Беларуская Служба

У розных гарадах Польшчы мы стварылі ўтульныя куточкі беларускасці — ТБМ

14.07.2025 16:54
Ужо амаль год у Беластоку дзейнічае аддзел «Таварыства беларускай мовы» імя Францішка Скарыны.
Аўдыё
  • У розных гарадах Польшчы мы стварылі ўтульныя куточкі беларускасці
БеластокПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Слухайце сюжэт

Арганізацыя мела сваю шматгадовую гісторыю ў Беларусі, але рэжым дэлегалізаваў яе пасля 2020 году, як і шмат іншых суполак, якія займаліся захоўваннем беларускай мовы і культуры.

Беларусы, якія з’ехалі ў эміграцыю, вырашылі аднавіць яе дзейнасць, пра што распавядаюць Марына, Віктар і Вольга.


«Варта працягваць, каб было «Таварыства беларускай мовы», таму што яно было і ёсць, і, пакуль мы ёсць, так і «Таварыства беларускай мовы» мусіць быць! Таму што ёсць спадзеў, што мы вернемся і працягнецца тая справа, якая была да нас 30 гадоў, якая цяпер ёсць тут у эміграцыі і якая будзе, калі хтосьці вернецца ў Беларусь, а хто не вернецца і застанецца тут, але застанецца беларусам», кажа Вольга.


«Таварыства беларускай мовы» ў Беластоку, хутчэй за ўсё, спадкаемца той арганізацыі, якая існавала ў Беларусі.
Марына стала чальцом арганізацыі ў апошнія месяцы яе існавання ў Беларусі. А пазней, на жаль, арганізацыя была закрыта і, як усё там у Беларусі, забаронена, адзначыла Марына.

Таму мэты дзейнасці ў эміграцыі застаюцца тыя самыя – захаваць, папулярызаваць беларускую мову.

«Асабліва гэта важна тут у нас у эміграцыі, таму што людзі, якія сюды прыязджаюць, вельмі хутка асімілююцца, апалячваюцца і тыя, хто размаўляў па-расiйску, яны і застануцца размаўляць па-расійску. А хочацца, каб тыя людзі, якія нацыянальна свядомыя мелі дзесьці свой прытулак, куды прыйсці і прымяняць свае веды — каб мова не забылася. Многім людзям не хочацца, бо кожны чалавек хоча жыць як прасцей», - кажа Марына.

Пакуль толькі ў Польшчы існуе «Таварыства беларускай мовы». У розных гарадах Польшчы створаныя аддзяленні ТБМ.

«У эміграцыі адбываецца дзіўная рэч — мы ўсе знаходзімся ў розных «пузырах». І калі людзі трапляюць у краіну, дзе няма забароны на беларускасць і яна не з'яўляецца чыннікам небяспекі, то, сярод рускамоўных могуць з’явіцца людзі, якія падтрымліваюць ідэю беларускай мовы. Але я не магу сказаць, што ёсць шмат расійскамоўных эканамічных эмігрантаў, якім нашыя ідэі цікавыя. Мы адкрытыя для ўсіх беларусаў, тое, што нас аб’ядноўвае, гэта менавіта карані, нацыянальныя гены, якія нас разам трымаюць на каштоўнасным узроўні, - распавёў Віктар.

Аддзяленне ТБМ у Беластоку ладзіць сустрэчы, працуе кніжны клуб і ладзіць экскурсіі па Польшчы.

Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк

ТБМ у Польшчы пачалося з Лодзі

12.07.2025 13:12
Ладзім культурніцкія мерапрыемствы, запрашаем гасцей, але пакуль што не стае важнага — памяшкання для бібліятэкі і суботняй школкі для дзяцей.