikacje/ksiazki/145022,Zostali-na-Wschodzie-Slownik-inteligencji-polskiej-w-ZSRS-19451991.html

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў трэці том біяграфічнага слоўніка Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRR 1945–1991 («Засталіся на Усходзе. Слоўнік польскай інтэлігенцыі ў СССР. 1945–1991»). Папярэднія два тамы былі апублікаваны ў 2021 і 2022 гадах.

У трэці том біяграфічнага слоўніка Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRR 1945–1991 уключаны 90 біяграфій людзей, якія садзейнічалі выжыванню польскай культуры і мовы ў Савецкім Саюзе пасля Другой сусветнай вайны.

Біяграмы падрыхтавалі 18 аўтараў, 10 з якіх напісалі свае тэксты ўпершыню менавіта для гэтага выдання. Усяго ў трох тамах прадстаўлены працы 43 аўтараў — як з Польшчы, так і з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі і Украіны.

Рэдактар слоўніка Адам Хлябовіч (Adam Hlebowicz), які займаецца лёсам палякаў у СССР больш за 30 гадоў, з'яўляецца аўтарам большасці артыкулаў трэцяга тома, прысвечаных палякам у Беларусі. Гэты том ён прысвяціў дзеячу Саюза палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту, які раней таксама складаў біяграмы беларускіх палякаў для слоўніка, а цяпер знаходзіцца за кратамі рэжыму Лукашэнкі.

Анджэй Пачобут быў аўтарам артыкулаў для першага тома слоўніка Zostali na Wschodzie. Ён напісаў 8 ці 9 артыкулаў. Больш за тое, мы ўжо дамовіліся, што ён напіша артыкулы і для другога тома. Мы размаўлялі пра гэта зімой 2021 года. На жаль, праз некалькі дзён пасля гэтай размовы ён быў арыштаваны. Я ведаю, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў турме. Ён — вядомая фігура польскага Усходу, у першую чаргу, вядома, Беларусі. Але прысвячэнне гэтага тома яму — не выпадковае. Калі да яго дойдзе інфармацыя, што гэты том прысвечаны менавіта яму, гэта будзе вельмі добры сігнал — і для яго, і для нас. Будзем спадзявацца, што гэта хоць крыху стане для Анджэя духоўнай падтрымкай у гэты цяжкі час.

На сённяшні дзень у слоўніку апісаны біяграфіі 259 чалавек — як палякаў, так і беларусаў, літоўцаў, латышоў, рускіх, украінцаў, яўрэяў і інш., якія ўнеслі ўклад у захаванне польскай мовы і культуры пры савецкай уладзе. Гаворачы пра палякаў у Беларусі ў пасляваенны савецкі перыяд, Адам Хлябовіч падкрэслівае, што гэта была вялікая супольнасць.

У Беларусі засталося больш за ўсё палякаў (сярод усіх рэспублік СССР. — Рэд.). З другога боку, польская інтэлігенцыя, якая пражывала тут да 1945 года, была вымушана пераехаць у Польшчу ў яе новых граніцах. У выніку, інтэлігенцыі ў Беларусі засталося вельмі мала. Найбольш важнай прафесіянальнай групай, што засталася, было каталіцкае духавенства. Яны служылі на тэрыторыі былых дыяцэзій, што цяпер знаходзяцца ў межах Беларусі, — Віленскай, Пінскай, у частцы Ломжынскай. Шмат хто выехаў у Польшчу, але многія вырашылі застацца насуперак усяму — у тым ліку і дэкрэтам савецкай улады, якая патрабавала барацьбы з рэлігіяй і спынення дзейнасці на польскай мове, а таксама культурнага жыцця ў польскім духу. Такім чынам, гэта было сапраўды гераічнае рашэнне — застацца тут. Духавенства ўсведамляла, што іх праца ўсё яшчэ патрэбна на месцы.

Адам Хлябовіч таксама звяртае ўвагу на геаграфію служэння ксяндзоў у Беларусі.

— Яны станавіліся пробашчамі перш за ўсё ў невялікіх вясковых парафіях. Але гэта ім зусім не перашкаджала. Важна тое, што было да каго звяртацца.

Адам Хлябовіч канстатуе, што сабраць сёння інфармацыю пра палякаў у Беларусі, якія жылі дзесяцігоддзі таму, вельмі складана. Вельмі нямногім — асабліва прадстаўнікам інтэлігенцыі — удалося перажыць дэпартацыі, Вялікі тэрор, антыпольскую аперацыю НКУС і, нарэшце, Другую сусветную вайну.

— Часта да нас даходзіць інфармацыя пра нейкую канкрэтную асобу, нават такую, якую мы ведаем па імені і прозвішчы — і на гэтым усё, уласна кажучы, заканчваецца. Вельмі цяжка даведацца пра далейшы лёс гэтых людзей. Мы, напрыклад, ведаем, што сістэма сярэдняй адукацыі на польскай мове ў заходніх раёнах БССР была ліквідавана к 1948 году. Шмат польскіх настаўнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі пратэставалі супраць гэтых рашэнняў. Аднак пра гэтых людзей мы ведаем вельмі мала. Таксама няма магчымасці праверыць гэтыя звесткі, бо няма доступу да дзяржаўных архіваў у Беларусі.

Адам Хлябовіч дадае, што якраз у свой час Анджэй Пачобут знайшоў і скапіраваў шмат архіўных матэрыялаў у Беларусі.

— У 1990-х гадах ён праглядзеў шмат дзяржаўных архіваў менавіта ў Беларусі. Ён прадбачыў будучыню (маецца на ўвазе цяперашняя недаступнасць архіваў. — Рэд.). Многія з гэтых матэрыялаў ён адсканіраваў, і дзякуючы гэтаму з’явіліся біяграмы, аўтарам якіх ён з'яўляецца.

Адам Хлябовіч, перакідваючы масток з часоў СССР у нашы дні, адзначае, што ў Беларусі падчас перабудовы другой паловы 1980-х гг. палякі вельмі рана абудзіліся і пачалі яднацца.

— Першай такой арганізацыяй у межах усяго Савецкага Саюза стала Польскае культурнае аб'яднанне імя Адама Міцкевіча ў Лідзе. Здавалася б, першая такая арганізацыя павінна была з’явіцца ў Літве ці ў Львове, але першы сігнал усё ж прыйшоў з Ліды.

Толькі праз год з’явіліся падобныя таварыствы ў іншых рэгіёнах, у прыватнасці, у Гродне.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Паляк з Беларусі дапамагае землякам аднаўляць польскае грамадзянства

21.02.2025 16:03
Ураджэнец Гродна Эдгард Чэслаў Скаржыньскі на аснове свайго вопыту дапамагае ў рэпатрыяцыі палякам з усяго свету.