Цімур Кудзеліч — пісьменнік і кніжнік з Мінска. Нядаўна выйшла яго чацвёртая кніга — «Значныя дні». Ён таксама аўтар кніг «ЯК», «Пацукі» і «Без гэтага — усё». Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці. Цяпер аўтар жыве і працуе ў Варшаве. З ім гутарыць наш карэспандэнт Павел Залескі.
— Цімур, у твае 22 гады ў цябе выходзіць ужо трэцяя кніга. Наколькі гэта хвалююча для цябе?
— Па праўдзе кажучы, гэта ўжо чацвёртая кніга, бо трэцяя выдавалася самвыдатам. Тады не было магчымасці выдаць яе афіцыйна. Гэта вершы, складзеныя ў адну кнігу — «Без гэтага — усё». Хвалююча? Так, хвалююча. Я думаў, што змірыўся з гэтым адчуваннем, калі выходзіць новая кніга, але «Значныя дні» — зусім іншы па маштабах і памерах праект. Гэта дэбют у тым плане, што гэта раман. І гэта захапляе, натхняе і хвалюе.
— Ты называеш сябе прыхільнікам «арганічнага авангарду». Як бы ты растлумачыў гэты тэрмін чытачу, які ўпершыню яго чуе?
— Гэта тэрмін, які я сам прыдумаў у дачыненні да сваёй творчасці. Мне ў ім важна падкрэсліць, што я сапраўды шукаю нейкія новыя практыкі і формы напісання твораў, спрабую падысці да гэтага не проста як да прозы ў класічным разуменні. Я не адмаўляю змест цалкам, але форма для мяне важнейшая.
А чаму — «арганічны»? Таму што я не люблю, калі ў кнігах нешта вытыркаецца, мне трэба сплесці ўсё ў адну тканіну. Я не хачу, каб канцэпцыі пераважалі над спалучэннем формы і зместу, таму называю сябе «арганічным». Я хачу, каб кніга дыхала, і «арганічны авангард» — каб можна было прачытаць, каб вока не муляла, але гэта яшчэ і пошук нечага новага.
— У тваіх тэкстах шмат умоўнасці і эксперыменту. Ці лічыцца для цябе сюжэт другасным у параўнанні з формай і рытмам аповеду?
— Я сапраўды думаю, што змест дзесьці другасны, бо ўсе гісторыі ўжо расказаныя. А галоўнае — зрабіць так, каб гісторыя, якую мы ўжо і так ведаем, адкрылася па-новаму, заіграла новымі фарбамі. Я акурат і шукаю, як раскрыць змест праз форму. Я не адмаўляю змест цалкам, для мяне вельмі важна, каб гісторыя склалася, каб у кніжцы быў сюжэт, але ў дачыненні да формы ён усё ж другасны.
— «Значныя дні» — гэта раман з адмысловай тапаграфіяй і псіхагеаграфіяй. Чаму менавіта Заслаўе і чыгуначная станцыя «Беларусь» сталі цэнтрам сусвету твайго тэксту?
— Яны сталі такімі ледзь не выпадкова. Проста менавіта туды я часцей за ўсё выязджаў у час пачатку напісання рамана. Я вельмі люблю гэты горад, і мне было вельмі спакойна туды выязджаць. А ў тыя трывожныя часы я вельмі хваляваўся ў Мінску, а Заслаўе было спакойным месцам — туды я выязджаў нібыта з акупаванай зоны.
Тут складаецца некаторая дыялектычная пара з Мінскам, спалучэнне і адмаўленне гэтых двух цэнтраў. Мінск — як нешта вялікае, і горад-спадарожнік Заслаўе, які маленькі і жыве побач з ім. Я кранаю людзей, якія жывуць у Заслаўі і працуюць у Мінску, асэнсоўваю іх жыццё. Альбо як гэта — жыць з нечым такім вялікім, але заставацца і захоўваць сваё. Таму псіхагеаграфія Заслаўя шмат у чым выбудоўваецца на адмове Мінску.
— Наколькі важная для цябе беларуская мова як матэрыял для літаратурных эксперыментаў? Ты карыстаешся ёю як інструментам ці як тэмай самой па сабе?
— Для мяне беларуская мова — нешта, без чаго я не магу, бо ўпэўнены, што не мог бы пісаць тэксты ні на якой іншай мове. Я ёй дыхаю, я яе асэнсоўваю. Напэўна, гэта інструмент, але ў мяне ёсць такое шчырае захапленне словам — часам да слёз, калі не нейкі змест з гэтых словаў складзены, але я адчуваю, што словы стаяць слушна. Можа, гэта не правільна з пункту гледжання сінтаксісу, але я гляджу на гэта і адчуваю, як яно дыхае, і гэта менавіта беларуская мова. Ні ў якой іншай я такога адчуць не магу.
— Якую ролю ў тваіх кнігах адыгрываюць ілюстрацыі, фота і візуальныя ўстаўкі — ці гэта працяг тэксту, ці спроба яго замяніць?
— Гэта частка тэксту. Ва ўсіх маіх кнігах ёсць ілюстрацыі, і яны адыгрываюць найважнейшую ролю. Я рыхтаваў гэтую кнігу ў Мінску і хацеў сабраць альбом сваіх сяброў-мастакоў, якія працавалі са мной у той час. Але так атрымалася, што раман «адмовіў» некаторых мастакоў, і ў кнізе я пакінуў толькі самых сутнасна важных.
— Ці ты верыш у «кананічную» літаратуру? Хто з беларускіх ці сусветных аўтараў найбліжэйшы табе па духу?
— Я не веру ў каноны, але веру ў класічную літаратуру, і для мяне гэта вельмі важна. Гэта таксама частка маёй арганічнасці. Але я не адмаўляю ніводнага з літаратурных кірункаў, а бяру адтуль натхненне. Раней на мяне вельмі моцна ўплывала антычная літаратура — цяпер ужо ў меншай ступені. А кніга «Значныя дні» шмат у чым базуецца на рамане «Гарганцюа і Пантагруэль» Франсуа Рабле. Акрамя гэтага, мадэрністы — для мяне самыя галоўныя аўтары. Таксама ірландская літаратура на мяне моцна ўплывала. Тут, магчыма, варта было б прыгадаць Джэймса Джойса — ён для мяне важны аўтар. Але калі я яго чытаю, то пісаць не магу — я пішу наадварот Джойсу.
— У кнізе «Пацукі» прысутнічае вельмі адмысловае пераплаўленне рэальнасці і мовы. Гэта праца з трывожнасцю? З постпраўдай? Ці нешта яшчэ?
— Думаю, усё гэта так. Але самае галоўнае для мяне — адшукаць у прозе паэзію. Я сябе, напэўна, больш адчуваю паэтам ад свету прозы. Я не пішу класічных вершаў, але свае празаічныя кнігі складаю па прынцыпе паэтычнага зборніка. І вось гэтае сплаўленне, няправільнасць ці прарэх паміж рэчаіснасцю і нейкім вобразам — ён для мяне нараджае паэзію. А паэзія для мяне — гэта недакладнасць, няправільнасць, ірацыянальная прыгажосць.
— Ты жывеш у Варшаве. Як эміграцыя змяніла тваё ўспрыманне Беларусі, беларускай літаратуры і сябе як пісьменніка?
— Яшчэ да таго моманту, як я пачаў пісаць кнігу «Значныя дні», не ведаў, што наступная мая кніга будзе пачата ў Мінску, а скончана ў эміграцыі. Тады я не планаваў пераязджаць, не думаў, што гэта здарыцца. Пазней забыў пра гэта, а прыгадаў, калі дапісаў «Значныя дні» у Варшаве ў сакавіку 2024 года. Для мяне было вельмі важна перавесці пачаты ў Мінску тэкст — а ён пазней здолеў здарыцца толькі ў Варшаве. Тут я трошкі змяніў оптыку, зірнуў на жыццё іншымі вачыма. Для мяне было вельмі важна адкінуць страх. Не магу сказаць, што страх уплывае на мяне, бо пішучы прозу, адчуваю сябе цалкам самастойным. Але ў той час вельмі важным было супакоіцца і выехаць.
— Ці можа, на тваю думку, літаратура нешта змяніць у гэтым свеце? Ці яе задача, наадварот, паказваць, што нічога не паддаецца змене?
— Я ўвогуле думаю, што літаратура не мае ніякіх задач у дачыненні да простага чалавечага жыцця, і наша задача — паспрабаваць падумаць пра тое, якія задачы літаратуры. Літаратура — гэта яўна нешта не з нашага сусвету, і ў гэтым яе прыгажосць. Мне здаецца, калі людзі пачынаюць надаваць пэўныя мэты сабе ці задачы для тэкстаў, то тэкст губляе вельмі шмат — і ў разуменні, і ў напісанні. Таму я нават не гляджу на гэта з такой оптыкі.
— Дзякуй за гутарку.
Павел ЗАЛЕСКІ.