Беларуская Служба

22 маладых творчых беларусаў сталі лаўрэатамі сёлетняй прэміі «Gaude Polonia»

25.07.2025 18:49
Цягам паўгода яны рэалізуюць праекты пад кіраўніцтвам польскіх майстроў. Для стыпендыятаў прэмія часта становіцца пачаткам кар'еры ў іншых еўрапейскіх краінах.
Аўдыё
  • 22 маладых творчых беларусаў сталі лаўрэатамі сёлетняй прэміі «Gaude Polonia»
  Gaude Polonia
Уручэнне дыпломаў Gaude Polonia Беларуская служба Польскага радыё/Яланта Смялоўская

48 маладых артыстаў з Беларусі і Украіны атрымалі дыпломы «Gaude Polonia». На працягу шасці месяцаў яны рэалізавалі свае культурныя праекты: оперы, п'есы, а таксама мастацкія і візуальныя творы пад кіраўніцтвам польскіх майстроў, супрацоўнікаў розных культурных інстытутаў. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Палацы Рэчы Паспалітай у Варшаве.

Удзельнікі 24-й стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia» атрымалі дыпломы з рук міністра культуры Ганны Урублеўскай (Hanna Wróblewska) і дырэктара Нацыянальнага цэнтра культуры Роберта Пяскоўскага (Robert Piaskowski).

Дырэктар Пяскоўскі падкрэсліў, што некаторыя стыпендыяты «Gaude Polonia» звязаліся трывала з польскай культурай, сталі артыстамі польскіх сцэн або займаюць значныя пасады ў польскіх культурных установах.

— Некалькі прыкладаў: украінец Яраслаў Шэмет, кіраўнік Сілезскай Балтыйскай філармоніі, з'яўляецца нашым стыпендыятам; беларус Аляксандр Гумала — мастацкі кіраўнік Кракаўскай філармоніі; беларус Іван Урублеўскі, — мастацкі кіраўнік хору Вялікага тэатра. Гэтыя людзі наладзілі кантакты з польскімі майстрамі, рэжысёрамі, кіраўнікамі і прафесарамі ў акадэміях мастацтваў, тэатра і музыкі. Польшча часта з'яўляецца для стыпендыятаў трамплінам да кар'еры ў іншых еўрапейскіх краінах. Двое мінулагодніх стыпендыятаў, дзякуючы праекту, які быў звязаны з Вялікім тэатрам і Нацыянальнай операй, атрымалі кантракты ў Метрапалітэн-оперы.

Сярод лаўрэатаў сёлетняй прэміі «Gaude Polonia» — 22 маладых беларускіх людзей культуры, якія прадстаўляюць амаль усе віды мастацтва: ад кіно і тэатра, праз музыку, выяўленчае мастацтва, літаратурную творчасць па архіўную справу.

Алеся Пчолка, артыстка выяўленчага мастацтва, працавала ў Галереі «Арсенал» у Беластоку, дырэктарка Моніка Шэўчык таксама сёння з намі. Алеся займаецца падрыхтоўкай выдання «Руіны Беларусі», — растлумачыла каардынатарка праграмы «Gaude Polonia» Багуміла Бэрдыхоўская (Bogumiła Berdychowska).

Алеся Пчолка ў рамках стыпендыяльнай праграмы працавала над калекцыя, якая называецца «Руіны Беларусі» і ўяўляе сабой фотаздымкі чалавека на фоне руін, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Праца атрымае фармат кнігі на трох мовах, у яе будуць уваходзіць каля 500 здымкаў. Большая частка гэтых здымкаў сабрана з прыватных сямейных архіваў.

Таццяна Свірэпа з'яўляецца аўтаркай дакументальнага фільма «Беларусь 23.34» пра катаванні ў беларускіх турмах. Стыпендыя «Gaude Polonia» стварыла магчымасць спакойна працаваць над наступным фільмам.


Злева дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Роберт Пяскоўскі, Таццяна Свірэпа, міністр культуры Ганна Урублеўская (да 24.07.2025)  Злева дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Роберт Пяскоўскі, Таццяна Свірэпа, міністр культуры Ганна Урублеўская (да 24.07.2025)

Таццяна ў рамках стыпендыі пісала сцэнар да свайго новага дакументальнага гібрыдовага фільма з элементамі анімацыі. Фільм будзе называцца «Мне больш не страшна». Гэта гісторыя трох жанчын, якія ўцякалі з Беларусі ад палітычнага пераследу, а потым ад вайны ў Польшчу. Адна з гэраінь — Таццяна.

Праграма «Gaude Polonia» мае на мэце даць стыпендыятам магчымасць пазнаёміцца з сучаснай польскай культурай і развіваць свае творчыя навыкі пад кіраўніцтвам вядомых прадстаўнікоў польскай культуры з найбуйнейшых і найважнейшых культурных цэнтраў Польшчы. Кожнаму стыпендыяту прызначаюць ц'ютара-апекуна.

Караліна Сулей — ц'ютарка Тані Мэй, якая працуе з тканінай і ў перыяд стыпендыі яе праца была часткай паказу моды East Bound у Бруселі на заканчэнне старшынства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе, захапляецца крэатыўнасцю сваёй падапечнай.

— Таня мае шмат талентаў і выяўляе сябе як праз касцюмы, так і праз мяккія скульптуры. Мяккая скульптура — гэта скульптура з тканіны, якую можна апрануць. Для прэзідэнцкага паказу Таня стварыла касцюм, які пераклікаецца з фігурай Дзевы Марыі ў стылі «П'ета» і з жалобнай модай, якая як у Беларусі, так і ў Польшчы моцна асацыюецца са смуткам па радзіме і страчанай незалежнасці. Такім чынам, у канцы паказу моды, які доўжыўся паўтары гадзіны і ў якім удзельнічалі польскія, украінскія і беларускія мастакі, Мадонна выйшла з вялікай сукенкай-скульптурай і з маленькім дзіцём-скульптурай на руках, якую таксама стварыў стыпендыят «Gaude Polonia» мінулых гадоў. Гэта было вельмі кранальна. Гэта была Божая Маці, якая плача, і ў той жа час трохі падобная на шлюбную сукенку. У канцы паказу моды заўсёды паказваюць шлюбную сукенку. А мы зрабілі жалобную сукенку.

Паміж ц'ютарамі-апякунамі і стыпендыятамі наладжваюцца блізкія прыяцельскія сувязі. Часам здараецца цуд. Так як у выпадку Катажыны Рырых-Карчыньскай (Katarzyna Ryrych-Korczyńska) і беларускай пісьменніцы Аляксандры Хамянок.

Падрабязнасці слухайце ў далучаным гукавым файле

Стыпендыяльная праграма «Gaude Polonia» існуе з 2003 года. Для атрымання стыпендыі патрабуецца цікавая канцэпцыя праекта, станоўча ацэненая камісіяй і валоданне польскай мовай на камунікатыўным ўзроўні.

У папярэдніх праграмах «Gaude Polonia» было прысуджана больш за тысячу стыпендый, у тым ліку каля 200 беларускім маладым творцам.

Заяўкі на чарговую праграму, якая будзе рэалізаваная ў 2026 годзе, прымаюцца да 15 кастрычніка 2025 года.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы

Пачаўся набор на стыпендыяльную праграму Gaude Polonia

11.06.2025 12:12
Нацыянальны Цэнтр Культуры аб'яўляе набор заявак на XXIV выданне стыпендыяльнай праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Gaude Polonia на 2025 год