Беларуская Служба

Рэкорд арт-рынку. «Рэальнасць» Мальчэўскага прададзена за больш чым 22 мільёны злотых

16.06.2025 12:13
Праца вярнулася ў публічны абарот пасля амаль стагоддзя адсутнасці.  
       DESA Unicum
Карціна «Рэальнасць» Яцэка Мальчэўскага ў акцыйным доме DESA UnicumPAP/Rafał Guz

Карціна «Рэальнасць» Яцэка Мальчэўскага прададзена за 22,2 мільёна злотых падчас аўкцыёну ў DESA Unicum, усталяваўшы новы рэкорд на польскім арт-рынку. Праца вярнулася ў публічны абарот пасля амаль стагоддзя адсутнасці.  

Праца аднаго з найвыдатнейшых польскіх сімвалістаў была прададзена падчас аўкцыёну «Яцэк Мальчэўскі і яго эпоха». Твор прадалі за 18,5 мільёна злотых, але з усімі аплатамі канчатковая цана склала цэлых 22,2 мільёна злотых.

Папярэдні рэкорд належаў... той жа карціне. Карціна нечакана з'явілася ў 2021 годзе на замежным аўкцыённым сайце, што выклікала вялікі ажыятаж у калекцыянерскай супольнасці. У 2022 годзе яна была выстаўлена на аўкцыён DESA Unicum i прададзена за 20,4 мільёна злотых, але здзелка была прыпынена пракуратурай з-за падазрэнняў у незаконным вывазе працы за мяжу. У чэрвені 2024 года суд зняў з карціны абвінавачванні, што дазволіла прадаць яе зноў.

«Рэальнасць» лічыцца адным з найкаштоўнейшых твораў польскага мастацтва 20 стагоддзя. Апошні раз яе бачылі на публіцы ў 1926 годзе. Дзесяцігоддзямі яна існавала толькі ў фотадакументацыі кракаўскай фатографкі Амаліі Крыгер, якая ўвекавечыла працы Мальчэўскага.

Нацыянальны музей у Варшаве, нягледзячы на ​​ранейшую зацікаўленасць, адмовіўся ад свайго права першачарговай пакупкі.

Старшыня праўлення DESA Unicum Агата Шкуп адзначае, што твор быў створаны на піку творчасці мастака і «ў амаль барочнай кампазіцыі ён закранае найважнейшыя тэмы: місію мастака, патрыятычную місію мастацтва, рамантычныя і нацыянальныя міфы».

Карціна ўяўляе сабой сцэну з шматлікімі фігурамі, якія сімвалізуюць падзенне Польскай Рэспублікі і гісторыю паўстання краіны.

- Гэты аўкцыён - гэта не толькі фінансавы поспех, але, перш за ўсё, пацвярджэнне таго, што польскі рынак мастацтва развіты і можа функцыянаваць на роўні з найважнейшымі еўрапейскімі рынкамі, — падсумавала Шкуп.

Новы ўладальнік карціны застаўся ананімным.

ав