Беларуская Служба

«Горкія зёлкі» замест помнікаў. Як мастацтва дапамагае не забыць пра ахвяр Халакосту

24.08.2025 13:06
Выстава Марыі Гвардзейцавай «Горкія зёлкі» пераасэнвоўвае памяць пра Халакост праз калажы, створаныя з зёлак і чалавечых матэрыялаў.
Аўдыё
  • Праект стварае прастору для роздуму пра ўшанаванне загінуўшых і ролю прыроды ў працэсе памяці, кажа аўтарка выставы Марыя Гвардзейцава.
     ,     , 21  2025 .
Марыя Гвадзейцава падчас адкрыцця аўтарскай выставы, Музей вольнай Беларусі ў Варшаве, 21 жніўня 2025 г. Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

У чацвер, 21 жніўня, у Музеі Вольнай Беларусі адбылося адкрыццё выставы Марыі Гвардзейцавай «Горкія зёлкі».Праект прысвечаны тэмам страты, памяці і Халакосту на землях «мяжы аселасці», дзе ў гады Другой сусветнай вайны былі знішчаны сотні тысяч яўрэяў. Месцы масавых расстрэлаў сёння ператварыліся ў палі і лясы, і мастачка даследуе, як прырода «загойвае» траўмы і што адбываецца з чалавечай памяццю.

Аснову выставы склалі зёлкі, сабраныя на месцах масавых расстрэлаў у Беларусі. Яны ператварыліся ў серыю калажоў і інсталяцый з элементамі цела і матэрыялаў, якія сімвалізуюць увасабленне памяці ў зямлі, раслінах і чалавеку. Праект стварае прастору для роздуму пра ўшанаванне загінуўшых і ролю прыроды ў працэсе памяці, кажа мастачка: 

— Я навучалася на курсе «Memory and Justice in Post-Conflict Societies» у Goldsmiths — гэта курс пра памяць і справядлівасць у пастканфліктных грамадствах. Гэта быў адзін з курсаў падчас майго мастацкага навучання, дзе я не магла рабіць выставы і перформансы, а мела проста пісаць эсэ. Вядома, я не бачыла сваёй сувязі, напрыклад, з генацыдам у Руандзе, але ў мяне ёсць асабістая сувязь з Беларуссю. Я з Беларусі, і да Другой сусветнай вайны ў маленькіх гарадках краіны 40% насельніцтва складалі габрэі. І ў адзін дзень іх знішчылі, а потым усе зрабілі выгляд, быццам гэтых людзей ніколі не існавала.

Таму я вырашыла пісаць эсэ пра мемарыялізацыю Халакосту ў Беларусі і Латвіі. У мяне ёсць досвед жыцця ў Латвіі — 9 гадоў, і гэтыя землі мне блізкія. Тэма таксама блізкія. Так я напісала эсэ, і як у любога мастака, усё гэта ператварылася ў мастацтва. Мяне вельмі ўразіла, што 95% месцаў масавых пахаванняў ахвяраў Халакосту сёння — гэта палі і лясы.

Для планеты гэтыя месцы ўжо загоеныя, няма адкрытых ран. Але да якой ступені нам трэба забываць нешта, каб працягваць памятаць — гэта мяне вельмі цікавіла і хацела даследаваць пытанне праз мастацтва. Так нарадзіўся праект «Горкія зёлкі», які вы можаце бачыць цяпер у Музеі Вольнай Беларусі.

Фрагмент выставы «Горкія зёлкі» Фрагмент выставы «Горкія зёлкі»

— З чаго складаецца выстава і якія мастацкія сродкі вы абралі, каб данесці свае думкі і перажыванні? Ці ёсць у зёлак канкрэтнае значэнне?

— Спачатку я працавала з метадам мастацкага даследавання, што можна назваць «Батанічны атлас». Я наведала каля 20 месцаў у Латвіі і Літве, а пяць месцаў у Беларусі, дзе адбываліся масавыя забойствы, наведалі мае сябры. У кожным месцы я збірала ўсе траўкі, якія там раслі, і складала поўную мапу раслін. Пасля збору матэрыялаў я зразумела, як рухацца далей.

Так з’явіліся калажы, кожны з якіх прысвечаны аднаму з месцаў масавых забойстваў у Латвіі, Літве і Беларусі. Можна пабачыць усе зёлкі, якія я сабрала, у  гэтых месцах. Дзесьці гэта мог быць толькі мох, бо больш нічога іншага там расце, напрыклад у Каўнасе. Там вялікі помнік і няма разнастайнасці раслін.

Каб паказаць сувязь паміж раслінным і чалавечым, я змешвала зёлкі з чалавечымі валасамі, і наклала гэта пад латэкс, зроблены з прынтоў чалавечай скуры: дзіцячай, сталых людзей, а нават маёй скуры — кожны калаж унікальны.

Я таксама стварыла невялікі пяціхвілінны фільм, зняты дронам, каб паказаць усе сезоны года на месцах масавых забойстваў. Аўдыё ў фільме — песня на ідыш пра хлопчыка Іцыка, які хацеў ператварыцца ў птушачку і спяваць для дрэва, але ў выніку ўсе персанажы песні загінулі. Гэта народная песня, якая адлюстроўвае трагедыю  габрэйскага народа.

І трэці медыум — фотаздымкі, якія з’явіліся нечакана і сталі часткай праекта. Я не магла сабраць зёлкі асабіста ў Беларусі, бо адмовілася ад грамадзянства яшчэ ў 2022 годзе, таму сябры дасылалі мне іх у рознай макулатуры. Разгортваючы часопісы на старонках з гэтымі зёлкамі, я пабачыла фатаграфіі з вельмі яскравымі сэнсам, або артыкулы, напрыклад «Мы і яны», што без маёй волі і задумы дало праекту дадатковы сэнс.

Для мяне было важна, каб праект, які ахоплівае Беларусь, Літву і Латвію, экспанаваўся ў музейных прасторах гэтых краін. Я ўдзячная Музею Вольнай Беларусі за магчымасць паказаць яго ў Варшаве беларускім гледачам.


. .

—  Як успрымаецца памяць пра Халакост у гэтых краінах? Мне здаецца, тэма дагэтуль не перажытая, і ў кожнай з гэтых краін з розных прычын застаецца пад моцным табу. 

— У Савецкі час і пасля яго ў Беларусі матэрыялізацыя Халакосту ішла праз савецкую прызму, тэма амаль адсутнічае ў грамадскай прасторы. Папулярныя помнікі — невядомым салдатам, а загінулі пераважна дзеці, сталыя людзі і жанчыны. Важную ролю ў Беларусі ў гэтым пытанні адыграюць грамадзянскія і яўрэйскія арганізацыі, якія працуюць над беларускай яўрэйскай памяццю і робяць важную працу, хаця дзяржава працягвае савецкую традыцыю.

У Літве сітуацыя таксама складаная. Там ёсць вуліцы, названыя ў гонар людзей, якія ўдзельнічалі ў забойствах яўрэяў, а акадэмічныя і адукацыйныя ўстановы носяць імёны асоб, адказных за масавыя забойствы. Шмат намаганняў робіцца, з’яўляюцца новыя інстытуцыі, якія займаюцца захаваннем памяці пра Халакост і адукацыяй  літоўскага грамадства, праца працягваецца.

Памяць цікавая рэчы, яна заўсёды палітызавана. Дзяржава імкнецца яе кантраляваць, упіхнуць у нейкія межы ці шаблоны. Задача майго праекта — падштурхнуць гледача задумацца: ці ўсё адбываецца так, як павінна? Уласна таму для мяне важна, каб кожны, хто пабачыць мой праект, задумаўся: што мы памятаем і як гэта ўплывае на нас сёння? (...)

Адкрыццё выставы «Горкія зёлкі» Адкрыццё выставы «Горкія зёлкі»

Марыя Гвардзейцава  — візуальная мастачка, жыве ў Лондане. Выпускніца Goldsmiths (MA Arts and Politics), таксама вучылася ў Sotheby’s Institute of Art. У сваіх працах даследуе памяць, страты і палітыку праз спалучэнне дакумента і мастацкіх метафар.

Выстава «Горкія зёлкі» будзе адкрыта ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве да 6 верасня (аўторак–пятніца: 16:00–20:00, субота–нядзеля: 12:00–20:00). Уваход вольны. Адрас: вул. Фоксаль 11, Варшава.

Размаўляў Эдуард Жолуд