Беларуская Служба

Былы царскі форт у Ружане надалей выконвае стратэгічную ролю, але цяпер яна звязана з польскай ядзернай навукай (ФОТА)

06.06.2025 14:35
Запрашаем вас на экскурсію па месцы, якое адкрываецца для турыстаў усяго тры разы ў год.
Аўдыё
  • Месцa захоўвання радыеактыўных адкідаў у гарадку Ружан
Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

Было вельмі цікава і пазнавальна – вось як удзельнікі падсумавалі гадзінную прагулку па Месцы захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Нагода была сапраўды незвычайная, бо гэтае месца, да нядаўняга часу цалкам недаступнае для наведвальнікаў, адкрываецца для турыстаў усяго тры разы ў год.

«Устаўце левую руку! Забруджванняў не выяўлена! Пакіньце прыладу!»

Тое, што вы чулі – гэта паведамленні дазіметра, які правярае, ці не падвергліся мы ўздзеянню радыяцыі. Менавіта з такога абследавання пачалася нашая экскурсія па Месцы захоўвання радыеактыўных адкідаў у гарадку Ружан (Różan) у цэнтральнай Польшчы.

Варта дадаць, што такая праверка на пачатку экскурсіі мела выключна форму цікавінкі, але ў канцы гадзіннай прагулкі кожны з удзельнікаў мусіў прайсці яе яшчэ раз, у абавязковым парадку, і на гэты раз на прыладзе, якая правярала ўсё нашае цела.

«Такія працэдуры», – падкрэсліла Юстына Кардашэўска(Justyna Kardaszewska) з Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку (Otwock) і паясніла, што было б, напрыклад, у выпадку выяўлення радыеактыўнага забруджвання, хоць – як яна падкрэсліла – да гэтай пары, такога яшчэ не здарылася:

- Такая знешняя дэзактывацыя ў асноўным прадугледжвае, што вы былі б прымушаныя зняць і аддаць нам сваю вопратку і прыняць халодны душ, які выдаляе забруджванні. Мы далі б вам нейкую замену адзення, каб вы маглі вярнуцца дома больш-менш апранутыя. У сваю чаргу вашую вопратку мы дэзынфікуем – проста сціраем. Вада са сціркі збіраецца ў адмысловым рэзервуары, а потым яе дастаўляюць у Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку, дзе яна падвяргаецца апрацоўцы.

Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў размяшчаецца на тэрыторыі былога царскага ваеннага форта, пабудаванага на пачатку XX стагоддзя. Гісторыя гэтага месца неразрыўна звязаная з гісторыяй атамнай навукі ў Польшчы, кажа старэйшы спецыяліст па перапрацоўцы радыеактыўных адкідаў у Прадпрыемстве па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў з Отвацка-Сверка Ежы Мрозоўскі(Jerzy Mrozowski):

- Калі ў 1958 годзе ў Сверку – тады гэта была вёска каля Отвацка, за 20 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Варшавы, цяпер гэта ягоны раён – быў запушчаны першы польскі атамны рэактар «Эва» і пачалі вырабляцца ізатопы, праводзіцца розныя навуковыя даследаванні, то пачалі ўзнікаць таксама радыеактыўныя адкіды, з якімі нешта трэба было зрабіць. Тады ўзнікла ідэя выкарыстаць дзеля іх захоўвання адзін са старых ваенных фартоў. Адпаведная камісія прапанавала каля дзясятка такіх аб'ектаў, з якіх канчаткова быў абраны Ружан. У 1961 годзе сюды прыбыў першы транспарт з радыеактыўнымі адкідамі.
Да гэтай пары Месца захоўвання радыеактыўных адходаў у Ружане з’яўляецца адзіным такім месцам у Польшчы.

У Ружане радыеактыўныя адкіды захоўваюцца і складваюцца, а гэта дзве розныя справы, падкрэслівае Ежы Мразоўскі:

- Мы захоўваем адкіды без магчымасці іх паўторнага выкарыстання ў будучыні – захоўваем іх вечна. Працэс складавання адкідаў тычыцца сітуацыі, калі мы маем намер іх адсюль вывезці ў будучыні. Вось, аб'ект нумар 1 выкарыстоўваецца для складавання адкідаў, якія нельга тут захоўваць, бо гэта месца для кароткажывучых, нізка- і сярэднеактыўных адкідаў. У нас ёсць невялікая колькасць доўгажывучых адкідаў, якія можна захоўваць толькі ў месцы для глыбокага захоўвання, якога ў Польшчы пакуль няма. Таўшчыня сценаў згаданага аб’екта складае каля 1 метра 20 сантыметраў бетону.

Паводле агульных ацэнак, цяпер у Месцы захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане знаходзіцца каля 4 200 кубічных метраў адкідаў, гэта разам з доўгажывучыцмі, якія тут выключна захоўваюцца часова:

- Самае цікавае, што я хацеў бы вам паказаць, знаходзіцца прама перад намі. А, гэта абʼект нумар 8. Увага, мы зараз уваходзім на радыеактыўныя адкіды. Пад намі знаходзіцца некалькі пластоў 200-літровых бочках з радыеактыўнымі адкідамі, якія залітыя бетонам. Пад намі шэсць такіх пластоў, накладзеных адзін на адзін, раздзеленых пластамі бетону. На апошнім пласце ёсць дадатковы пласт бетону таўшчынёй 0,5 метра і асфальт, які прадухіляе пранікненне дажджавой вады.

Паколькі ў Польшчы няма атамнай электрастанцыі, то і праблем з адпрацаваным ядзерным палівам у краіне няма. Паліва з рэактара «Эва», які спыніў працаваць у 1995 годзе, а таксама паліва з дзейнага рэактара «Марыя» было вернутае ў краіну вытворцу, то бок у Расію. Зараз «Марыя» працуе над французскім паліве.

Крыніцы радыеактыўных адкідаў у Польшчы, гэта медыцына, прамысловасць і навуковыя даследаванні. Калі іх прыток захаваецца на цяперашнім узроўні, то месца ў былым ваенным форце ў Ружане хопіць яшчэ на доўгія гады. А, калі гэта ўрэшце адбудзецца, то маніторынг навакольнага асяроддзя будзе праводзіцца тут яшчэ цягам 300 гадоў.

Да нядаўняга часу абʼект у Ружане быў, скажам так, ахутаны таямніцай, бо гэта ўразлівая інфраструктура. Чаму тады зараз пачаў адкрывацца для турыстаў, паясняе дырэктарка Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў з Отвацка Анэта Корчыц(Aneta Korczyc):

- Мы робім гэта, таму што лічым, што грамадству патрэбныя веды аб абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі і аб самой радыеактыўнасці. Па-першае, таму што ў нас ёсць планы па будаўніцтве АЭС у Польшчы, што, вядома, прывядзе да большай колькасці радыеактыўных адкідаў. Такім чынам, гэтая тэма стане важнай сацыяльнай тэмай. Таму мы лічым, што спачатку варта развеяць міфы, якія ўзніклі вакол гэтага месца, галоўным чынам таму, што доўгія гады яно было закрытым і недаступным для людзей. Па-другое, мы лічым, што надзейна перададзеная інфармацыя і веды непасрэдна ад людзей, якія тут працуюць, дазваляюць лепш зразумець гэтую тэму і атрымаць пакет ведаў, заснаваных на нашым вопыце – мы займаемся гэтым ужо 64 гады.

Удзельнікі экскурсіі задавалі арганізатарам шмат важных пытанняў, датычных крыніцаў адкідаў, спосабаў іх захоўванні і бяспекі самога месца захоўвання, нават у кантэксце магчымых ваенных пагрозаў:

- Мне экскурсія вельмі спадабалася. Я пашырыла свае веды аб захоўванні радыеактыўных адкідаў. У сваёй працы я згадваю пра розныя прылады, у якіх выкарыстаныя ізатопы. І я змагла дапоўніць свае веды, адносна колькасці адкідаў, якія ўзнікаюць у прамысловасці і ізатопаў, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловасці.

- заявіла настаўніца хіміі, якая прыняла ўдзел у экскурсіі. Частка наведвальнікаў заяўляла, што зусім па-другому ўяўляла сабе гэтае месца:

– Я чакаў нечага іншага. Інакш уяўляў сабе спосаб захоўвання такіх адкідаў. Экскурсія была вельмі цікавая – нам шмат чаго растлумачылі, і чалавек больш спакойна ставіцца да таго, як гэта захоўваецца.

Спадабалася і маладым людзям, якіх сярод наведвальнікаў было даволі шмат:

– Вядома, я абавязкова раскажу пра гэта сваёй сям'і і, магчыма, сябрам, бо сёння сустракаюся з сябрамі, таму, напэўна, ім нешта цікавае таксама раскажу.

- сказала 17-гадовая Лена, якая наведаць Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў прыехала з бацькам з Варшавы.

Нагадваем, Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане можна паглядзець усяго тры разы ў год: у Ноч Музеяў у траўні, падчас «Дзён Ружана» ў ліпені і падчас Ваеннага пікніка, які праходзіць у горадзе на пачатку верасня.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Дзе знаходзіцца адзінае ў Польшчы Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў і ці можна яго наведаць (ФОТА+ВІДЭА)

26.04.2025 14:10
Таямнічае месца, пра якое ідзе гаворка, размяшчаецца ў гістарычным царскім форце, недалёка ад Варшавы.