У варшаўскім клубе Progresja надоечы было чуваць амаль выключна беларускую мову. На свята беларускай музыкі – Фэст GRAJ – прыйшлі шматлікія прыхільнікі творчасці зорак рок-музыкі і хітоў папулярнай эстрады.
Выступілі такія вядомыя гурты, як «Бяз назвы», «Петля пристрастия», Naviband, «Крамбамбуля», Sw@da x Niczos. Арганізатары вырашылі сабраць у адным месцы розныя калектывы, каб прадставіць найлепшыя трэнды беларускай музыкі, – гаворыць Іна Cянкевіч.
— Розныя гурты, розная музыка. Бачу, што ў гэтым годзе прыйшло шмат людзей з малымі дзецьмі. Здагадваюся, што гэта прыхільнікі гурта Naviband, які любяць дзеці. Так што маладыя слухачы таксама падцягваюцца. Будзем спадзявацца, што яны і далей будуць слухаць беларускую музыку.
Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук.
Было бачна, што многія чакаюць выступу групы Naviband. І яны не падвялі публіку, раскалыхалі слухачоў цудоўнымі гукамі сваіх лірычных кампазіцый. А яшчэ ў гэты дзень Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка адзначалі гадавіну свайго шлюбу.
Ксенія Жук: Даволі часта здараецца святкаваць нейкія нашы святы на сцэне. Гэта кранальна і радуе нас, таму што столькі гадоў разам, займаемся адной справай. І адсвяткаваць свята на сцэне – гэта вельмі каштоўна.
— А як вам жывецца ў Польшчы?
Арцём Лук’яненка: Мы сумуем па дому. Мы працягваем пісаць больш песень, каб не думаць пра сум, а захоўваць беларускую культуру.
Ксенія Жук: І трымацца надзеяй, што мы зайграем яшчэ не раз у Беларусі.
Гурт "Бяз назвы". Алесь Лютыч - пасярэдзіне.
Падчас выступлення гурта «Бяз назвы» быў іншы, значна больш энергічны настрой. А з якім настроем ехаў на выступленне ў Варшаву Алесь Лютыч?
— Мы ехалі з адной думкай – данесці да ўсіх беларусаў, а таксама іншых нацыянальнасцяў – да палякаў, афрыканцаў і іншых – нашу беларускую музыку. Яна мае свой смак, свой каларыт, наш рок вельмі моцны і якасны. Публіка нас проста выціснула, але мы іх таксама, мы не здаваліся. А я яшчэ столькі ж адыграў бы. Але 5 снежня запрашаем на наш сольны канцэрт у Варшаве. Прыходзьце, будзем рабіць петарду!
Лявон Вольскі са сваёй «Крамбамбуляй» упершыню выступаў у Варшаве пасля доўгага перапынку. «Хопіць ужо спяваць пра цяжкую долю беларусаў, нам трэба больш аптымізму», — заклікаў Лявон у размове з нашым радыё.
— Мы з «Крамбамбуляй» стараемся даваць станоўчы настрой. Будуць, канешне, і змагарскія песні, ад гэтага нікуды не падзецца. Але наспеў час вярнуць беларускаму народу пазітыўны настрой, а не толькі спяваць пра гаротную долю беларускага народа, пра тое, што ўсё кепска. Крыху больш аптымізму, што ўсё зменіцца неўзабаве, а гэтае «неўзабаве» можа цягнуцца да года па пяці і крыху болей. Тым больш, што я і сам у гэта веру. Нежыццяздольная цемра, якая ахапіла нашую зямлю, не можа быць вечнай.
Вячаслаў Радзівонаў — адзін з гледачоў:
— Такі фестываль немагчыма было абмінуць увагай. І «Крамбамбуля» не выступала ў Варшаве вельмі даўно, і новы гурт «Прыпяць» дэбютаваў… Усе гурты вельмі цікавыя, мы з вялікай асалодай прыйшлі паглядзець на іх. Я хацеў бы, каб беларусы не забываліся на беларускую музыку і часцей прыходзілі на такія мерапрыемствы. Гэта вельмі важна і для творцаў, і для людзей — захоўваць сваю ідэнтычнасць.
Яраслаў Кірвель са сваёй карцінай, прададзенай на аўкцыёне за 777 злотых.
Беларускі мастак Яраслаў Кірвель вучыцца ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў. Ужо на чарговым фэсце ён малюе карціны падчас канцэртаў беларускіх гуртоў.
— Адзін маіх жывапісных цыклаў — маляванне падчас музычных канцэртаў. Год назад я зрабіў малюнак гурта «Дзецюкі», які зараз прадаўся за 777 злотых. Я збіраюся працягваць гэты цыкл, гэта невымерная перадача энергіі. На гэтым канцэрце я таксама малюю. Цяпер грае гурт «Крамбамбуля», пазней будзе Sw@da x Niczos, іх я таксама хачу намаляваць.
Слухайце далучаны гукавы файл
нг