Беларуская Служба

Вядомы ў Польшчы мастак праф. Лёнік Тарасэвіч запраектаваў сцэну на сямейны пікнік «Валілка»

21.07.2025 16:47
Былі конкурсы, гульні для дзяцей, канцэрты ды інтэграцыя ўсіх жыхароў вёскі.
Аўдыё
   .
Сцэна праекту Лёніка Тарасэвіча.Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Анна Пятроўская

У летні перыяд амаль у кожнай мясцовасці адбываецца нейкі фэст, канцэрт ці пікнік. Падляшскія вёсачкі – не выключэнне, тут таксама кожная гміна ладзіць вясёлыя мерапрыемствы. Аднак жыхары вёскі Валілы, што ў гарадоцкай гміне, не чакалі, каб хтосьці арганізаваў ім свята. Супольнымі намаганнямі Кружка Вясковых Гаспадынь «Цяпер Валілы», усіх жыхароў ды вядомага мастака прафесара Лёніка Тарасэвіча, яны самі зладзілі сямейны пікнік «Валілка».

На адмыслова зробленай каляровай сцэне, якую запраектаваў і выканаў Лёнік Тарасэвіч, выступілі мясцовыя калектывы ды запрошаныя госці. Былі конкурсы, гульні для дзяцей і, канешне, канцэрты. Аднак увагу ўсіх прыцягвалі каляровыя авечкі ды нават малпа - праект мастака Лёніка, які актыўна ўключаецца ў жыццё сваёй вёскі. З'ехаліся таксама жыхары навакольных вёсачак.


Пікнік у Валілах Пікнік у Валілах

- Мы прыехалі з Зуброў, а мы з Мелешкоў, пабачыць, кажуць, цікавая імпрэза. Цікавыя калектывы, нават нам дождж не перашкаджае. 

- «Валілку» арганізуем ужо другі год, - гаворыць Бажэна Адамчык з Кружка Вясковых Гаспадынь. – Наша вёсачка маленькая, але мы тут супольна дзейнічаем, усе разам, актыўна дапамагае нам наш мастак Лёнік, які запраектаваў ды стварыў нам такую каляровую сцэну з авечкамі. 


Лёнік Тарасэвіч (у каляровай вопратцы) з удзельнікамі. Лёнік Тарасэвіч (у каляровай вопратцы) з удзельнікамі.

- Трэба зрабіць усё, каб людзі маглі забыцца пра штодзённасць - гаворыць Лявон Тарасэвіч, - таму мая сцэна такая каляровая, трэба выклікаць у людзей пытанне, чаму каляровыя авечкі, чаму тут малпа сядзіць, каб пачалі гуляць, нават разам з авечкамі ці баранамі. У Валілах актыўна дзейнічае «Кружок Вясковых Гаспадынь», таму супольна можам рыхтаваць такія імпрэзы.

На сцэне выступіў таксама Лёнік Тарасэвіч супольна з калектывам Retro.

Анна Пятроўская

Слухайце далучаны гукавы файл