Беларуская Служба

Дзень Дзіцяці ў Музеі POLIN. Таямніцы прыроды і гісторыі з беларускім акцэнтам! 

30.05.2025 13:33
Пад назвай «Адпачні тут» арганізатары падрыхтавалі незвычайны сямейны пікнік з вясёлай прыгодай, натхнёнай светам жывёлаў і прыроды.
Аўдыё
  • Падрабязней пра праграму свята распавядае Аляксандра, супрацоўніца Аддзела адукацыі дарослых Музею POLIN.
    POLIN.
Дзень Дзіцяці ў Музеі POLIN. Таямніцы прыроды і гісторыі з беларускім акцэнтам! Фота: https://www.facebook.com/

1 чэрвеня, у нядзелю, музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN ператворыцца ў вялізную зону адпачынку. Пад назвай «Адпачні тут» арганізатары падрыхтавалі незвычайны сямейны пікнік з вясёлай прыгодай, натхнёнай светам жывёлаў і прыроды.

Цікавы факт: само слова «Polin» на іўрыце азначае «спыніся тут, адпачні». Згодна з легендай, менавіта гэтую фразу пачулі яўрэі, якія ўпершыню прыехалі на гэтыя землі. І сёння музей POLIN прапануе нам зірнуць на адпачынак па-новаму — праз гульню, адкрыцці і гісторыю.

У праграме — тры тэматычныя зоны: зямлі, вады і паветра. У кожнай з іх — свае прыгоды. Вы зможаце:

зазірнуць унутр гіганцкага кіта,

зблукаць у лабірынце з сюрпрызамі,

стварыць пясочныя карціны і каляровыя ракавінкі,

і нават пагуляць у «пагоню за бурбалкамі».

Не абыдзецца і без актыўных забаваў: гульні на рух, сэнсарныя сцежкі, рыбалка і многае іншае.

Асаблівай падзеяй стане групавая гульня на беларускай мове, якая распачнецца ў 12:30. Але тут патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя. Месца сустрэчы — каля вулічнага спартыўнага абсталявання побач з музеем. Гэта выдатная магчымасць для беларускамоўных сем’яў далучыцца да мерапрыемства на роднай мове.

Для тых, хто стоміцца — будзе зона адпачынку з шэзлонгамі, а таксама гастранамічная пляцоўка. Малых дзяцей разам з бацькамі запрашаюць у спецыяльную зону з анімацыямі і сэнсарнымі гульнямі — яна будзе працаваць цэлы дзень.

І яшчэ адна цікавая частка праграмы — сямейная гульня «Таямнічы музей» на пастаяннай выставе. Гэта квэст для дзяцей 5–10 гадоў, які дазволіць праз гульню адкрыць гісторыю яўрэяў у Польшчы — ад сярэднявечча да ХХ стагоддзя. Удзельнікі атрымаюць падарункі і, што важна, — бясплатны ваўчар на ўваход у выставу, які будзе дзейнічаць да канца жніўня.

Пікнік пройдзе з 11-й да 15-й, а іншыя часткі праграмы працягнуцца да 18-й. Усё — бясплатна, без рэгістрацыі. За выключэннем групавой гульні на беларускай мове (абавязковая рэгістрацыя: atrutneva@polin.pl).

Музей POLIN — памяць пра мінулае і прастора для сучаснасці

Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве — адзін з самых важных культурных і адукацыйных цэнтраў у Еўропе. Ён распавядае пра тысячу гадоў прысутнасці яўрэяў на польскіх землях — ад міру і росквіту да трагедыі Халакосту. Музей быў адкрыты ў 2013 годзе і з таго часу стаў месцам дыялогу, памяці і суперажывання.

Для шматлікіх беларускіх мігрантаў у Польшчы POLIN — не толькі музей, але і бяспечная прастора, дзе гучыць родная мова, праводзяцца культурныя падзеі і падтрымліваецца дух салідарнасці. Праз адукацыйныя праграмы, выставы і адкрытасць да розных супольнасцяў, POLIN дапамагае змацоўваць сувязі паміж народамі, нагадвае пра каштоўнасць свабоды і талерантнасці — такіх неабходных сёння, у часы новых выклікаў для дэмакратыі і чалавечай годнасці.

Слухайце аўдыё!

эж