У вёсцы Катоўка каля Гайнаўкі прайшоў учора (31.09.2025) юбілейны, соты канцэрт.
Арганізатары фэсту прыносяць культуру нават у самыя маленькія вёскі, дзе даўно, ці нават ніколі, не праводзілася ніякіх мерапрыемстваў.
Людзі збіраюцца і прыносяць радасць у вёску. Яны прыязджаюць з розных месцаў. «Нам, пенсіянерам, няма чаго рабіць, таму мы ідзем услед за фэстам» — кажуць гледачы.
Паводле слоў Гелены Бандарук з гурта «Цаглінкі», гэта магчымасць паназіраць за рэпертуарам і стылем выканання іншых гуртоў, а таксама пазнаёміцца з публікай.
«Гэтыя фэсты аб'ядноўваюць маладое і старое пакаленне, а таксама жыхароў вёсак і гарадоў. Гэта таксама магчымасць сустрэцца людзям, якія выраслі ў адной і той жа беларускай традыцыі і культуры. Калі мы ладзілі першыя фэсты 17 гадоў таму, мы хацелі паказаць старэйшым людзям у паміраючых вёсках Беласточчыны, што моладзь іх памятае, і прынесці ў іхнае жыццё трохі колеру і радасці. Мяркуючы па рэакцыі публікі і колькасці гледачоў, пастаўленая мэта была дасягнута» - кажа арганізатар і ініцыятар мерапрыемства Тамаш Ціханюк з Беларускага музея ў Гайнаўцы.
У Катоўцы на фесце І тут жывуць людзі пабываў з мікрафоман Рафал Андрасюк
У наступную нядзелю (7 верасня) адбудзецца чарговы фэст «І тут жывуць людзі». Другая сотня серыі адкрыецца мерапрыемствам у вёсцы Спічкі ў гміне Орля.