Курган Варшаўскага паўстання і Парк Акцыі «Бура» – гэта сімвалічнае месца на мапе Варшавы. Варта пацікавіцца ім не толькі пры нагодзе чарговай гадавіны гераічнага зрыву супраць нямецкіх акупантаў. У 2023 годзе ў згаданым месцы завяршыўся буйны праект па рэканструкцыі, які памяняў не толькі выгляд, але і прызначэнне гэтай зялёнай зоны ў цэнтры Варшавы. Запрашаем на размову з аўтарамі праекта па рэканструкцыі, прадстаўнікамі дзвюх архітэктурных студый: Archigrest i topoScape, якія раскажуць не толькі пра гісторыю згаданага месца, але таксама пра ідэі, якімі накіроўваліся падчас працы над праектам.
Курган Варшаўскага паўстання. Здымак: zzw.waw.pl
Гісторыя Кургана Варшаўскага паўстання бярэ свой пачатак з Другой сусветнай вайны – ён узнік падчас паваеннай рэканструкцыі Варшавы. Каб пачаць працэс адбудовы сталіцы, спачатку трэба было пазбавіцца ад мільёнаў тон друзу з разбураных будынкаў. Чэрнякоўскі курган, так ён тады называўся, быў адным з чатырох насыпаў такога тыпу, створаных з друзу ў пасляваеннай Варшаве, нагадвае архітэктар Марцін Марашэк(Marcin Maraszek) са студыі Archigrest:
- Гэта апошні з чатырох варшаўскіх курганоў, якія былі створаны з руін пасляваеннай Варшавы. Ён узнік як апошні і выкарыстоўваўся, як звалка найдаўжэй, то бок канца 1970-х, пачатку 1980-х гадоў. Яго ніколі не планавалі як парк, таму друз, які там знаходзіцца, гэта проста антрапагенны рэльеф, то бок найгоршыя магчымыя ўмовы грунту. Таму і рэальныя тэхнічныя праблемы. Гэта была проста смеццезвалка.
Гэтая прастора была вельмі праблематычная, як для людзей, так і для раслін, пацвярджае ландшафтны дызайнер Юстына Дзядзейка(Justyna Dziedziejko) з кампаніі topoScape:
- Карэнная глеба (мацярык), якую мы там знайшлі, была вельмі цяжкай для расліннасці, бо там было вельмі мала ўрадлівай глебы. І таму расліны, якія з'явіліся на кургане, гэта былі расліны-піянеры, якія маюць найменшыя патрабаванні для пражывання. Мы таксама назіралі за дынамікай росту раслін на архіўных фотаздымках кургана. І аказалася, што шмат гадоў курган быў узгоркам, пакрытым толькі травяністай расліннасцю. І толькі ў 1980-х гадах там пачалі зʼяўляцца маладыя дрэвы. Цяперашні выгляд кургана зʼяўляецца вынікам працяглай, натуральнай экалагічнай сукцэсіі і дзеяння так званай чацвёртай прыроды(чацвёртая прырода суправаджае чалавечыя паселішчы. Гэта відаў раслін, якія не сустракаюцца ў прыродзе, у натуральных асяроддзях пражывання – рэд.).
Многія гады Чэрнякоўскі курган зарастаў зёлкамі і хмызняком. Дзякуючы намаганням асяроддзя ветэранаў, у 2004 годзе, у 60-ю гадавіну пачатку Варшаўскага паўстання, гарадскі савет прыняў пастанову аб пачатку работ па ўпарадкаванні тэрыторыі і наданні гэтаму месцу назвы: Курган Варшаўскага паўстання. Вяршыню кургана прыбралі і ўсталявалі на ёй сімвал «Польшчы, якая змагаецца». 15-метровы сталёвы якар быў распрацаваны ўдзельнікам паўстання палкоўнікам Яўгенам Аеўскім псеўданім «Котва».
Помнік на вяршыні Кургана Варшаўскага паўстання. Здымак: Лена Вялічка,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
З боку вуліцы Бартыцкай была пабудаваная лесвіца, якую назвалі алеяй Гадзіны «W» (Гадзіна «W» – кодавая назва дня і гадзіны пачатку аперацыі «Бура» (Варшаўскага паўстання). Дзеянне пачалося ў аўторак, 1 жніўня 1944 года, а 17:00 – рэд.). З таго часу, штогод – 1 жніўня на кургане праводзяцца ўрачыстасці, прысвечаныя пачатку Варшаўскага паўстання:
- Мы дайшлі да архіваў ініцыятара стварэння гэтага помніка, Яўгена Аеўскага «Котвы». Ён быў удзельнікам паўстання, але таксама быў архітэктарам. Ён працаваў у Аддзеле сталічнай рэканструкцыі і быў аўтарам і прыхільнікам ідэі пераўтварэння Чэрнякоўскага кургана ў Курган Варшаўскага паўстання. Знаёмячыся з яго асабістым архівам, мы зразумелі, што курган ад пачатку быў задуманы, як месца ўшанавання памяці пра Варшаўскае паўстанне з аднаго боку, а з другога – месца адпачынку, месца жыцця, месца для людзей.
Менавіта, гэтая ідэя была працягнутая ў рамках апошняй рэканструкцыі кургана і парку. Апрача помніка, які атрымаў новую аранжыроўку, на плошчы, размешчанай на вяршыні кургана, была пабудаваная аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца панарама сталіцы. У сваю чаргу, у парку Акцыі «Бура» ля падножжа кургана, былі наладжаныя новыя пешаходныя сцежкі і цікавая зона адпачынку для дзяцей.
Дзіцячая пляцоўка ў Парк Акцыі «Бура». Здымак: zzw.waw.pl
Да помніка, на вяршыню кургана вядуць дзве дарожкі – адрамантаваная алея Гадзіны «W» і новапабудаваная пешаходныя сцежка, якая праходзіць праз яры, сцены якіх былі зроблены з дабытага падчас працы і пераапрацаванага друзу і бетону (gruzobeton). Паводле задумы аўтараў, з часам яны пакрыюцца мохам. Ландшафт дапаўняюць металічныя, пешаходныя масткі сярод дрэў.
Усё ж лейтматывам парку і кургана зʼяўляецца друз – сімвал трагічнай гісторыі сталіцы:
- Мы падышлі да друзу, як да сведкі гісторыі і выкарысталі яго ў многіх стратэгіях. Спачатку мы правялі інвентарызацыю таго, што было бачна на паверхні, адабралі найбольш цікавыя фрагменты будынкаў і зрабілі для іх пастаменты. Мы паказваем іх у розных месцах парку, як гатовыя скульптуры. Менш каштоўныя фрагменты, мы сабралі ў габіёны, гэта значыць вялікія пяціметровыя металічныя кошыкі. Яны ўтвараюць своеасаблівы лапідарый на ўваходнай плошчы – фон для гістарычнай выставы, якая паясняе значэнне гэтага месца, тое, як выглядала расчыстка руінаў і як выглядала аднаўленне Варшавы. Форма гэтай выставы нагадвае лабірынт.
Cвоеасаблівы лапідарый на ўваходнай плошчы - фон для гістарычнай выставы. Здымак: Лена Вялічка,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Вельмі зменлівы рэльеф кургана, які вынікае з яго геалагічнай будовы, ставіў перад аўтарамі праекта шматлікія выклікі:
- Нам давялося прыняць іншую стратэгію пасадкі раслін, таму што пасадка вялікіх дрэў з буйнымі каранямі была звязана са значнай рызыкай таго, што такія расады не прыжывуцца з-за мясцовых геалагічных умоў. Мы мелі справу з надзвычай жыццяздольнай прыродай, але з перавагай інвазійных відаў, таму нам давялося прыняць іншую стратэгію развіцця зялёных зонаў і проста дадавалі адпаведныя віды раслін. Мы ведалі, што не можам падысці да гэтага месца такім класічным чынам, бо тут гэта проста не спрацавала б з-за вышэй названых цяжкасцей.
Перш за ўсё, мы хацелі захаваць першапачатковую атмасферу і ландшафт месца. Мы пастараліся распрацаваць агульны план парку такім чынам, каб ён задавальняў патрэбы жыхароў рознага ўзросту, з рознымі патрэбамі і з рознымі абмежаваннямі, кажуць аўтары праекта:
- Гэтая нефармальная эстэтыка, якую мы сапраўды хацелі бачыць у гэтым месцы, абгрунтаваная вынікамі даследаванняў у галіне экалагічнай псіхалогіі, якія паказваюць, што менавіта, нефармальная, дзікая эстэтыка лепш уздзейнічае на людзей, чым такія барочныя, вельмі арганізаваныя паркі. Гаворка ідзе пра тое, што тут людзі могуць лепш выказваць сябе. Мы часта наведваем курган – зрабілі 50 экскурсій па парку і падчас адной з іх аказалася, што на вяршыні адбываецца пратэст у падтрымку ўкраінскіх ваеннапалонных. Гэта доказ таго, што гэта спантаннае месца, дзе можна рабіць крыху больш, чым, напрыклад, у Саксонскім садзе.
Элемент, які навязвае да гісторыі кургана. Здымак: zzw.waw.pl
У 2024 годзе Парк Акцыі «Бура» і Курган Варшаўскага паўстання былі прызнаныя Найлепшай грамадскай прасторай у Еўропе (European Prize for Urban Public Space), то бок узнагароджаны прэміяй, якую штогод уручае Цэнтр сучаснай культуры ў Барсэлоне. Раней праект атрымаў архітэктурную прэмію «Палітыкі», а таксама Гран-пры ў 10-м конкурсе Варшаўскай архітэктурнай прэміі і Міжнародную ландшафтную прэмію Landezine – LILA 2024(Landezine International Landscape Award):
- Найбольшае задавальненне мне прыносіць вялікая папулярнасць парку. Справа ў тым, што людзі сапраўды праводзяць тут шмат часу і вырашаюць арганізаваць розныя мерапрыемствы, напрыклад, для дзяцей. Факт, што гэты парк карыстаецца падтрымкай жыхароў – гэта, бадай, самая важная ўзнагарода для нас.
- кажа ландшафтны дызайнер Юстына Дзядзейка(Justyna Dziedziejko), а архітэктар Марцін Марашэк(Marcin Maraszek) заахвочвае слухачоў асабіста пазнаёміцца з эстэтыкай парку, які, паводле яго, можа быць выдатным адказам не толькі на спалучэнне месца памяці і адпачынку, але таксама на змены клімату.
Анна Задрожна