Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: таленавіты дуэт спявае пра кавунавы захад сонца

01.05.2025 18:00
Магду Бэрэду і Пятра Рубіка аб’ядноўвае плённае музычнае супрацоўніцтва, якое пачалося ў 2023 годзе.
.
Ілюстрацыя.Фота: Shutterstock/gonin

Магда Бэрэдa (Magda Bereda) - спявачка, кампазітарка, аўтарка песень, а таксама тэлевядоўца і ютубер. Нарадзілася ў 1996 годзе. Сваю музычную дзейнасць пачала ў 2011 годзе, публікуючы на YouTube каверы вядомых песень. Асаблівую папулярнасць атрымала дзякуючы польскай версіі песні Despacito пад назвай Siedź tu cicho, якая набрала больш за 5 мільёнаў праглядаў. У 2020 годзе яна выпусціла дэбютны альбом.

Магда родам з Варшавы, дзе жыве і цяпер. Яе маці адыграла важную ролю ў яе кар’еры, падтрымліваючы з самага пачатку і дапамагаючы набываць неабходную музычную апаратуру. Магда брала ўдзел у тэлевізійных праграмах, такіх як Taniec z gwiazdami, дзе ў адным з выпускаў танцавала з маці.

Пётр Рубік (Piotr Rubik) - польскі кампазітар, дырыжор і музычны прадзюсар. У яго непаўторны стыль музыкі, які аб’ядноўвае элементы поп-музыкі, кінематаграфічнай і сакральнай музыкі. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў Варшаве. З самага дзяцінства праяўляў цікавасць да музыкі, вучыўся граць на віяланчэлі з сямі гадоў. Скончыў Музычную акадэмію імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве, а потым працягваў навучанне ў італьянскай Сіене пад кіраўніцтвам Эніа Марыконэ.

Рубік супрацоўнічае з рознымі артыстамі, у тым ліку з Эдытай Гурняк. У яго творчасці таксама ёсць музыка да фільмаў і тэлепраграм. Рэгулярна выступае ў Паўночнай Амерыцы, прэзентуючы сваю музыку польскай дыяспары.

Магду Бэрэду і Пятра Рубіка аб’ядноўвае плённае музычнае супрацоўніцтва, якое пачалося ў 2023 годзе. Іх першым сумесным творам стаў сінгл Arbuzowy Zachód Słońca (Захад сонца як кавун або Кавунавы захад сонца), які быў станоўча ацэнены слухачамі. Поспех песні падштурхнуў іх працягваць супрацоўніцтва, у выніку чаго ў 2025 годзе яны выпусцілі сумесны альбом з такой жа назвай, які змяшчае дзевяць песень. Варта дадаць, што частка матэрыялу альбома стваралася дыстанцыйна — Пётр Рубік працаваў над кампазіцыямі ў Маямі, а Магда запісвала свой вакал у Варшаве.

Był sobie maj

pachniało bezą
bezkofeinową
prawie jak raj
a szczęście czeka na nas tuż za progiem

chodź ze mną tam

gdzie arbuzowy zachód słońca
porwie nas czas
i tak zostanie już do końca
chodź ze mną tam
gdzie pachnie sokiem z pomarańczy
porwie nas czas
i nie przestaniesz ze mną tańczyć

bywa i tak

nieszczęścia chodzą gdzieś parami
może to znak
serca nie porwiesz, gdy ze stali
znów chwilę, dwie
popatrzę w oczy twe bezbronne
wydech i wdech
tyś mnie pokochał nieprzytomnie

Быў сабе май, пахла безэ без кафеіну - амаль што рай. А шчасце чакае нас прама на парозе. Пойдзем са мной туды, дзе кавунавы захад сонца, панясе нас час - і так застанецца да канца. Пойдзем са мной туды, дзе пахне сокам з апельсінаў, панясе нас час - і ты не перастанеш танцаваць са мною.

Бывае і так: бяда не прыходзіць адна. Можа, гэта знак: не парвеш сэрца, калі яно стальное. Зноў гэты момант ці другі – я пагляджу ў вочы твае безабаронныя. Выдых і ўдых - ты пакахаў мяне да непрытомнасці.

Вось такая кароценькая песня пра каханне. Трэба адзначыць, што выканаўцы не з'яўляюцца парай. У гэтым заключаецца талент артыстаў, каб перадаць пачуцці, якіх на самой справе можа і не быць. Але нас больш цікавіць тэкст кампазіцыі, які Магда і Пётр напісалі разам, таксама, дарэчы, як і музыку.

Arbuzowy Zachód Słońca – кавунавы захад сонца. З некаторай садавінай ды гароднінай на польскай і беларускай мове неабходна разабрацца. Arbuz – гэта беларускі кавун, беларускі гарбуз – гэта польская dynia. А вось беларуская дыня – гэта польскі melon. Я разумею, што разабрацца ў гэтым цяжка, я сама блытаю гэтыя назвы, проста варта памятаць, што, як кажуць палякі “nie wszystko złoto co się błyszczy”. А перафразуючы гэты сказ – “арбуз” не на кожнай мове арбуз.

Pachniało bezą bezkofeinową – пахла безэ без кафеіну. Тут жартаўлівая згадка слоў іншай польскай кампазіцыі. Славутай песні Марылі Радовіч "Małgośka", якая пачынаецца словамі “To był maj, pachniała Saska Kępa szalonym, zielonym bzem”. Bez, як вядома, гэта куст, які выпускае вясной кветкі, што цудоўна пахнуць, а вось beza – так па-польску называецца слодыч, якая робіцца з узбітых бялкоў яек і цукру. Беларусы захавалі больш арыгінальны французскі назоў безэ.

Serca nie porwiesz, gdy ze stali – сэрца не парвеш, калі яно стальное. Звярніце ўвагу, што дзеяслоў porwać мае некалькі значэнняў. Гэта як парваць, так і захапіць - нешта, напрыклад, самалёт, або кагосьці, скажам, узяць чалавека ў закладнікі.

Nieszczęścia chodzą parami - бяда не прыходзіць адна. Цікава, што і ў польскай, і ў беларускай мовах ёсць вельмі падобныя прымаўкі. 

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы