Беларуская Служба

Музыкі з Беларусі і Украіны заваёўваюць польскую сцэну

25.07.2025 11:55
Варшаўскі канцэрт Макса Каржа адбудзецца 9 жніўня.
Макс Коржhttps://www.youtube.com/watch?v=1RxtNtRiOqQ

Квіткі на канцэрт беларускага рэпера Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне PGE ў Варшаве разышліся за пяць дзён. Гэта дэманструе, наколькі моцна і хутка музычныя рынкі ўсходніх суседзяў зліваюцца з польскім рынкам, піша штотыднёвік Polityka.

Часопіс нагадвае, што кар'ера Макса Каржа пачалася з яго дэбютнага альбома «Жывотный мір» у 2012 годзе. Яго запісы збіраюць мільёны праслухоўванняў на стрымінгавых сэрвісах.

Корж спявае на рускай мове, устаўляючы беларускія словы. Яго прыхільнікі з разуменнем ставяцца да гэтага. Таксама ў яго выпадку супрацоўніцтва з расійскім лейблам — гэта эканамічны, а не ідэалагічны выбар.

У 2016 годзе Служба бяспекі Украіны забараніла Каржу ўезд у краіну на пяць гадоў за выступ у Крыме. Але фактычна забарона дзейнічала адзін год.

Варшаўскі канцэрт Макса Каржа адбудзецца 9 жніўня, у 5-ю гадавіну беларускіх пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.

Пяць гадоў таму многія пачалі ставіцца да суперзоркі з недаверам. Беларусам не спадабалася адсутнасць адназначнага асуджэння таго, што рабіў Лукашэнка і доўгі пост Каржа ў Instagram. Макс Корж падтрымаў пратэсты, хоць заклікаў да часовага спынення, каб пазбегнуць кровапраліцця.

Аднак праз некалькі дзён ён з'явіўся на пратэстах і адмовіўся ад выступаў у рэспубліках, якімі кіруюць дыктатары. У свой 32-гі дзень нараджэння Макс Корж запісаў 6-хвілінную алегарычную песню «Яе віной» пра краіну, якая развальваецца. Песня суправаджаецца відэакліпам з бел-чырвона-белымі сцягамі і фрагментамі жнівеньскіх пратэстаў.

Ужо некалькі гадоў Корж трымаецца ў цені. З меркаванняў бяспекі яго месцазнаходжанне невядомае, і ён абмежаваў сваю сцэнічную дзейнасць.

Арганізатары варшаўскага канцэрту прыклалі шмат высілкаў: арганізавалі аўтобусныя туры з розных гарадоў Еўропы, у тым ліку з Амстэрдама, Мюнхена і Берліна. Былі створаны шматлікія Telegram-чаты, каб фанаты маглі мець зносіны. Найбуйнейшы чат мае 20 000 карыстальнікаў. На тры дні побач з Нацыянальным стадыёнам у Варшаве будзе ўсталяваны намётавы гарадок памерам з варшаўскім раёнам.

— Артысты з Украіны і Беларусі ўсё часцей дэманструюць сваю прысутнасць на польскай канцэртнай сцэне, кажа Томаш Керсноўскі з кампаніі ebilet, які расказаў, што ў 2017 годзе платформа прадала квіткі на 200 мерапрыемстваў з удзелам артыстаў з усіх краін з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Цяпер такіх мерарыемстваў больш за 4500.

Часопіс Polityka згадвае таксама пра прысутнасць на польскай музычнай сцэне Лявона Вольскага, дуэта NaviBand і польска-беларускага спевака Pan Savyan, які заваёўвае польскі інтэрнэт песняй на польскай мове "W kolorku amaretto".

яс