У зале фундацыі «Барак Культуры» — апошнія прыгатаванні да выставы, нехта з мастакоў яшчэ нешта папраўляе, дадае. А мы з куратаркай і мастацтвазнаўцай спадарыняй Вольгай падыходзім да кожнай працы, чытаем подпісы, дзелімся ўражаннямі.
У яе нібы прыўзняты настрой, але ў той самы час заўважнае хваляванне. Пытаю ў спадарыні, аб чым, на яе погляд, гэтая выстава і чаму «Золата Беларусі», якога ў самой Беларусі няма.
— Мы вырашылі назваць выставу «Золата Беларусі», бо лічым, што гэта не пра скарбы, а пра людзей, пра нацыю, пра іх асноўныя каштоўнасці. Я лічу, што ў беларусаў ёсць свае адметныя рысы, ідэі і сваё бачанне таго, што адбылося 9 жніўня 2020 года. Наша выстава — гэта ніякі не вынік і не аналіз, а мастакоўскія выказванні на розныя тэмы, звязаныя з гэтымі падзеямі. У дадзеным выпадку для мяне — гэта тэма салідарнасці, узаемадзеяння. І менавіта тут, у эміграцыі, гэта найбольш яскрава перажываецца. Гэта гісторыя пра мастацтва, якое працягвае свае тэмы і ідэі тут, у Польшчы, але безумоўна натхнёнае беларускімі падзеямі.
Прашу спадарыню распавесці пра кожную з прац, падзяліцца сваімі асацыяцыямі і думкамі.
Раман Трацюк: «Сярпы».
— Ну вось пачнём па чарзе. Раман Трацюк з яго серыяй «Сярпы» — гэта вельмі выбітны знак для яго, і ён шмат твораў прысвяціў менавіта гэтаму вобразу. У дадзеным выпадку гэта асацыяцыя з жаночым поглядам на пратэсты ў Беларусі. Канешне, гэта не канкрэтнае выказванне, а хутчэй разважанне мастака, пытанні, чым адказы на тыя ці іншыя тэмы.
Твор Аляксея Лунёва, які адлюстроўвае перавёрнутыя літары, — гэта безумоўна шлях, які сам мастак прайшоў, яго асабістая гісторыя. І гэта можа быць не канкрэтны шлях, а шлях умоўны, які праходзілі многія беларусы.
Сяргей Шабохін: «Пакутніцтва»
Серыя «Пакутніцтва» Сяргея Шабохіна — гэта пра выпрабаванні, праз якія праходзілі людзі ў 2020 годзе. Гэта рэальныя фатаздымкі, апрацаваныя па-мастацку, якія выглядаюць як знакі супраціву.
Аляксандра Вялічка: «Візуальная інтэрпрэтацыя прапаганды».
Працы Аляксандры Вялічка — гэта візуальная інтэрпрэтацыя прапаганды: як яна працуе, што робіць, як уздзейнічае на людзей. І сапраўды вельмі цікава, як мастачка знайшла форму, каб паказаць, што такое прапаганда, і каб гэта было зразумела і еўрапейскаму гледачу.
Потым ідуць артаб’екты, і кожны з іх таксама раскрывае ці ставіць тое альбо іншае пытанне. Вось тэма з пацярпелымі каталікамі, тэма, звязаная з вобразамі, што мы маем і чаго не маем, тэма з нашымі сімваламі — «Ева ў парламенце». Канешне ж, сцяг на вудачцы, з якім выходзілі тысячы людзей. Дарэчы, гэта прысвечана канкрэтнаму мастаку, які пачаў хадзіць на акцыі з дзесяцігадовага ўзросту. Гэта гісторыя таго, што ў Беларусі адбылося не толькі ў 2020 годзе, а пачалося значна раней, бо трыццаць гадоў дыктатуры — гэта сапраўды гісторыя, якая налічвае вельмі шмат розных падзей.
Цемра: «Ланцугі».
А вось твор Цемры, які не патрабуе асаблівага прачытвання. Тэма ланцугоў вельмі важная для беларусаў. І сапраўды беларускія мастакі здолелі распавесці пра той боль, які яны адчуваюць. Сённяшняе беларускае мастацтва не саромеецца тэм пакутаў, гвалту, арыштаў і наогул таго, што мы перажылі і адчуваем.
«Сцяг на вудачцы».
І яшчэ сюрэалістычны твор — кашуля з беларускім арнаментам. Але гэта кашуля з кінафільма «Маўчанне ягнят» пра канібала-лектара, і гэта таксама сюрэалістычны вобраз, які хутчэй больш задае пытанняў, чым дае адказаў. На мой погляд, гэта таксама тэма, звязаная з вельмі моцнымі эмацыйнымі перажываннямі, якія існуюць у беларускай тэматыцы.
— Спадарыня Вольга, вы як мастацтвазнаўца назіраеце за дзейнасцю беларускіх мастакоў у эміграцыі. На вашу думку, ці здолелі яны пераасэнсаваць падзеі 2020 года, ці гэты працэс працягваецца?
— Справа ў тым, што менавіта гэтыя падзеі для шмат каго сталі кропкай, з якой усё пачалося. З’явілася шмат новых тэм у мастацтве, шмат аўтараў. Нехта, трапіўшы ў эміграцыю, вырашыў, што праз творчасць будзе размаўляць, бо творчыя працы даюць больш шырокі спектр гэтай размовы, гэтых адценняў і тэм. А гэтыя тэмы — яны гуманістычныя, заўсёды важныя. Тэма свабоды, вольнасці, тое, што для кожнага чалавека істотнае. Гэта ўжо не мае нацыянальнага колеру. Гэта тэмы для ўсіх нацый, для ўсяго чалавецтва. І колькі б іх ні падымалі і ні абмяркоўвалі — іх усё роўна не будзе дастаткова, бо свабода ёсць свабода. І гэтае жаданне выказвацца вольна заўсёды будзе, і яго немагчыма адняць у чалавека.
Ілля Меджумаеў, суарганізатар выставы з боку фундацыі «Барак Культуры», згадвае, што ідэя выставы нарадзілася даволі спантанна — проста ў размове з мастакамі. І цяпер відаць, як шмат гэта значыць.
— Мы сабралі шмат цікавых сучасных беларускіх мастакоў, якія распавядаюць пра знаёмыя нам сюжэты праз незнаёмыя вобразы. Гэтая дата — заўсёды нагода быць разам, бо пяць гадоў таму я ўпершыню выйшаў на пратэст і ўпершыню пабачыў не толькі міліцыю з дручкамі, шчытамі і сабакамі, але і вялікую колькасць звычайных людзей. Мяне гэта настолькі ўразіла, і мне здавалася, што мы пераможам паслязаўтра… Для мяне гэта дата, каб памятаць, што мы разам, а таму гэтае мерапрыемства вельмі важнае, каб ізноў убачыць, што мы не адны.
«Золата Беларусі», паводле суразмоўцаў, — гэта голас мастакоў і мастачак, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, але не перасталі гаварыць.
Павел ЗАЛЕСКІ